Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дыпляматы адмовіліся прыняць падарункі для Макея і сям'і Лукашэнкі


Фота Дзьмітрыя Шчыгельскага
Фота Дзьмітрыя Шчыгельскага

Супрацоўнікі прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Нью-Ёрку адмовіліся размаўляць зь людзьмі, якія прыйшлі да офісу прадстаўніцтва, каб перадаць падарункі міністру замежных справаў Уладзімеру Макею, а таксама Аляксандру, Віктару і Дзьмітрыю Лукашэнкам.

12 чалавек прыйшлі да будынка прадстаўніцтва, каб перадаць міністру замежных спаваў Уладзімеру Макею калоду картаў з выявамі беларускіх чыноўнікаў, якую выпусьцілі «Беларусы ў выгнаньні».

Прадстаўнікі гэтай арганізацыі таксама хацелі прэзэнтаваць кіраўніку МЗС «пакунак пялюшак з рэкамэндацыяй Валодзе Макею хутчэй вырасьці з палітычнага дзяцінства і стаць самастойным гульцом на беларускім палітычным полі».

«Беларусы ў выгнаньні» мелі намер «перадаць падарункі сямейству Лукашэнак ім таксама прызначаліся калоды картаў зь іх выявамі».

Супрацоўнікі місіі не выйшлі да дэманстрантаў, «схаваўшыся ў будынку як мышы пад венікам»

Аднак праз нейкі час ля прадстаўніцтва зьявілася паліцыя.

Пасьля разьбіральніцтва паліцыянты «папрасілі толькі не блякаваць праход перад будынкам прадстаўніцтва».

«Пастаяўшы яшчэ хвілінаў двадцаць пад дзьвярыма і не дачакаўшыся нікога з супрацоўнікаў місіі, беларусы адправіліся ў паблізкі паб, каб там выпіць за здароўе горача любімага міністра і пажадаць яму пазбыцца страху перад уласным народам. А падарункі Валодзе Макею, Сашы, Віце ды Дзіме Лукашэнкам будуць адпраўленыя службай экспрэс-дастаўкі на адрас прадстаўніцтва», гаворыцца ў прэсавым рэлізе «Беларусаў у выгнаньні».

Макей у Нью-Ёрку


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей з 24 па 28 верасьня бярэ ўдзел у працы 68-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку.

Кіраўнік беларускай дыпляматыі выступіць падчас агульнапалітычнай дыскусіі Генасамблеі.

Макей таксама возьме ўдзел у адмысловым пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН, прысьвечаным дасягненьню Мэтаў разьвіцьця тысячагодзьдзя, сустрэчы высокага ўзроўню па ядзерным раззбраеньні, а таксама сустрэчы міністраў замежных спраў Руху недалучэньня.

Макей, які раней быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта, да 2013 году знаходзіўся у сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім быў забаронены ўезд у шэраг заходніх краінаў. У сьпіс неўязных ён быў унесены як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі 19 сьнежня 2010 году і перасьледу апазыцыі.

У ліпені 2013 году адбыўся першы за тры гады візыт Уладзімера Макея ў Брусэль на паседжаньне міністраў краінаў «Усходняга партнэрства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG