Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў маўчыць пра Мікалая Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч у гарадзенскай турме ўскрываў сабе жывот.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч у гарадзенскай турме ўскрываў сабе жывот. Праваабаронцы, якія распаўсюдзілі гэтыя зьвесткі, не выключаюць, што Аўтуховіч гэтак пратэставаў супраць незаконнага ціску на яго з боку турэмнай адміністрацыі.

Паводле ўстановы «Плятформа інавэйшн», Мікалай Аўтуховіч ускрываў сабе жывот. Гэтыя зьвесткі былі атрыманыя ад крыніцы ў адміністрацыі гарадзенскай турмы, дзе ўтрымліваюць палітвязьня. Прозьвішча крыніцы ў «Плятформе» не называюць. Праваабаронцы з спасылкай на тую ж крыніцу кажуць, што інцыдэнт здарыўся пасьля 4 верасьня, калі на Мікалая Аўтуховіча наклалі пакараньне за тое, што 26 жніўня ён нібыта парушыў парадак знаходжаньня ў камэры — не знаходзіўся ў ложку ў начны час.

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак, які рэгулярна лістуецца зь Мікалаем Аўтуховічам, заўважае, што апошнім часам Мікалай Аўтуховіч вельмі пільна выконваў усе правілы знаходжаньня ў камэры:

Алег Воўчак
Алег Воўчак
«Ён пісаў, што імкнецца не даваць ніякай падставы, каб накласьці на яго спагнаньне. Бо ягоная мэта зараз — выйсьці з турмы ў красавіку будучага году, калі заканчваецца ягоны тэрмін. Плюс — у яго даўно не было спатканьняў, а жонка якраз зьбіралася яго хутка наведаць. І таму ён быў вельмі асьцярожны».

Алег Воўчак не выключае, што новае спагнаньне на Мікалая Аўтуховіча наклалі і дзеля таго, каб падрыхтаваць «базу» для пакараньня яго яшчэ годам зьняволеньня, як Зьмітра Дашкевіча. «Пратэстуючы супраць гэткай пэрспэктывы, ён мог пайсьці на такі крок, як ускрыцьцё жывата», — не выключае Алег Воўчак.

Як цяпер пачуваецца Мікалай Аўтуховіч? Тэлефоны гарадзенскай турмы № 1 маўчаць. Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў таксама не адказаў на гэтае пытаньне, а накіраваў да групы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў:

«Пазваніце, калі ласка, па гэтым пытаньні ў групу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў. Нумар 385-96-87».

Аднак мае спробы дазваніцца на названы нумар былі марныя — тэлефон маўчаў.

Паводле зьвестак «Плятформы інавэйшн», пасьля інцыдэнту Мікалаю Аўтуховічу аказалі мэдычную дапамогу, пры гэтым у цывільны шпіталь яго не вывозілі. Гэта можа азначаць, што стан здароўя Мікалая Аўтуховіча здавальняючы, лічаць праваабаронцы, але не выключаюць і яго пагаршэньня.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч працавала ў былой менскай калёніі на Кальварыйскай вуліцы мэдычнай сястрой. Паводле яе досьведу, пашкоджаньне вязьнем сябе ў месцах зьняволеньня — альбо акцыя пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі, альбо спроба апынуцца за межамі камэры, дзе пагражае небясьпека. «А калі ўскрываюць жывот — гэта ўвогуле вельмі надзвычайная сытуацыя», — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

«Жываты ўскрываюць значна радзей. Гэта збольшага крайняя мера, калі зьняволены ўсьведамляе, што дэманстрацыя парэзаў на руках ня дасьць нічога, акрамя спагнаньня. Я была сьведкай таго, што чалавек гэтак сябе ўскрыў, што ягоныя ўнутраныя органы ляжалі на падлозе».

Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, нанясеньне сабе пашкоджаньняў разглядаецца адміністрацыяй як спроба суіцыду, і пасьля гэтага за вязьнем будзе ўзмоцнены кантроль, што для яго вельмі непрыемна. Што да праверкі такіх выпадкаў з боку пракуратуры, былая супрацоўніца менскай калёніі ня лічыць, што гэта будзе мець дрэнныя наступствы для адміністрацыі гарадзенскай турмы. «Праверка наглядаючага пракурора — фармальнасьць», — мяркуе з свайго досьведу Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

У канцы 2011 — пачатку 2012 году Мікалай Аўтуховіч, тады вязень Івацэвіцкай калёніі, рэзаў сабе вены на руках. Ад вязьняў калёніі, якія потым выйшлі на волю, стала вядома, што гэтак ён пратэставаў супраць ціску на сваіх сяброў у калёніі. «Ты падтрымаеш зэкаў, потым яны цябе падтрымаюць», — згадаў парадкі ў наваполацкай калёніі былы палітвязень Мікіта Ліхавід, які некалькі разоў сядзеў у карцэры і аднойчы быў гатовы на знак салідарнасьці зь іншым вязьнем ускрыць сабе вены:

«Гэта робіцца звычайным лязом для галеньня. Бярэцца аднаразовы станок, ламаецца, там два ці тры лязы, і ўсё. Такія станкі ёсьць ва ўсіх камэрах, яны заўсёды пад рукой. Галіцца ж неяк трэба».

Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена, якой дазваніўся карэспандэнт «Свабоды», сказала, што ведае пра інцыдэнт, але ня стала яго камэнтаваць. Апошні ліст ад Мікалая Аўтуховіча яна атрымала «недзе два тыдні таму». «Паведамляў, што ўсё нармальна». Пра цяперашні стан мужа Алене невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG