Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна заробак расьце, але як яго атрымаць...


Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics
Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics

На Магілёўшчыне на 148 прадпрыемствах затрымліваюць выплаты заробкаў.

Заяўляецца, што гэта арганізацыі будаўнічай галіны, сельскай гаспадаркі, гандлю. Значная частка прадпрыемстваў мае дэбіторскую запазычанасьць і ня можа прадаць сваю прадукцыю.

Найбольш наракаюць на затрымку заробкаў будаўнікі. Яны заяўляюць, што вялікай бяды ў гэтым не было б, каб заработная плата расла. Чым жа тлумачыць затрымку заробкаў начальства, пытаю ў будаўнікоў:

— Кажуць, што няма грошай на рахунку. Няма прыбытку, няма грошай. Вось што яны кажуць.

— А заробкі наагул растуць ці стаяць на месцы?

— Нават упалі. Выходзіць 5 мільёнаў разам са „звыштэрміноўкай“, з выходнымі. Калі гэта ўсё адкінуць, то зарабляем 3,5 мільёна.

— А як людзі рэагуюць на такую сытуацыю?

— Ну як? Працуюць ціха і маўчаць. Што яны скажуць? Едуць у Расею. Там троху лепей, чым тут.

Яшчэ адзін будаўнік заяўляе, што на аб’екце, дзе ён працуе, заробак не дацягвае і да трох з паловай мільёнаў:

— Расцэнкі падаюць. Я шчыра скажу. Працуеш больш, зарабляеш менш.

— А чым апраўдваюць затрымку заробкаў?

— Падрадчык не заплаціў у час, ці ў час не перавялі грошы. Яны ўсё па-свойму тлумачаць.

— Людзі, відаць, незадаволеныя?

— Церпяць. Народ у нас цярплівы.

У сельскай гаспадарцы таксама не абыходзіцца без затрымак заробкаў. Летняя пара, калі сялянам можна было крыху падзарабіць, зьмянілася на восеньскае безграшоўе. Адна з даярак прызналася, што ня можа дачакацца пэнсіі, каб мець хоць нейкую стабільную капейчыну:

«Дзень у дзень — мільён сямсот. Малака цяпер няма. Пакуль расьцёлаў ня будзе. За цялят таксама мала плацяць. За тое, што гадуем іх па паўгода. Крычаць — не паложана шмат плаціць. Цягай во на гарбу і салому ношкамі, і сена цягай. Так што ніякай ахвоты працаваць. А цяпер во будзем наагул мінімалку атрымліваць — мільён чатырыста».
А цяпер во будзем наагул мінімалку атрымліваць — мільён чатырыста

У кастрычніку ня выплацілі ўсёй зарплаты на магілёўскім прадпрыемстве «Строммашына». Працаўнікі атрымалі па 500 тысяч рублёў. Кіраўніцтва заяўляе, што з прадпрыемствам не разьлічваюцца заказчыкі.

Заробкі павінны выплачвацца да 25 чысла, аднак, паводле старшыні аблвыканкаму Пятра Рудніка, на дзясятках прадпрыемствах рэгіёну выплаты затрымліваюць. Кіраўнік вобласьці пра гэта паведаміў 29 кастрычніка:

«148 арганізацыяў, якія на раніцу ня выплацілі заработную плату. Сто зь іх — гэта сяло. Гэта зь месяца ў месяц паўтараецца».

Пятнаццаць арганізацыяў парушаюць тэрміны выплаты заробкаў у самім Магілёве. Прычына — дэбіторская запазычанасьць прадпрыемстваў. Гарвыканкам абяцаў паспрыяць, каб гэтыя арганізацыі сплацілі свае даўгі.

Пра тое, што заробкі ў абласным цэнтры затрымліваюць, стала вядома неўзабаве пасьля агучваньня зьвестак, што ў горадзе на 20 працэнтаў перавыкананы плян па росьце заработнай платы. Заяўляецца, што ў Магілёве сярэдні заробак — амаль пяць з паловай мільёнаў рублёў.

Адшукаць тых, хто столькі зарабляе, сёньня не ўдалося. Хоць мінакі і заяўлялі, што заробкі выплачваюцца своечасова, але іхны памер далёкі ад сярэдняга па горадзе:

— Выплачваюць у час, але мала. Тры мільёны. Я працую ў хімічнай прамысловасьці.

— Выплачваюць своечасова, але мяне заробак не задавальняе. На жыцьцё не хапае. Разам з прэміяй — 2 мільёны трыста-чатырыста тысяч. Я зьвязаная з мэдыцынай.

— З маёй заработнай платай у мільён чатырыста мне малавата. Кажуць, што такая тарыфная стаўка і аклад.

На фоне заяваў пра рост заработнай платы ў параўнаньні з 2012 годам у Магілёве паболела стратных прадпрыемстваў. Летась іх, паводле афіцыйнай інфармацыі, было сямнаццаць — сёлета 24. Лідэр па стратах — найвялікшае прадпрыемства гораду «Хімвалакно». Праблемы з продажам прадукцыі ў Магілёўскага вагонабудаўнічага прадпрыемства. На складзе — 600 вагонаў. У падобнай сытуацыі і завод «Трансмаш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG