Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ — «Карандашу»: «Журналісты — не экстрэмісты»


Алена Рыбак, адміністратарка друкарні «Карандаш»
Алена Рыбак, адміністратарка друкарні «Карандаш»

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася па тлумачэньні да прыватнага прадпрыемства «ДатаПрынт» у Менску наконт адмовы надрукаваць мапу Ўсходніх могілак на замову Радыё Свабода.

Да афіцыйнага запыту прыкладзена паштоўка «Журналісты — не экстрэмісты», выпушчаная Эўрапейскай фэдэрацыяй журналістаў у межах кампаніі «Станем за журналістыку». Паштоўка адрасавана таксама пэрсанальна адміністратарцы друкарскага цэнтру «Карандаш» Алене Рыбак з павільёна № 2, паведамляе прэс-служба БАЖ.

31 кастрычніка Алена Рыбак адмовілася прыняць замову на друк мапы Ўсходніх могілак Менску ў прадстаўнікоў Радыё Свабода. Яна спаслалася на службовую інструкцыю, паводле якой «ДатаПрынт» не займаецца друкам матэрыялаў парнаграфічнай, экстрэмісцкай, нацысцкай, антыдзяржаўнай скіраванасьці, а таксама агітацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць прыкметы перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па пытаньнях рэфэрэндуму і тых, якія могуць быць ужытыя падчас правядзеньня грамадзка-палітычных акцыяў і кампаніяў.

У зьвязку з гэтым БАЖ просіць дырэктара фірмы Юрыя Матусевіча афіцыйна патлумачыць, ці існуе ў «ДатаПрынт» гэтая інструкцыя і якія пункты яна ў сябе ўключае, ці ёсьць у прадпрыемства орган альбо службовая асоба, у чыю кампэтэнцыю ўваходзіць аднясеньне матэрыялаў да згаданай скіраванасьці, на падставе якіх нарматыўна-прававых актаў дзейнічае гэты орган альбо службовая асоба. Таксама БАЖ хоча высьветліць, якія нормы згаданай інструкцыі ці прававых актаў Беларусі парушыў заказчык, які жадаў надрукаваць мапу Ўсходніх могілак.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
«Мы бачым, які сумнеўны „плён“ даюць заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, зьмены ў правілы ліцэнзаваньня паліграфічнай дзейнасьці і захады Міністэрства інфармацыі ў дачыненьні да прыватнага выдавецтва „Логвінаў“. Калі гэтаму не супрацьстаяць, у краіне запануе цэнзура, быццам бы забароненая Канстытуцыяй. Прычым для гэтага ўжо ня будзе патрэбы даручаць абавязкі дырэктара друкарні намесьніку міністра інфармацыі, як гэта было ў 2001 годзе з друкарняй „Мэджык“. Друкарні і выдавецтвы будуць рабіць гэта самі, з уласнай ініцыятывы», — сказаў намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.

У 2001 годзе першы намесьнік старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімер Глушакоў, які адначасова выконваў абавязкі дырэктара прыватнай друкарні «Мэджык», спрабаваў выконваць функцыі цэнзара і ўмешвацца ў дзейнасьць выданьняў. Ён сарваў выпуск газэты «Рабочы», два спэцвыпускі «Предпринимательской газеты» выйшлі зь «белымі плямамі». Глушакоў запатрабаваў зьняць матэрыялы з нумароў газэтаў «Народная воля» і «Беларуская маладзёжная», пагражаючы забараніць друк накладу. Чарговы нумар газэты «Народная воля» выйшаў тады зь «белымі плямамі».

Напярэдадні Дзядоў Радыё Свабода падрыхтавала мапу Ўсходніх могілак «Беларускі нэкропаль» з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак менская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць замову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG