Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад А


У 1983-м, за сем гадоў да сьмерці Лорэнса Дарэла, Ігар Памяранцаў узяў у яго інтэрвію для расейскай «Свабоды». Ці ёсьць для Дарэла галоўнай тэмай пошук і ўсьведамленьне «духу месца», як можна меркаваць па ягоных кнігах? — запытаўся Ігар.

У адказ Дарэл няўпэўнена сказаў «так»... — і потым назваў сябе «прафэсійным уцекачом». «Я прайшоў школу беспрытульнасьці. Нават цяпер я магу цягам дваццаці хвілін сабраць усё неабходнае. Падарожжы траўмавалі мяне. Вунь там стаіць мой старэнькі фольксваген з прычэпам. Дваццаць хвілін — і мяне тут няма, і больш пра гэтае месца я ня ўспомню...»

Пра Александрыю дзякуючы Дарэлу ўспамінаюць нават тыя, хто там ніколі ня быў. Успамінаюць — і жывуць там.

«Александрыйскі квартэт» — страшная і прыгожая кніга. Адчуваньні таго, хто яе чытае, можна было б параўнаць хіба са знакамітай сцэнай з чацьвёртага тому — той самай, дзе герой, назіраючы на свае вочы бамбардаваньне александрыйскай гавані, засяроджаны толькі на тым, як прыгожа гэта выглядае: вада, агонь, сьмерць, стыхія, вайна — і Горад. «Усялякі па-сапраўднаму мастацкі твор па сваёй сутнасьці амаральны» — напісаў некалі Оскар Ўайлд, сам той яшчэ мараліст; «Квартэт» — кніга па-за маральлю, бо горад ня можа быць маральным, нават Садом, нават Ерусалім; гэта кніга, якая сама па сабе ёсьць горадам — старажытным, велічным горадам напярэдадні свайго канца. Бо трыццатыя і саракавыя, той час, у які адбываецца дзеяньне раману, былі апошнімі ў александрыйскай гісторыі. Далей пачалася гісторыя Эгіпту — але Александрыю язык не павернецца назваць прыналежнай да нейкай адной дзяржавы.

Як у кожным гарадзкім сусьвеце, як і ў кожным прыватным жыцьці, не прывязаным да слупа радзімы, не пастаўленым на ручны тормаз укараненьня і патрыятызму, вуліцы тут перасякаюцца на першы погляд бязладна і вядуць заўжды не туды, насельніцтва пераважна варожае, каханьне выпадковае і хуткае, а мова чужая... Разгадаць таямніцу мапы, адчуць сябе ў яе няўлоўным цэнтры, зразумець бясконцасьць сьвету і сваё месца ў гэтай бясконцасьці — напэўна, толькі для гэтага і варта пісаць. Тэма вечная — пакуль існуюць гарады і мы цісьнемся да іх муроў, думаючы, што ўцяклі.

У гэтай кнізе прыгожае ўсё: ад болю фізычнага да пакутаў пісьма. І ўсё ўмоўна: як назва, як тапонім, якому наканавана зьмяніцца. Александрыя Дарэла знаходзіцца на мяжы дзьвюх гісторый: той, якая канчаецца, і яшчэ не пачатай. Таму гісторыя заўжды будзе не заўважаць яе, але і абысьціся безь яе — ня здолее.

«Квартэт» — кніга-бібліятэка, адкуль няма выхаду. І пры гэтым Дарэл не карыстаецца нейкімі фармальнымі прыёмамі — клясычнае мадэрнісцкае пісьмо, просты цуд літаратуры.

Для чалавека, які чытаў «Квартэт», сам плян прапанаванага яму сьвету выглядае інакш. Дзе б ён — чалавек, чытач, вечны месьціч, вечны ўцякач — ні знаходзіўся, у любы момант, прыплюшчыўшы вочы, ён правядзе па цемнаце пад павекамі свае законныя, сакральныя лініі... І атрымаецца досыць складаная фігура, форма якой можа быць мудрагеліста заломленай, але асноўныя кропкі, якія злучаюць канструкцыю, заўжды на сваіх месцах. Напрыклад, гэтыя: Дублін, Рым, Трыест, Атэны, Ерусалім, Вільня, Бэрлін, Прага. Александрыя. Менск.

Юстына. Бальтазар. Маўнталіў. Клеа. Гісторыя, геаграфія, мова і літаратура — як жыцьцё, сьмерць, музыка і сьмех.

«Александрыйскі квартэт» — вялікі раман. Нават калі б Дарэл не напісаў больш нічога, гэтага хапіла б, каб зрабіцца часткай Бібліятэкі, хапіла б, каб доўг Аўтара быў сплачаны. Неяк нават сорамна прыгадваць тут такую неалександрыйскую рэч, як Нобэлеўская прэмія... Узнагароду, якая ніколі ня будзе паўнавартасна літаратурнай — бо калі чалавек, які стварыў «Квартэт», ня мае такой прэміі, дык і гаварыць няма пра што. Хіба пра сэканд-гэнды, пра гуманізм і гумовыя каштоўнасьці, якія цягаюць за сабой ляўрэаты розных гадоў, абачліва абмінаючы александрыйскую гавань.

У мяне індыйскае мысьленьне і ангельская скура, сказаў народжаны ў Індыі Дарэл, які ўсё жыцьцё пражыў то ў Грэцыі, то ў Эгіпце, то ў Італіі, то ў Правансе. Чалавек без радзімы. Радзімаю для яго была мова — няправільны адказ у нямое стагодзьдзе:

«Цябе выхоўваюць за мяжой, усё ўяўляецца простым і зразумелым, і калі ты прыяжджаеш дамоў, ты ніяк ня можаш ачуняць ад вузкасьці і ледзяной абыякавасьці таго жыцьця, якім жыве твая так званая „бацькаўшчына“... Але ж па сутнасьці нацыянальнасьць — гэта твая мова...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG