Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: Папярэдзілі, што ніякай сустрэчы каля камэндатуры не дапусьцяць


Павал Севярынец на хіміі
Павал Севярынец на хіміі
19 кастрычніка, вызваляецца з «хіміі» палітвязень, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец. Палітвязень апавёў карэспандэнту «Свабоды», як прайшоў апошні дзень «хіміі».

«На складзе я ўжо тыдзень як не працую, звольніўся, таму ўвесь час знаходжуся ў камэндатуры. Сёньня бегаў, падпісваў апошнія паперы і канчаткова рыхтаваў рэчы да ад’езду. Здаецца, пасьпеў усім, каму трэба было, напісаць лісты ці пазваніць. Таксама ўжо складзены каляндар сустрэч і кантактаў на будучыню — кожны дзень на шмат часу наперад расьпісаны. Тут на Пружаншчыне ў мяне зьявілася шмат сяброў — зь імі сустракаўся, каб разьвітацца. Сёньня ўвечары яшчэ да мяне прыедуць мясцовыя вернікі. Таксама будзем разьвітвацца», — паведаміў Павал Севярынец.

Павал ведае, што заўтра недзе каля 9 гадзіны раніцы яму выдадуць даведку аб вызваленьні і з камэндатуры ён з рэчамі пойдзе да КПП. «Адмыслова выклікаў начальнік камэндатуры і папярэдзіў, што каля будынку самой камэндатуры ніякіх урачыстых сустрэчаў не дазволяць, нават не прапусьцяць сюды падысьці. Што тут будзе шмат міліцыі, у тым ліку ДАІ. Разьлічваю, што да 10 раніцы ўжо буду каля КПП зусім вольным чалавекам. Там і сустрэнемся зь сябрамі і журналістамі», — сказаў Павал Севярынец. Паводле палітвязьня, каб сустрэць яго з «хіміі», у Куплін прыедзе чалавек 30–40 без уліку журналістаў.

Павал Севярынец быў арыштаваны ў Менску пасьля мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году і асуджаны за ўдзел у забурэньнях на 3 гады «хіміі». Пакараньне адбывае ў спэцкамэндатуры вёскі Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Паколькі 5 месяцаў Павал Севярынец знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе адзін дзень лічыцца за два, а потым два месяцы быў дома ў Віцебску, чакаючы накіраваньня на «хімію», ягоны тэрмін заканчваецца не 19 сьнежня, а 19 кастрычніка. «Аднак пасьля вызваленьня я яшчэ 2 гады буду на прафіляктычным уліку, зь мяне ня будзе зьнятая судзімасьць. Гэта лягчэй, чым нагляд, ня трэба адзначацца, але пры новым злачынстве гэта лічыцца абставінамі, якія абцяжарваюць віну. Таксама цягам 2 гадоў я буду пазбаўлены права абірацца, нават у мясцовыя саветы», — патлумачыў Павал Севярынец свой будучы статус.

«Свабода» зьбіраецца асьвятляць выхад Паўла Севярынца на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG