Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геній безь біяграфіі


На ўроку альхіміі сядзіць хімэра і вучыць нас, што літаратура — гэта перадусім біяграфія. Што немагчыма пісаць кніжкі, ня маючы яго — прызнанага ўсімі Жыцьцёвага Досьведу. У савецкі час пісьменьнікі ехалі па яго ў калгасы і ішлі на заводы, дый несавецкім абавязкова трэба было кудысьці выпраўляцца: на вайну, хай сабе маленечкую, у эміграцыю, паліцыю, апазыцыю. На благі канец хаця б у найбліжэйшую піцэрыю... Карацей, да людзей, з галавой у іх канфлікты і каханьні. Каб слухаць іншых і запамінаць, каб пабачыць, якое яно — «сапраўднае жыцьцё». І вось тады ўжо — можна пісаць шэдэўры.

Між тым яшчэ сто гадоў таму Пруст давёў сьвету, што вялікім пісьменьнікам можна быць і безь біяграфіі. Ну чым, урэшце, ён займаўся палову адпушчанага яму «страчанага часу»? Збольшага тусаваўся ў салёнах і на загарадных вілах. У перапынках хварэў. Часам спрабаваў зажыць нармальным жыцьцём, пайсьці ў вайскоўцы, напрыклад, і ўсё ж зьляпіць сабе курыкулюм вітэ — і адступаў, паранены такім грубым самападманам. Потым больш за дзесяць гадоў праседзеў у закаркаваным, як бутэлька яго любімага шампанскага «Мадам Кліко», пакоі і пісаў пра ўсё гэта. Пра перажытае маленькім капрызьлівым чалавекам з багатым кругаглядам і бедным жыцьцём. Пра найвялікшае ўзрушэньне, побач зь якім бляднеюць усе рэвалюцыі і вялікія пераломы зь іхным урачыстым гіпсам:

«Неўзабаве я, засмучаны гэтым цьмяным днём і прадчуваньнем маркотнага заўтрашняга, машынальна паднёс да вуснаў лыжку з гарбатай, у якой размачыў кавалачак мадленкі. Але ў тое імгненьне, калі гарбата, у якой плавалі крышкі пірожнага, дакранулася майго нёба, я здрыгануўся — маю ўвагу прыцягнула нешта незвычайнае, што адбылося ўва мне. Мяне апанавала і адгарадзіла ад сьвету цудоўная радасьць, хаця прычыны яе былі мне невядомыя. Зь яе волі жыцьцёвыя нягоды адразу ж зрабіліся мне абыякавымі, бедзтвы жыцьця — бясшкоднымі, яго кароткая працягласьць — ілюзорнай, быццам бы любоў перапоўніла мяне сваёй каштоўнай сутнасьцю; дакладней, гэтая любоў была не ўва мне, яна была мной самім. Я забыўся пра сваю пасрэднасьць, выпадковасьць, сьмяротнасьць. Адкуль прыйшла да мяне гэтая радасьць, што мае такую ўладу? Я падазраваў, што яна неяк зьвязаная са смакам гарбаты і пірожнага, але бясконца большая за яго, яна нейкай іншай прыроды. Адкуль прыйшла яна? Што значыла? Як яе спасьцігнуць?..»

Пячэнька... Пячэнька «Мадленка». І гэта ў час, калі сонца цэлай Эўропы заходзіла, калі яе мэлянхолія перарасла ў шызафрэнію, калі ўсё вакол руйнавалася і трашчала.

А ў выніку ўсё адно атрымаўся шэдэўр. Безь ніякай асаблівай біяграфіі. Бо галоўныя жарсьці сьвету адбываюцца ў нас саміх. Самае цікавае на сьвеце — гэта нашы прыватныя, нутраныя, нікому не цікавыя жарсьці, кажа Пруст. Вось дзе цуд. Вось дзе пакута. Вось дзе галоўны сэнс. І ня трэба ісьці на якую вайну, кажа гэта салённы хлышч, вечны няшчасны хлопчык з сур’ёзнымі вачыма, сумнымі, як у наркамана або генія.

І як кажа. Яго проза ліецца бесьперапынна і плаўна, як фізраствор. Калі ты ўмееш чытаць Пруста (а ты ўмееш, проста баішся) — табе не пазьбегнуць адчуваньня, што ў цябе ў грудзях, там, дзе звычайна сьціскаецца сьветлы плач па ўсім страчаным, тырчыць канец матавай шкляной трубкі. А другі — у вар’яцкай кнізе, напісанай ні для кога. Застаецца пазайздросьціць тым, хто можа прачытаць усё гэта гэта па-француску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG