Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк і Бяляцкі падтрымалі зварот сяброў аргкамітэту БНФ


Дзень утварэньня БНФ: Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафону супрацоўніца ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры - Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.
Дзень утварэньня БНФ: Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафону супрацоўніца ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры - Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.

Група сяброў аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, утворанага 19 кастрычніка 1988 году, прыняла зварот да 25-годзьдзя БНФ.

«Неўзабаве, 19 кастрычніка сёлета, спаўняецца чвэрць стагодзьдзя ад моманту, калі на гістарычным паседжаньні ў будынку касьцёла сьв. Сымона і Алены (тагачаснага Дому кіно) на прапанову Зянона Пазьняка, падтрыманую Васілём Быкавым, быў утвораны Арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову „Адраджэньне“, гонар працаваць у складзе якога выпаў і на нашую долю» — гаворыцца ў звароце.

Падпісанты нагадваюць, што «ужо ў першай сваёй заяве Аргкамітэт выступіў за „перабудову грамадзтва на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму“, за „сувэрэнітэт Беларусі“, за „падпарадкаваньне эканомікі інтарэсам чалавека“, за „сацыяльную справядлівасьць“, за „прававую дзяржаву“, за „экалягічна чыстую Беларусь“, за „адраджэньне і дзяржаўнасьць беларускай мовы“. А ў першай праграме была абвешчаная галоўная мэта БНФ — „свабодны чалавек у адроджанай незалежнай Беларусі“. Бо ня можа захаваць незалежнасьць несвабодны народ.

Дзякуючы актыўнасьці жывога беларускага грамадзтва, намаганьням тых фронтаўцаў, якія былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня і мясцовых саветаў, і тых, што ў розных гарадах ачолілі барацьбу народу за будучыню сваёй краіны, беларусам удалося вырашыць галоўную гістарычную задачу — 25 жніўня 1991 года заканадаўча замацаваць незалежнасьць Беларусі й дамагчыся яе міжнароднага прызнаньня».

неспрыяльная геапалітычная сытуацыя пакуль не дазволілі належна зьдзейсьніцца ўсяму, пра што мы марылі чвэрць стагодзьдзя таму
У звароце адзначаецца, што «інтэлектуальны патэнцыял сяброў БНФ, іх актыўная і самаахвярная праца дапамаглі нашай краіне, асабліва ў пачатку 90-х гадоў, пачаць увасабленьне ідэяў і праграмных мэтаў Беларускага Народнага Фронту. Менавіта Беларускі Народны Фронт на пачатку 90-х гадоў заклаў падмурак дэмакратычнай шматпартыйнасьці і парлямэнтарызму ў Беларусі. А гераічная Вясна 1996 году прадэманстравала нашую рашучасьць і волю ў абароне Незалежнасьці і Свабоды ад замахаў антыбеларускіх сілаў».

Разам з тым, пішуць аўтары звароту, «далейшае ўнутрыпалітычнае разьвіцьцё Рэспублікі Беларусі, неспрыяльная геапалітычная сытуацыя пакуль не дазволілі належна зьдзейсьніцца ўсяму, пра што мы марылі чвэрць стагодзьдзя таму. У дзяржаве вядуць рэй тыя, хто топча свабоды, хто нішчыць падмурак незалежнасьці — нацыянальныя каштоўнасьці ды беларускую мову, хто цягне нашу краіну ў новаімпэрскія цянёты. Але ж мы маем сотні тысяч аднадумцаў, фронтаўцаў паводле сваіх перакананьняў. Мы ўпэўненыя, што ўсіх нас не пакіне абыякавымі 25-годзьдзе заснаваньня Беларускага Народнага Фронту — руху за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны і свабоду яе народу».

Няхай у гэтай справе нас яднаюць спрадвечныя нашыя герб „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг
Былыя сябры аргкамітэту БНФ заклікаюць «усіх грамадзян Беларусі, усіх беларусаў, якія падзяляюць фронтаўскія каштоўнасьці ды не зьбіраюцца мірыцца з таптаньнем або дыскрэдытацыяй фронтаўскіх ідэалаў, ушанаваць юбілей заснаваньня Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне“, вярнуць духоўнае і інтэлектуальнае лідэрства тым колам грамадзтва, якія адстойваюць незалежнасьць, свабоду і нацыянальна-культурнае Адраджэньне як непарыўныя ідэалы. Няхай у гэтай справе нас яднаюць спрадвечныя нашыя герб „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг».

Зварот падпісалі сябры аргкамітэту БНФ Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, сябра Саюза мастакоў Аляксей Марачкін, дацэнт, старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» Алег Трусаў, сябра Саюза мастакоў Мікола Купава, прафэсар, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, дацэнт, Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Беларусь Пётра Садоўскі, намесьнік рэдактара часопіса «Спадчына» Вінцук Вячорка, пэдагог-мэтадыст, сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў Генадзь Тумаш, журналіст, прадпрымальнік Алесь Суша, музэйны работнік Анатоль Варава, сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў Павал Зьмітрук.

Радыё Свабода таксама атрымала лісты ад двух іншых членаў Аргкамітэту БНФ.

«Віншую сяброў Аргкамітэту БНФ „Адраджэньне“ з надыходзячай датай 25-годзьдзя ўтварэньня БНФ у кастрычніку гэтага года, — піша Зянон Пазьняк. — Ухваляю зварот сяброў Аргкамітэта да грамадзянаў Беларусі з заклікам падтрымліваць ідэалы БНФ, дэкляраваныя 25 гадоў таму, якія прывялі наш народ да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і перамогі над камунізмам. Далучаюся да зьместу Звароту. Вітаю сяброў Аргкамітэту».

«Лічу, што адзначыць 25-я ўгодкі паседжаньня ў Чырвоным касьцёле — гэта вельмі слушная задума. Зварот падтрымліваю, Алесь Бяляцкі, Бабруйск, калёнія № 2»

Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 году. Устаноўчы зьезд адбыўся ў Вільні 24-25 чэрвеня 1989 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG