Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах прапануюць увесьці падатак на мэдыцыну


Баранавіцкія ўлады працягваюць прапагандаваць ідэю ўвядзеньня абавязковай платы за медабслугоўваньне.

Раней старшыня гарвыканкаму Віктар Дзічкоўскі прапаноўваў зрабіць платным уваход у паліклінікі. Цяпер ідэю вылічваць грошы з заробкаў на мэдыцыну агучылі ў мясцовым унівэрсытэце.

Ідэю вылічваць 1% ад заробку ў якасьці падатку на мэдыцыну выказалі ў сваім праекце маладыя навукоўцы Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Гэты праект прапанаваны ў межах БРСМаўскай выставы ідэяў і мае, на думку навукоўцаў, зьменшыць выдаткі дзяржаўнага бюджэту на мэдыцыну.

Стала вядома, што праект падтрымаў дэпутат парлямэнту з Баранавіч Аляксандар Сьцяцко, які паабяцаў маладым актывістам, што іхняя прапанова будзе разгледжана ў Нацыянальным сходзе.

У інтэрнэце адразу ж разгарэліся дыскусіі. Інтэрнаўты абсьмяялі вынікі дасьледаваньня баранавіцкіх навукоўцаў, якія апыталі ўсяго 300 чалавек, сярод якіх 98% выказаліся на карысьць платнай мэдыцыны, а 70% ужо гатовыя плаціць падатак на мэдычнае абслугоўваньне.

Баранавіцкі грамадзкі дзеяч, былы выкладчык мясцовага ўнівэрсытэту Віктар Сырыца лічыць увядзеньне падатку на мэдыцыну абсурдным:

«Цэны ў нас растуць, як грыбы пасьля цёплага дожджыку, людзі хутка бяднеюць, а тут яшчэ дадатковы падатак на мэдыцыну. Гэты падатак ударыць не па чыноўніках, чый заробак за лета вырас на 40 адсоткаў, а гэты падатак ударыць найперш па малазабясьпечаных. Катэгарычна супраць!»

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Маслоўскі распавёў, што партыйцы ўжо змагаліся з ідэяй наконт платнай мэдыцыны. І тым разам ідэя таксама паходзіла з Баранавіч. Колькі месяцаў таму старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму Віктар Дзічкоўскі выказаўся за тое, каб увесьці плату за наведваньне паліклінік. Такім чынам чыноўнік меркаваў зьменшыць чэргі ва ўстановах аховы здароўя.

«Яны вырашылі зараз пайсьці не наўпрост, а ў абыход і нават падвесьці пад гэта навуковую базу. Гэта проста жах... Нагадаю, што мы нядаўна на працягу некалькіх месяцаў ладзілі кампанію „За бясплатную мэдыцыну“. Кампанія атрымала шырокі розгалас у грамадзтве, бо мы камунікавалі з тысячамі людзей. Я скажу дакладна — толькі 3–4 адсоткі людзей падтрымлівалі гэтую ідэю. І то гэта былі людзі, якія зьвязаныя з аховай здароўя», — распавёў Ігар Маслоўскі.

Палітык кажа, што «ўлады вырашылі кампэнсаваць бюджэтныя выдаткі на мэдыцыну з кішэняў простых грамадзянаў, каб гэта выглядала так, што самі грамадзяне гэтага папрасілі».

Ігар Маслоўскі распавёў, што бліжэйшым часам сацыял-дэмакраты зрэагуюць на прапанову з Баранавічаў адпаведнай заявай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG