Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак на тых, хто не працуе: незаконна, але ў нас усё магчыма


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
У Беларусі прапрацоўваецца пытаньне аб вызначэньні мэханізму кампэнсацыі грамадзянамі, якія не працуюць, часткі дзяржаўных выдаткаў за сацыяльныя паслугі, што датуюцца дзяржавай. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётар Грушнік. Ці законныя намеры ўладаў прымусіць адных плаціць за камунальныя і мэдычныя паслугі больш за іншых? Ці могуць такія крокі спыніць працоўную міграцыю беларусаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: «Пра што кажа гэтая ініцыятыва ўладаў? Ці азначае гэта перш за ўсё пошук дадатковых грошай у бюджэт, ці тут могуць прысутнічаць нейкія іншыя матывы?»

Жаліба: «Дзяржава сёньня ліхаманкава шукае дадатковыя крыніцы папаўненьня бюджэту. Але гэтая ідэя накіраваная на тое, каб зьменшыць міграцыю зь Беларусі кваліфікаваных спэцыялістаў. Паводле розных крыніцаў, за мяжу выяжджае ад 800 тысяч да мільёна нашых суайчыньнікаў. Чаму — таксама вядома: гэта невысокі ўзровень заробкаў у Беларусі. Кваліфікаваным адмыслоўцам у той самай Расеі плацяць на парадак больш.

Аднак прыпыніць гэтую тэндэнцыю іншымі сродкамі беларускія ўлады ня могуць. Падвышаць заробак эканоміка не дазваляе, таму прыдумляюцца розныя перашкоды, каб прыпыніць працэс працоўнай міграцыі. Вось і Міністэрства працы рыхтуе адпаведныя крокі, каб абкласьці сем’і працоўных мігрантаў дадатковымі платамі».

Цыганкоў: «Аднак хіба гэта можа спыніць міграцыю? Няўжо нехта скажа — „Усё, не паеду ў Расею, буду зарабляць у Беларусі ў два разы больш, бо інакш мне павялічаць плату за камунальныя паслугі“?»

Жаліба: «Гэта залежыць ад памеру той дадатковай платы за камунальныя ці мэдычныя паслугі, якой абкладуць сем’і працоўных мігрантаў. Міграцыя, вядома, застанецца. Але нейкі ўдар па яе маштабах можа быць нанесены».

Цыганкоў: «Наколькі гэта законна і канстытуцыйна? Ці ёсьць аналягі такіх рашэньняў у іншых краінах?»

Жаліба: «Вядома, гэта незаконна і неканстытуцыйна. Няма нейкіх такіх прыкладаў у іншых дзяржавах. Паўсюль існуе рынкавая эканоміка, свабодны рух працоўнай сілы. Скажам, у краінах Балтыі шмат моладзі мігруе ў больш разьвітыя краіны Эўразьвязу. Але неяк яны шукаюць цывілізаваныя захады барацьбы з гэтым.

А мы бачым, што ўлада пускае пробныя шары. Вось глядзіце, Лукашэнка сказануў пра сто даляраў. Народ абурыўся, і ён асадзіў назад. А Мясьніковіч заявіў, што трэба ўвесьці падатак на грамадзян, якія не працуюць. І з гэтай прапановай не было вялікага публічнага абурэньня. Час прайшоў, і цяпер ужо Міністэрства працы рыхтуе адпаведныя прапановы, якіх няма ў ніводнай краіне. Але ў нас сёньня ўсё магчыма».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG