Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілаш Зэман: прэзыдэнт Украіны мае сьвятое права на гуманітарны жэст


Мілаш Зэман
Мілаш Зэман
Так выказаўся пра сытуацыю вакол Юліі Цімашэнкі прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, які 20-23 кастрычніка будзе знаходзіцца зь візытам ва Ўкраіне. Зь ім гутарыла карэспандэнтка ўкраінскай службы Радыё Свабода Аксана Пяленская.

Радыё Свабода: Спадар прэзыдэнт, што вы чакаеце ад саміту ў Вільні?

Мілаш Зэман: Думаю, што менавіта на гэтым саміце больш паглыбіцца працэс «Усходняга партнэрства», які для Эўрапейскага Зьвязу і іншых краін зьяўляецца знакам магчымасьцяў і надзеі. Я б у гэтай сувязі казаў менавіта аб магчымасьці і надзеі, але не пра пагрозы, нават калі многія асьцерагаюцца невядомага. Страх з невядомага па-чалавечы можна зразумець. Але чалавек павінна не баяцца, а імкнуцца атрымаць магчымасьці і надзею, якія якраз і дае гэтае «Усходняе партнэрства».

Радыё Свабода: Гэта значыць, вы глядзіце аптымістычна, калі казаць пра «Усходняе партнэрства » і пляны Ўкраіны?

Мілаш Зэман: Калі чалавек пэсыміст, тады ён ужо загадзя прайграе ўсім свае жыцьцёвыя бітвы, калі ён аптыміст — некаторыя баі выйграе, а некаторыя прайграе.

Радыё Свабода: Спадар прэзыдэнт, як вы глядзіце на справу Юліі Цімашэнкі? Ці мелі б яе выпусьціць з турмы, калі прыняць да ўвагі, што пра гэта прэзыдэнта Віктара Януковіча ўжо прасілі і лідэры Эўрапейскага Зьвязу, ЗША, а таксама ўкраінская апазыцыя?

Мілаш Зэман: Я не хачу ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ўкраіны, не хацеў бы таксама судзіць аб вінаватасьці або невінаватасьці Юліі Цімашэнкі. Толькі думаю, што прэзыдэнт Украіны мае сьвятое права на так званы гуманітарны жэст, і толькі ён сам можа вырашыць, зробіць ён гэты гуманітарны жэст ці не.

Радыё Свабода: А ці маеце вы намер гаварыць з спадаром прэзыдэнтам Януковічам аб справе Цімашэнкі?

Мілаш Зэман: Я гатовы гаварыць аб усіх справах, якія тычацца як нашых узаемаадносін, так і адносінаў Эўрапейскага Зьвязу і Ўкраіны, таму што Чэхія цяпер стала больш значным членам ЭЗ, чым гэта было ў мінулым, бо ў мінулым яна была больш эўраскептычнаю, а цяпер больш эўрааптымістычнаю .

Радыё Свабода: Калі Ўкраіна будзе працягваць паглыбляць свае адносіны з ЭЗ, а Расея будзе стаяць на сваёй пазыцыі, ці ня бачыце вы пэўнай рызыкі ў магчымасьці росту супрацьстаяньня паміж Украінай і Расеяй у будучыні?

Мілаш Зэман: Краіны Балтыі таксама ўступілі ў Эўрапейскі саюз, і я не заўважыў, каб быў нейкі большы канфлікт паміж балтыйскімі краінамі і Расейскай Фэдэрацыяй.

Радыё Свабода: Спадар прэзыдэнт, што вы думаеце пра тое, каб палегчыць атрыманьне або, можа, наогул адмяніць візы для ўкраінскіх грамадзян пры ўезьдзе ў Чэхію? Пры гэтым трэба ўлічыць, што ў Чэхіі зараз жыве і працуе больш за 100 тысяч украінцаў.

Мілаш Зэман: Першапачаткова плян па адмене віз заключаўся ў тым, каб забараніць разнастайнай замежнай мафіі, і ня толькі ўкраінскай, лёгка ўяжджаць у Чэскую Рэспубліку. Але досьвед паказаў, што менавіта мафія ўмее візавыя перашкоды лёгка абыходзіць і візы зьяўляецца хутчэй рэальнай перашкодай для паездак гасьцей, у прыватнасьці, прадпрымальнікаў, і для турыстычных паездак. Таму думаю, што спрашчэньне візавых абмежаваньняў было б выгадным для абедзьвюх краін.

Радыё Свабода: Ці можна зрабіць з гэтага выснову, што вы будзеце падтрымліваць Украіну на яе шляху ў Эўропу?

Мілаш Зэман: Як я ўжо казаў, гэта працяглы працэс, і вядома, што гэтая падтрымка адначасова азначае выкананьне шэрагу ўмоваў. І Чэхія павінна была выканаць шэраг умоў, уключаных у так званую «Белую кнігу». Яна павінна была ўзгадніць свае прававыя нормы з правам Эўрапейскага Зьвязу, што доўжылася некалькі гадоў. Я магу сказаць цяпер, што мы былі адносна добра падрыхтаваныя. Гэта значыць, я б не хацеў тут правакаваць нейкія фальшывыя надзеі, што гэты працэс, які павінен быў працяглым, мае стаць больш інтэнсіўным. А дарога даўжынёй у тысячу міль пачынаецца першым крокам, і гэты першы крок ужо зрабілі. Спадзяюся, што ў Вільні дойдзе да другога кроку. Але Ўкраіну яшчэ чакае трэці, пяты і дзесяты крокі, каб яна стала членам Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG