Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранты справы Піліпца ня лічаць сябе вінаватымі


Віктар Піліпец
Віктар Піліпец

Магілёўскі абласны суд разглядае крымінальную справу супраць былога старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца.

Яго вінавацяць у злоўжываньні службовым становішчам пры разьмеркаваньні кватэраў. Акрамя Піліпца, у статусе абвінавачаных па справе праходзяць чацьвёра службоўцаў з гомельскага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва. Яны, паводле сьледзтва, таксама ўдзельнічалі ў незаконным разьмеркаваньні кватэраў, чым нанесьлі шкоду грамадзянам, дзяржаўным ды грамадзкім інтарэсам.

З абвінавачваньня вынікае, што службоўцы арганізавалі злачынны мэханізм дзеля карысьлівых інтарэсаў. Пазьбягаючы нарматыўных перашкодаў, разьмяркоўвалі кватэры ў шматпавярховых дамах між сваякамі і знаёмымі па заніжаных коштах, а таксама афармлялі ўгоды па набыцьці кватэраў на падстаўных асобаў. Махінацыі з кватэрамі службоўцы выдавалі за прыцягненьне дадатковых інвэстараў.

У матэрыялах справы згадваецца 27 кватэраў. У 2011 годзе іх прадавалі па цэнах, якія былі на момант прыёму ў эксплюатацыю, а не па рынкавых. Розьніца між цаной продажу і рынкавай, як гаворыцца ў абвінавачаньні, склала больш за 3 мільярды 652 мільёны рублёў. Кватэры павінны былі выдзяляцца людзям, якія жывуць у дамах пад знос ці непрыдатных для пражываньня.

Дом Віктара Піліпца
Дом Віктара Піліпца
Дзеяньні службоўцаў, паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, падрываюць давер грамадзян да інстытутаў дзяржаўнай улады.

Акрамя былога старшыні Гомельскага гарвыканкаму, у злоўжываньнях службовым становішчам і дапамозе ў зьдзяйсьненьні гэтага злачынства абвінавачваюцца былыя дырэктар упраўленьня капітальнага будаўніцтва Гомеля Ігар Адарчанка, яго намесьнік па эканоміцы і фінансах Валер Барысевіч, начальнік жыльлёва-інвэстыцыйнага аддзелу Антаніна Зелянок ды начальнік плянава-дагаворнага аддзелу Ала Нізкоўская.

Віктар Піліпец і супрацоўніца ўправы капітальнага будаўніцтва Ала Нізкоўская ў залі суду знаходзяцца на закратаванай лаве падсудных. Звонку яны выглядаюць спакойнымі.

5 лістапада суд не задаволіў хадайніцтва іхніх адвакатаў пра зьмяненьне меры стрыманьня. Былы старшыня гомельскага гарвыканкаму свае віны не прызнаў.

У абвінаваўчым акце, які агучыў на судзе пракурор Дзяніс Кічыгін, гаворыцца, што Віктар Піліпец зьбіраўся набыць па заніжаных коштах чатыры кватэры — дзьве для сябе і дзьве для дачкі. Ён жа зацьвярджаў дакумэнты па незаконна разьмеркаваных кватэрах і не прадухіляў злачынстваў, ведаючы пра іх.

Не прызнала сваёй віны і Ала Нізкоўская. Яна заявіла, што ў яе дзеяньнях не было злачынных намераў.

Сваю пазыцыю абвінавачаныя выкажуць пазьней. На наступным судовым пасяджэньні 11 лістапада будуць заслуханыя паказаньні сьведак. Судовы працэс праходзіць пад старшынствам судзьдзі Сяргея Конева.

Віктара Піліпца арыштавалі ў верасьні 2012 году. Яму пагражае да 10 гадоў турмы. Вядома, што ўсе незаконна разьмеркаваныя кватэры вернутыя дзяржаве.


Гомель: махінатары з гарвыканкаму


На пасадзе старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец быў няпоўныя тры гады — з кастрычніка 2009-га па верасень 2012-га. Сьледчы камітэт, выставіўшы абвінавачаньне былому кіраўніку гораду і яго падначаленым з управы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму, канстатаваў, што праз махінацыі зь дзяржаўнымі кватэрамі бюджэт не атрымаў 3,8 мільярда рублёў. Нанесена істотная шкода гараджанам, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам.

Махлярствы з кватэрамі ў Гомелі пачалі раскручваць увесну 2012 году — спачатку КДБ, а потым Сьледчы камітэт.

Першымі затрымалі кіраўнікоў управы капітальнага будаўніцтва — Ігара Адарчанку й Валера Барысевіча. У жніўні вызвалілі ад пасады старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца. Яго перавялі фармальна на іншую працу, а ўжо ў верасьні — арыштавалі.

Сьледзтва ўстанавіла, што старшыня гарвыканкаму Віктар Піліпец, дырэктар управы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму Ігар Адарчанка, намесьнік Адарчанкі па эканоміцы й фінансах Валер Барысевіч, а таксама начальнікі жыльлёва-інвэстыцыйнага й плянава-дагаворнага аддзелаў Антаніна Зелянок і Ала Нізкоўская ў верасьні-кастрычніку 2011 году незаконна выдзелілі сабе, сваім сваякам, блізкім ды знаёмым кватэры ў шматпавярховых жылых дамах.

Частку кватэраў аформілі на падстаўных асобаў па заніжаных цэнах. Адпачатку ж прызначаліся гэтыя кватэры людзям, жытло якіх падпадала пад знос. У прыватнасьці, жыхары вуліцы Барыкіна, чые прыватныя дамы зьнесьлі, каб пашырыць праежджую частку.
Ну, пабудавалі б побач дом для нас — і расьсялілі… А то прапануюць будавацца ў вёсках

Сталага веку гараджанін Мікалай, чый дом таксама трапіў пад знос, абураўся, што гарадзкія ўлады прапаноўвалі ахвотным пераносіць свае дамы ў прыгарадныя вёскі — Раманавічы, Прыбар. І кватэры прапаноўвалі далёка ад вуліцы Барыкіна:

«Ну, пабудавалі б побач дом для нас — і расьсялілі. А то на вуліцы Фрунзэ работнікам гарвыканкаму даюць цудоўнае жытло з усімі выгодамі. Чаму б людзям там ня даць?! А то прапануюць будавацца ў вёсках Раманавічы, у Прыбары, недзе за Валатавой. Як гэта так? Тут што — ня людзі, а сьвіньні?»

Пэнсіянэрка Варвара зь сям’ёй сына вымушана перасялялася з прыватнага дома ў кватэру ў мікрараён Валатава — за дзесяць кілямэтраў. Прычым гарадзкія ўлады адмовіліся ўлічыць склад сям’і:

«Нам выдзелілі дзьве двухпакаёўкі, бо там у нас было звыш 100 квадратных мэтраў. Я прасіла для сябе аднапакаёўку як для старога чалавека, а дзецям — трохпакаёўку. Не далі — няма ў іх. Колькі мы ні біліся — я й плакала, ва ўправу капітальнага будаўніцтва хадзіла, казала, што ня згодная. І паверх прасіла, каб не вышэй за другі ці трэці, бо я пажылы чалавек, — не далі!»

Яшчэ да суду Сьледчы камітэт падаў у мэдыі інфармацыю, што гарадзкія чыноўнікі разьмеркавалі сваякам і «патрэбным людзям» па заніжаных коштах 25 кватэраў. Потым некаторыя зь іх перапрадалі кватэры й атрымалі прыбытак.

У зьвязку з кватэрнымі махінацыямі страцілі пасады некаторыя чыноўнікі аблвыканкаму, у тым ліку першы намесьнік старшыні Аляксандар Баранаў, памочнік старшыні Аляксандар Урубель, а таксама памочнік прэзыдэнта ў рэгіёне — галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка.

Праз суды на падставе пазоваў пракуратуры сёлета пачалі забіраць кватэры ў тых, хто атрымаў іх па заніжаных коштах. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, ня ўсе кватэры вызваленыя. А тыя, што сталі вольнымі, нанава не пераразьмяркоўваліся.

Асобныя высокапастаўленыя чыноўнікі наагул ухітрыліся даплаціць за бюджэтныя кватэры — і іх не пазбавіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG