Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя не наважылася прызнаць рашэньне гарвыканкаму невыканальным


У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд скаргі актывістаў Хрыстафора Жаляпава і Аляксея Гаўруцікава.

Яны прасілі суд абавязаць раённую адміністрацыю даць ім замест атрыманай імі адмовы — дазвол на пікет супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў.

Але судзьдзя Вольга Іванова не падтрымала патрабаваньні актывістаў, якія прасілі ўмяшаньня суду ў працэдуру атрыманьня дазволу, апавёў актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксей Гаўруцікаў:

Аляксей Гаўруцікаў
Аляксей Гаўруцікаў
«Мы з абласным каардынатарам руху „За свабоду“ Хрыстафорам Жаляпавым прасілі, каб суд абавязаў адміністрацыю Першамайскага раёну даць нам дазвол на пікет супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў. Такую заяўку мы падавалі на 8 верасьня, але нам адмовілі, і, як мы лічым, беспадстаўна. Адмова грунтавалася на тым, што мы ня выканалі патрабаваньняў гарвыканкаму: згодна з рашэньнем № 881, разам з заяўкай мы мусілі прыкласьці дамовы з мэдыкамі, ЖКГ і міліцыяй. Але цэнтральная гарадзкая паліклініка адмовілася супрацоўнічаць — маўляў, у выходны дзень у хуткай дапамогі і так шмат працы. І абласная ўправа МУС адмовіла: там дачакаліся, пакуль раённая адміністрацыя дашле свой адказ, спаслаўшыся на адсутнасьць дамоўленасьцяў. І на дзень пазьней адказалі: раз ужо вам не дазволілі, то навошта заключаць дамову. Самі міліцыянты і парушылі рашэньне гарвыканкаму, адным словам!»

Суд не пагадзіўся абавязаць ні раённую адміністрацыю — каб тая дала дазвол на акцыю, ні мэдыкаў і міліцыю — каб з актывістамі ўсё ж заключылі дамовы.

Цяганіна вакол рашэньня Віцебскага гарвыканкаму наконт арганізацыі масавых акцыяў працягваецца ўжо трэці год. За гэты час прадстаўнікам апазыцыі не дазволілі правесьці ніводнага заяўленага мерапрыемства. Галоўная перашкода — адсутнасьць дамоваў, якія адказныя структуры ўсяляк пазьбягаюць заключаць. У іншых гарадах дамовы на абслугоўваньне патрабуюць таксама, але ўжо пасьля таго, як стане вядома, што акцыя дазволена ўладамі.

Адваротны парадак, зацьверджаны Віцебскім гарвыканкамам, стаў падставай для адмоваў актывістам. Аляксей Гаўруцікаў кажа, што напрыканцы судовага пасяджэньня выказаў думку пра мэтазгоднасьць вынясеньня прыватнага вызначэньня. Суд мае магчымасьць гэта рабіць, калі заўважана нейкая неадпаведнасьць у дакумэнтах. Але судзьдзя Вольга Іванова не пажадала выносіць прыватнае вызначэньне пра тое, што рашэньне гарвыканкаму перашкаджае выконваць закон аб масавых акцыях і фактычна пазбаўляе жыхароў гораду права на публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG