Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа» вітае рашэньне Эўразьвязу пра ўнясеньне турэмшчыкаў у «чорны сьпіс»


Аляксандр Какунін
Аляксандр Какунін

Праваабарончая арганізацыя «Плятформа» пазытыўна ацаніла рашэньне Рады Эўразьвязу ўнесьці ў сьпіс асобаў, якім забаронена выдаваць візы і рахункі якіх на тэрыторыі краін Эўразьвязу павінны быць замарожаныя, начальніка Бабруйскай папраўчай калёніі № 2 Аляксандра Какуніна і ягонага намесьніка Юрыя Трутко.

«Плятформа» — грамадзкая арганізацыя, якая спэцыялізуецца на абароне правоў беларускіх вязьняў.

«Платформа» зазначае, што не аднойчы зьвяртала ўвагу прадстаўнікоў Эўразьвязу на неабходнасьць унесьці гэтых двух чалавек у «сьпіс неўязных».

«Мы да гэтага часу атрымліваем інфармацыю пра ціск на Алеся Бяляцкага, якому „не рэкамэндуецца“ мець зносіны зь іншымі асуджанымі. Любы зьняволены, які адважыўся пагаварыць з Алесем, жорстка караецца адміністрацыяй калёніі, ажно да зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар. Усім зьняволеным ВК-2 забаронена перадаваць інфармацыю ў праваабарончыя арганізацыі і падтрымліваць кантакт з праваабаронцамі. За зносіны з дырэктарам „Плятформы“ Андрэем Бандарэнкам, які таксама адбываў пакараньне ў ВК-2, адміністрацыя жорстка пакарала некалькіх вязьняў. У калёніі быў складзены „чорны сьпіс“ вязьняў, якім да гэтага часу забаронена тэлефанаваць на „іншыя“ тэлефоны, акрамя тэлефонаў сваякоў, а самі званкі ажыцьцяўляюцца выключна ў прысутнасьці афіцэраў».

«Плятформа» перакананая, што кіраўніцтва Бабруйскай калёніі «мае дачыненьне да катаваньняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня зь вязьнямі».

«Мы цалкам падтрымліваем гэтае рашэньне і лічым, што ўнясеньне менавіта гэтых людзей у сьпіс неўязных адпавядае прынцыпам разумнасьці і справядлівасьці».

Афіцыйны журнал Эўрапейскага зьвязу апублікаваў абноўлены сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія знаходзяцца пад візавымі і маёмаснымі санкцыямі.

У абноўленым сьпісе цяпер значацца 232 прозьвішчы і 25 прадпрыемстваў.

Да гэтага пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЭЗ траплялі 242 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка. Візавыя санкцыі ў дачыненьні да міністра замежных спраў Уладзімера Макея часова прыпыненыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG