Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска на конкурсе «Міс сьвету» засталася без узнагародаў


Філіпінка Мэйган Янг (Megan Young) атрымала карону Міс сьвету — яна перамагла 126 іншых кандыдатак з усяго сьвету. Беларусь у прэстыжным конкурсе рэпрэзэнтавала Марыя Вялічка зь Віцебску, піша www.belsat.eu

Міс сьвету—2013 нарадзілася ў Злучаных Штатах, але ў дзяцінстве пераехала на Філіпіны. Яна марыць стаць рэжысэрам, сама здымаецца ў кіно з 15 гадоў, таксама працавала вядоўцаю. Першаю віцэ-міс стала францужанка Марын Лёрфэлін (Marine Lorphelin), другою — дзяўчына з Ганы Наа Оўкэйлі Шутэр (Naa Okailey Shooter).



Беларусь у конкурсе «Міc сьвету» прадстаўляла 22-гадовая студэнтка Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны Марыя Вялічка. Ейныя хобі — шахі, хэнд-мэйд, Марыя цікавіцца астралёгіяй і любіць рок-музыку. У сваім прэзэнтацыйным роліку яна распавядае пра Беларусь і пра тое, чаму яна абрала прафэсію вэтэрынара. Сёлета кожная прэтэндэнтка на тытул «Міс сьвету» брала удзел у акцыі «Прыгажосьць з мэтаю». Гэта уласныя дабрачынныя праекты, удзел у якіх меўся прыцягнуць увагу грамадзтва да розных праблемаў. Марыя Вялічка ўзяла ўдзел у акцыі «Забяры мяне дадому», дзякуючы якой некалькі дзясяткаў бяздомных жывёлінаў у Віцебску знайшлі новых гаспадароў.

Міс сьвету Мэйган Янг зьбірала грошы ды неабходныя рэчы для сваіх суайчыньнікаў, што пацярпелі ад залевы і паводак — у выніку стыхіі тысячы філіпінцаў засталіся без даху над галавою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG