Супярэчлівая інфармацыя прыходзіць зь Віцебску пра страйк працоўных акцыянэрнага прадпрыемства «КІМ».
Грамадзкія актывісты паведамляюць, што працоўныя пашывачных цэхаў ужо трэці дзень прыходзяць на свае месцы, але адмаўляюцца працаваць, патрабуючы выплаты заробку. Адміністрацыя адмаўляецца даваць інфармацыю на гэту тэму.
Сядзячы страйк на «КІМе» адбываецца другі раз за месяц. Яшчэ на пачатку верасьня швачкі адмаўляліся працаваць, патрабуючы заробленых грошай. Сёньня — трэці дзень, калі працоўныя прыходзяць у цэхі, але працу не пачынаюць, кажа віцебскі актывіст Хрыстафор Жаляпаў:
«Мы размаўлялі зь людзьмі, якія там працуюць, і яны паведамілі, што жанчыны швачнага цэху, якія застрайкавалі два дні таму, сёньня таксама выйшлі на працу, але не працуюць — чакаюць, пакуль ім выплацяць заробак. Такі сядзячы страйк. Іншая рэч, што адкуль браць грошы: у „КіМа“ запазычанасьць перад фіскальнымі органамі за некалькі гадоў. Паводле нашага заканадаўства, калі прадпрыемства мае запазычанасьць перад фондам сацыяльнай бясьпекі ці перад падатковай інспэкцыяй, яму закрываюць банкаўскі рахунак. Але „КІМу“ чамусьці не закрываюць».
Паводле спадара Жаляпава, працоўныя баяцца наўпрост апавядаць журналістам пра тое, што цяпер адбываецца на прадпрыемстве. Кіраўніцтва «КІМа» таксама замоўчвае праблему. Так, намесьніца дырэктара па эканамічных пытаньнях Тацяна Вераб’ёва адмовілася пацьвердзіць або зьняпраўдзіць факт страйку працоўных:
«Вы мяне прабачце, але я ня буду камэнтаваць гэтую сытуацыю — тэлефануйце кіраўніцтву прадпрыемства».
Карэспандэнтка: «Але ж вы і ёсьць адзін з кіраўнікоў».
«Ну, так, але я ня буду камэнтаваць гэтую сытуацыю».
Карэспандэнтка: «Але я і не прашу камэнтаваць, а сказаць, ці так ёсьць сапраўды».
«Ну... я ня буду адказваць на ваша пытаньне. Прабачце, вядома, але ня буду».
Каб высьветліць падрабязнасьці падзеяў на «КІМе», прафсаюзны актывіст Аляксандар Ільін вырашыў наведаць прахадную прадпрыемства, але таксама безвынікова:
«Сёньня я быў на прахадной, і мяне адтуль выгнала ахова. Калі мяне сустрэлі, то я запытаўся: што ў вас тут адбываецца зь людзьмі, чаму яны страйкуюць? Ахоўнікі сказалі, што ў прынцыпе нічога не адбываецца, але зараз выйдзе намесьнік начальніка аховы і ўсё вам патлумачыць. Прыйшоў сам начальнік і загадаў, каб я пакінуў прахадную. Але страйк у іх працягваецца, нібыта, і сёньня».
Акцыянэрнае таварыства «КІМ» — буйное прадпрыемства ў галіне лёгкай прамысловасьці. Цяпер яно ў заняпадзе з прычыны затаваранасьці сваёй жа прадукцыяй. У выніку працоўныя перасталі своечасова і ў поўнай меры атрымліваць заробкі. Але «КІМ» — не адзінае такое прадпрыемства, кажа Хрыстафор Жаляпаў:
«У Віцебску вельмі шмат стратных прадпрыемстваў. У іх вялікія запазычанасьці па заробках для супрацоўнікаў, а таксама перад фіскальнымі органамі Беларусі. Але ёсьць загад не звальняць людзей, і вось яны працуюць, але заробкі альбо мізэрныя, альбо па некалькі месяцаў не выплочваюцца. Гэта і на прадпрыемстве „Віцязь“, і на гэтым злашчасным „КІМе“. Я ня ведаю, адкуль улады бяруць гэтую лічбу — 500 даляраў, калі людзі не атрымліваюць і па 500 тысяч. Наколькі мне вядома, дырэктар „КІМа“ дзесьці ў Расеі, заўтра ці пасьлязаўтра Расея альбо МВФ дадуць крэдыты, каб закрыць вось гэтыя дзіркі. Відаць, вось так мы і будзем яшчэ доўга жыць у гэтым падмане. І я ня бачу, каб цягам бліжэйшых месяцаў ці нават гадоў, нават да прэзыдэнцкіх выбараў, нешта зьмянілася».