Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха справы Піліпца: масавыя высяленьні ў Гомелі


У Гомелі высяляюць людзей, якія атрымалі кватэры ў выніку махлярства вышэйшых гарадзкіх чыноўнікаў.

У скупой інфармацыі, якую падаў у мэдыі Сьледчы камітэт пасьля арышту экс-старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца, згадвалася пра 25 кватэраў, якія гарадзкія чыноўнікі разьмеркавалі сваякам ці «патрэбным людзям» па заніжаных коштах. Потым некаторыя зь іх перапрадалі кватэры па значна вышэйшых коштах.

Прадстаўнік адной з гарадзкіх службаў пацьвердзіў, што акурат гэтыя кватэры і адсуджвае цяпер гарвыканкам:

«У прынцыпе, на ўсіх падалі. Удалося адсудзіць на сёньня калі пятнаццаці кватэраў».

Гэта ў першую чаргу кватэры ў дамах на вуліцах Сьвірыдава, Галавацкага, Мазурава, якія будаваліся за бюджэтныя грошы, а пазьней з падачы ўправы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму разьмяркоўваліся «патрэбным людзям». Кватэры ў першую чаргу прызначаліся гараджанам, чые дамы пайшлі пад знос, а зямлю забралі на так званыя агульнагарадзкія патрэбы.

Спэцыялісты гарвыканкаму не жадаюць дзяліцца інфармацыяй наконт адсуджаных кватэраў, якія, паводле рашэньняў суду, вярнуліся назад гораду:

«Людзі няхай абмяркоўваюць, але гэтая інфармацыя не падлягае агалошваньню».

Старшынём Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец быў прызначаны ў кастрычніку 2009 году. Да гэтага працаваў памочнікам прэзыдэнта, галоўным інспэктарам па Віцебскай вобласьці.

Кар’ерны рост Піліпца пачынаўся ў Калінкавіцкім раёне — ад дырэктара саўгасу да старшыні выканкаму. Вяскоўцам ён запомніўся тым, што «моцнай рукой» выхоўваў мэханізатараў і пашыраў пасевы кукурузы.

У Гомелі пры Ільінінскім спуску для Віктара Піліпца тэрмінова ўзьвялі дыхтоўны дом. У афіцыйных паперах яго падавалі як службовы. Пасьля арышту Піліпца ў верасьні 2012 году сям’я пакінула дом № 36 на вуліцы Пралетарскай, і цяпер ён пустуе.
Дом Віктара Піліпца
Дом Віктара Піліпца
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG