ПАДЗЕІ ДНЯ
Штогадовы фэстываль беларускай музыкі «Рок па вакацыях» адзначае сваё 20-годзьдзе. У юбілейным канцэрце ў клюбе «Цэнтар» у Менску бяруць удзел «NRM», «Крама», «Нэйра Дзюбэль», «Палац», Кася Камоцкая, «Re1ikt», «Naka», «Зьмяя». Пачатак а 19.00.
Рок па вакацыях-2012
Лятучы ўнівэрсытэт абвяшчае пра пачатак свайго новага, ужо чацьвёртага сэзону. Галерэя «Ў», пачатак а 18.00.
У Менску пачынаюцца афіцыйныя трохдзённыя захады, зьвязаныя з адзначэньнем Дня гораду.
У Ерэване праходзіць нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін-удзельніц Усходняга партнэрства. Беларусь на ёй прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
Украіна і кампанія Royal Dutch Shell падпіcваюць дамову аб разьведваньні і здабываньні газу ва Ўкраіне.
У Бішкеку праходзіць саміт краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (Казахстан, Кіргізстан, Кітай, Расея, Таджыкістан і Узбэкістан).
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1893 — нарадзіўся Андрэй Мрый, беларускі празаік, журналіст. Сябра літаратурнага аб’яднаньня «Узвышша», друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927 году. У 1929 годзе напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасьць» (цалкам апублікаваны ў 1988 годзе). Яго двойчы арыштоўвалі і адпраўлялі ў Гулаг. 1 сакавіка 1943 году мэдычнай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Памёр 8 кастрычніка 1943 у Мурманскай вобласьці.
1953 — Мікіта Хрушчоў абраны першым сакратаром ЦК КПСС. Нарадзіўся 15 красавіка 1894 году ў вёсцы Калінаўка ў Курскай губэрні. Першы сакратар ЦК КПСС з 1953 па 1964 гады, Старшыня Савета Міністраў СССР з 1958 па 1964 гады. Разьвянчаў культ асобы Сталіна, спрыяў масавай рэабілітацыі палітычных зьняволеных. Палепшыў адносіны СССР з капіталістычнымі краінамі. Памёр 11 верасьня 1971 году ў Маскве.
1958 — нарадзіўся Аляксандр Краўцэвіч, беларускі гісторык, аўтар працаў па гісторыі ВКЛ.
1983 — памёр Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзяяч. У перадваенны час — дырэктар музэя імя Івана Луцкевіча. Быў асуджаны на 25 гадоў і сасланы ў лягер у Варкуту.
1993 — падпісана пагадненьне паміж Ясірам Арафатам і Іцхакам Рабінам аб прызнаньні Палестынскай аўтаноміі.
2003 — памёр Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Ад саксафона да нажа — толькі адзін крок.
Калі чалавек паесьць, ён становіцца дабрэйшым.
У нас адно пытаньне, зямельнае — хто каго закапае.
У тэатрах пара перастаць вадзіць на пакараньне сьмерцю няшчасную шатляндзкую каралеву.
Гэта каб я не забыўся, што гэты горад павінен ацалець, калі паляцяць нашы ракеты.»
Мікіта Хрушчоў