ПАДЗЕІ ДНЯ
Віцебск. У памяшканьні Арт-базы Vitebsk4.me (вул. Кастрычніцкая, 13) адбудзецца вечарына-прэзэнтацыя паэтычных кніг Анатоля Івашчанкі і Ўсевалада Сьцебуракі – «Хай так» і «Бег па самаадчуваньні». Спэцыяльная госьця імпрэзы – бард Тацьцяна Беланогая, якая прэзэнтуе свой новы альбом «Сьвятло і цені!». Пачатак а 18:00.
Менск. У галерэі «Ў» галерэя «Мастацкая ніша» прадстаўляе творчасьць маладых літоўскіх мастакоў пад агульнай назвай «Сынхранізацыя»: жывапіс Яланты Кізікайце і Канстанцінаса Гайтанжы, фільмы відэамастака Рымаса Сакалаўскаса і галяграфічную інсталяцыю скульптара Альгіса Каспаравічуса. Прэс-канфэрэнцыя адбудзецца а 15.00, адкрыцьцё а 19.00. Уваход вольны.
Горадня. У офісе ГА «Цэнтар «Трэці Сэктар» (вул. Будзёнага 48А – 63) пройдзе дыскусія «Функцыі культуры ў грамадзтве». Пачатак а 18:30.
Менск. У літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа будзе адкрытая выстава, прысьвечаная творчасьці Крыстыёніса Данелайціса з нагоды 300-годзьдзя з дня яго нараджэньня і 90-годзьдзя паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Пачатак а 16.00.
Менск. Група кампаній «Менка» і Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзяць міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю «Гісторыя гандлю ў Беларусі (з старажытных часоў да канца ХХ ст.): Праблемы вывучэньня і пэрспэктывы дасьледаваньня». Інстытут гісторыі НАН Беларусі
Менск. У кавярні LOFT (вул. Броўкі, 22) адбудзецца спэктакль паводле тэксту Паўла Пражко «Гаспадар кавярні». Пачатак а 19:00
ЁСЬЦЬ НАГОДА
Сусьветны дзень барацьбы з дыябэтам.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1915 – у Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Заснавала яе Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Маршалкам Таварыства быў Вацлаў Іваноўскі, а ягонымі намесьнікамі – Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве такіх школак будзе адкрыта дзясяткі, а праз чатыры гады пачне працу славутая Віленская беларуская гімназія.
1919 – генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч падаў заяву пра пераход са сваім атрадам на службу БНР.
1920 – пачалося Слуцкае ўзброенае паўстаньне за аднаўленьне незалежнасьці БНР, у часе якога Случчына была абвешчана тэрыторыяй БНР.
1922 – у Вялікабрытаніі пачала вяшчаць радыёкампанія Бі-Бі-Сі.
1926 – у Менску пачалася 1-я Беларуская акадэмічная канфэрэнцыя ў пытаньнях рэформы беларускага правапісу і азбукі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1757 – Казімір Нестар Сапега, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, удзельнік паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.
1812 – Паўлюк Багрым, паэт.
1840 – Клод Манэ, францускі мастак-імпрэсіяніст.
1881 – Аляксей Кайгарадаў, акадэмік, кліматоляг і геафізык.
1900 – Нічыпар Чарнушэвіч, паэт.
1902 – Міхась Машара, пісьменьнік і грамадзка-палітычны дзяяч.
1905 – Міхась Васілёк, беларускі паэт.
1907 – Астрыд Ліндгрэн, швэдзкая дзіцячая пісьменьніца, аўтарка кніжак пра Малыша і Карлсана.
1912 – Янка Золак, паэт.
1933 – Леанід Пракопчык, і краязнавец і пісьменьнік.
1950 – Уладзімер Кін-Камінскі, актор.
У гэты дзень памерлі:
1359 – Рыгор Палама, праваслаўны багаслоў.
1398 – Андрэй Васіла, першы віленскі біскуп.
1716 – Готфрыд Лейбніц, нямецкі матэматык і філёзаф.
1831 – Георг Гегель, нямецкі філёзаф.
1986 – Мікола Ўлашчык, гісторык і археограф.
2008 – Генадзь Кісялёў, гісторык, літаратуразнавец, пісьменьнік і археограф.
2008 – Аляксандар Дракахруст, паэт і перакладчык.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Наша мова – бярозавік весьні,
Аксаміт жаўруковае песьні,
Шум гаёў, пушчы грознае голас,
Акавітай успоены колас,
Матак нашых пяшчоты адвеку,
Отмуць-вір у вазёрах і рэках,
Васілёк сінявокі ў збожжы,
Агняцьвет нашай сілы, дар Божы.
Янка Золак, верш «Наша мова»