Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск. Найдзейная «прышчэпка» ад мітынгаў


Кастрычніцкі райсуд Віцебску адмовіў двум актывістам, якія хацелі ў судовым парадку змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку падпісаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі.

Мэдыкі адмовіліся ад супрацоўніцтва з заяўнікамі мітынгу, і суд падтрымаў гэтую пазыцыю. А наяўнасьці дамоваў на абслугоўваньне патрабуе віцебскі гарвыканкам, перш чым дазволіць або забараніць масавую акцыю. Такім чынам, суд практычна забясьпечыў віцебскім уладам усе падставы, каб забараніць мітынг 25 сакавіка.

Мітынг у віцебскім парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ зьбіраліся арганізаваць кіраўнік абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў, сябра і аднапартыец палітвязьня Мікалая Статкевіча.

Згодна з рашэньнем гарвыканкаму № 881 «Аб правядзеньні масавых акцый у горадзе Віцебску» арганізатары зьвярнуліся ў структуры ЖКГ, абласную ўправу міліцыі і ў цэнтральную гарадзкую паліклініку, каб заключыць дамовы на абслугоўваньне акцыі.

Мэдыкі адмовілі, спаслаўшыся на звышзанятасьць: яны «спрагназавалі», што 25 сакавіка чакаецца «ўспышка сэзонных захворваньняў».

Хрыстафор Жаляпаў напісаў заяву ў Кастрычніцкі райсуд, каб паліклініку змусілі падпісаць дамову ў судовым парадку. Разгляд пазову распачаўся 12 сакавіка. Актывіст настойваў на тым, што галоўурач ня меў законных падставаў, каб адмовіць.

Але судзьдзя Ігар Рымша вырашыў іначай. Атрымалася, што рашэньне гарвыканкаму абавязковае толькі для грамадзянаў, а дзяржаўных структур яно ня тычыцца, тлумачыць юрыст Аляксей Гаўруцікаў:

«Менавіта ў сьвяточны дзень, у дзень прыняцьця Канстытуцыі — сёньня ж Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — парушаецца наша права на свабоду правядзеньня масавых мерапрыемстваў! Віцебскі суд адмовіў пазоўніку Жаляпаву. Судзьдзя патлумачыў, што ў рашэньні выканкаму заключэньне дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемстваў — гэта абавязак заяўніка. А што да структураў, якія забясьпечваюць паслугі, то пісьмовых указаньняў пра тое, што яны абавязаныя заключаць такія дамовы, у гэтым дакумэнце няма!»

Спадар Жаляпаў таксама лічыць, што і выканкам, і суд парушаюць ягоныя канстытуцыйныя правы:

Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў
«Ёсьць 35-ты артыкул Канстытуцыі, дзе сказана, што я маю права на сходы, мітынгі і гэтак далей, і што рэалізацыю гэтага права мне павінна забясьпечыць дзяржава. Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэньне, якое рэглямэнтуе парадак рэалізацыі гэтага майго права. Вось яны мне вызначылі месцы, вызначылі, з кім я мушу заключыць дамовы на абслугоўваньне… Я зьвяртаюся ў дзяржаўную структуру, а мне там кажуць: „Ня буду з вамі заключаць дамову!“ Значыць, гарвыканкам прыняў рашэньне, якое можна не выконваць, калі нехта ня хоча яго выконваць? Як гэта так?»

Абурэньне Хрыстафора Жаляпава патлумачыць лёгка: віцебскім актывістам за тры гады мясцовыя ўлады не далі ніводнага дазволу на масавыя акцыі. І менавіта праз адсутнасьць дамоваў зь дзяржаўнымі структурамі, якія ўхіляюцца ад супрацоўніцтва з апазыцыянэрамі.

У такую сытуацыю не аднойчы трапляў і актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў. Тыдзень таму гарвыканкам не дазволіў яму арганізаваць імпрэзу да ўгодкаў Кастуся Каліноўскага. Спадар Дзяржаўцаў пабываў на судовым пасяджэньні, дзе судзьдзя пацьвердзіў, што рашэньне гарвыканкаму дзяржаўныя структуры выконваць не абавязаныя:

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў
«Уражаньне жахлівае. Бо выканаць рашэньне гарвыканкаму немагчыма, і гэта зроблена адмыслова — каб людзі сядзелі як мышы пад венікам. Але заяўкі падаваць трэба, трэба потым судзіцца і зьбіраць дакумэнты для Камітэту правоў чалавека. Тады ўжо ня толькі Віцебскі выканкам, а дзяржава Беларусь будзе адказваць за тую бязглузьдзіцу, што робяць улады. Каб нейкія зрухі былі!»

Ян Дзяржаўцаў пачынае рыхтаваць уласны судовы пазоў. Хрыстафор Жаляпаў зьбіраецца абскарджваць рашэньне Кастрычніцкага райсуду ў Віцебскі абласны суд.

А што да пэрспэктываў мітынгу на Дзень Волі, то ён кажа так:

«Мяне проста правакуюць. Я маю права? Маю! Я выканаў іхныя патрабаваньні? Выканаў! Трэба вам дамовы? Я зьвярнуўся па дамовы. А нехта там чагось ня хоча, дык я законным шляхам пайшоў далей, зьвярнуўся ў суд… Дык я маю права? Маю! І буду рабіць тое, на што я маю права!»

Афіцыйнай адмовы на правядзеньне мітынгу спадар Жаляпаў пакуль не атрымаў. Але адсутнасьць дамоваў пакідае мала надзеяў на дазвол. Удакладніць, як гарвыканкам бачыць увасабленьне ў жыцьцё ўласнага рашэньня, таксама не было ў каго: прадстаўнікі ўладаў у суд не зьявіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG