Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 кастрычніка: Разьвітаньне зь Віктарам Івашкевічам


Віктар Івашкевіч ў міліцэйскім аўтамабілі.
Віктар Івашкевіч ў міліцэйскім аўтамабілі.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Пахаваньне палітыка Віктара Івашкевіча, лідэра аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларускі рух». Разьвітаньне з Івашкевічам адбудзецца 5 кастрычніка ў рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага ў Менску. Паніхіда па нябожчыку распачнецца а 11.00, разьвітаньне пройдзе ад 12.00 да 14.00.

У Інтэрнэце адбудзецца прэм’ера сумеснага музычнага праекту «Апошні Золак», у якім прымаюць удзел Лявон Вольскі, Анастасія Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Ганна Хітрык, Віктар Рудэнка, Аляксандр Дзянісаў і Зьміцер Вайцюшкевіч. Жывую трансляцыю прэм’еры а 19.00 праводзіць беларускі партал Tut.by. Адначасова яе можна будзе ўбачыць на сайтах Naviny.by, NN.by, Euroradio.fm, Svaboda.org, Spring96.org.

5 кастрычніка — Сусьветны дзень настаўніка.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1733 — Саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст II Вэцін абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

1793 — Дэкрэтам Нацыянальнага канвэнту ўведзены Францускі рэспубліканскі каляндар.

1921 — у Лёндане быў заснаваны Міжнародны ПЭН-клюб.

1939 — канец ваеннай кампаніі ў Польшчы. Польскі генэрал Францішак Клебэрг, які ў раёне Коцка вёў баі зь немцамі і чырвонаармейцамі, з-за недахопу прадуктаў харчаваньня і боепрыпасаў, капітуляваў перад немцамі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1713 — Дэні Дыдро, францускі пісьменнік і філёзаф. Імя Дыдро назаўжды зьлілося з самай сутнасьцю васямнаццатага стагодзьдзя, якое засталося ў памяці чалавецтва як стагодзьдзе францускае. Перадавыя ідэі Францыі захапілі тады ўвесь сьвет і Дыдро — знак яе духоўнай моцы. Рэвалюцыянэр у мастацтве і філязофіі, ён заклаў падмурак новых грамадзкіх ідэалаў і новага сьветапогляду напярэдадні буржуазнай рэвалюцыі, чым і заслужыў удзячнасьць ня толькі сучасьнікаў, але і наступных пакаленьняў.

1936 — Вацлаў Гавэл, драматург, апошні прэзыдэнт Чэхаславакіі й першы прэзыдэнт сучаснай Чэскай Рэспублікі.

У гэты дзень памерлі:

1937 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

1938 — Ян Цеханоўскі, нацыянальны дзяяч Заходняй Беларусі, пэдагог, дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Прырода падобная на жанчыну, якая любіць строіцца і якая, паказваючы з-пад сваіх строяў то адну частку цела, то другую, падае сваім настойлівым прыхільнікам нейкую надзею калі-небудзь уведаць яе ўсю».

Дэні Дыдро
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG