Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухій: актывісты «Грынпісу» павінны быць на волі


Ірына Сухій
Ірына Сухій
Беларускія «зялёныя» патрабуюць вызваліць затрыманых у Расеі актывістаў «Грынпісу» і выказваюцца супраць здабычы нафты ў Арктыцы.

Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Свабоды заявіла старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій,

«Мы рыхтуем ліст расейскім уладам ад „зялёнай“ сеткі і абмяркоўваем, што мы яшчэ можам зрабіць у знак салідарнасьці».

На пытаньне, чаму ў Беларусі няма прадстаўніцтва «Грынпісу», Ірына Сухій адказала так:

— «Грынпіс» — гэта арганізацыя, якая прынцыпова не атрымлівае грантаў і донарскіх грошай. Ні ад якіх урадаў ці карпарацый. Гэта арганізацыя, якая існуе выключна на добраахвотныя ахвяраваньні грамадзянаў. Справа ў тым, што і расейскаму «Грынпісу» цяжка выжываць, бо традыцыя асабістай дабрачыннасьці ў постсавецкіх краінах глыбока адбітая паборамі ў камсамол, у «Чырвоны Крыж» і так далей. Таму ў Беларусі, дзе яшчэ найперш стаіць пакуль праблема выжываньня, разьлічваць, што можа існаваць арганізацыя на добраахвотныя ахвяраваньні грамадзян, складана. Таму і няма ў нас «Грынпісу».

Ірына Сухій адзначыла, што часта экспэрты расейскага «Грынпісу» запрашаюцца ў якасьці экспэртаў па экалягічных праблемах у Беларусі.

«Яны рабілі справаздачу пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Іхнія экспэрты ўдзельнічалі ў грамадзка-экалягічнай экспэртызе праекту Сьветлагорскага цэлюлёзна-папяровага камбінату, а таксама ў кампаніі супраць парковак на зялёнай зоне».

Дзеяньні актывістаў «Грынпісу» падчас акцыі пратэсту супраць нафтаздабычы ў Арктыцы сьледзтва расцэньвае як пагрозу асабістай бясьпецы супрацоўнікаў нафтаздабыўной плятформы «Газпрома», заявілі прадстаўнікі Сьледчага камітэту Расеі. Сьледчы камітэт таксама вінаваціць актывістаў у аказаньні супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перадае ВВС.

Актывістаў экалягічнай арганізацыі «Грынпіс» затрымалі 20 верасьня падчас акцыі пратэсту супраць нафтавага асваеньня Арктыкі на нафтаздабыўной плятформе «Газпрома» «Прыразломная».
Акцыя грынпісаўцаў на плятформе «Прыразломная»
Акцыя грынпісаўцаў на плятформе «Прыразломная»

Прадстаўнікі «Грынпісу» настойваюць на мірным характары акцыі пратэсту.

Усе 30 чалавек, якія былі на борце судна «Грынпіс», арыштаваныя, цяпер яны ў СІЗА Мурманску і Мурманскай вобласьці.

Паводле расейскага «Грынпісу», 30 актывістаў з ледакола Arctic Sunrise падазраюцца ў пірацтве, яны затрыманы яшчэ на два месяцы. Усе рашэньні суду аб заключэньні людзей пад варту абскарджваюцца.

«Грынпіс» катэгарычна ня згодны з рашэньнем суда адмовіць у вызваленьні актывістаў пад заклад. Замежныя грамадзяне ўтрымліваюцца ў адзіночных камэрах. Згодна з міжнароднай практыкай, утрыманьне ў адзіночнай камэры больш за суткі прыраўноўваецца да катаваньняў. Для ўсіх арышт заканчваецца 24 лістапада, паведамляе сайт greenpeace.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG