ПАДЗЕІ ДНЯ
«Дзевяноста першы» — так называецца новая кніга «Бібліятэкі Свабоды». Яе аўтар — супрацоўнік нашага радыё, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Сяргей Навумчык — быў непасрэдным удзельнікам падзеяў 1991-га. На падставе захаваных дакумэнтаў ён распавядае, як, кім і пры якіх абставінах была здабытая незалежнасьць Беларусі. Прэзэнтацыя новай кнігі адбудзецца 16 верасьня на сядзібе БНФ у Менску (вуліца Чарнышэўскага, 3) а 18.00.
У офісе Таварыства беларускай мовы (Менск, вул. Румянцава, 13) у рамках кампаніі «Будзьма» будзе працаваць гістарычная школа «Гісторыя ў падзеях і малюнках» пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава. Заняткі прысьвечаныя вывучэньню гісторыі Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Пачатак а 18.00.
У Менскай філярмоніі – «Рух музычны», канцэрт старажытнай беларускай музыкі ў выкананьні ансамбля салістаў «Класік-авангард». Пачатак а 19:00.
У Празе праходзіць другі дзень міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000», у якой больш за 100 вядомых палітыкаў, акадэмічных славутасьцяў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ, бізнэсу і рэлігіі абмяркоўваюць выклікі і пагрозы, зьвязаныя з працэсамі дэмакратызацыі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1810 — Мэксыка абвясьціла незалежнасьць ад Гішпаніі.
1908 — заснавана амэрыканская кампанія General Motors, якая была найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў на сьвеце да 2007 году, калі гэты тытул забрала ў яе японская Таёта.
1909 — нарадзіўся Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 скончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Узвышша». Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927. У студзені 1933 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі, сасланы ў Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). Паўторна арыштаваны 5 кастрычніка 1937 і ў той самы дзень расстраляны. У 1974 выйшаў яго зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Ні госьць ні гаспадар».
1938 — нарадзіўся Віктар Дашук, беларускі кінарэжысэр-дакумэнталіст.
1946 — нарадзіўся Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт і публіцыст.
1963 — узьнікла фэдэратыўная дзяржава Малайзія.
1970 — у апытаньні музычнага часопісу «New Musical Express» тытул найлепшай групы году дастаўся «Led Zeppelin». Гэты рок-гурт перамог і ў апытаньні чытачоў газэты «Melody Maker». Да гэтага апытаньня сем гадоў запар найлепшай музычнай групай Вялікабрытаніі брытанцы нязьменна называлі «The Beatles», якая ў верасьні 1970 ужо не існавала.
1999 — зьніклі беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:
«Кожны музыка хоча зрабіць нешта, што застанецца ў памяці на працягу доўгага часу. Я думаю, мы дасягнулі гэтага зь «Лесьвіцай у неба».
Джымі Пэйдж, гітарыст «Led Zeppelin»
«Лепш памерці на ўзбочыне, але дасягнуць сваёй мэты, чым пражыць сто гадоў, усьведамляючы, што здрадзіў сабе».
Робэрт Плант, вакаліст «Led Zeppelin»