Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 11 верасьня: 60 гадоў Вінцэсю Мудрову


Вінцэсь Мудроў
Вінцэсь Мудроў

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбуры адбудуцца дэбаты вакол справаздачы аб сытуацыі ў Беларусі, якую дакладчык дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Рады Эўрапейскага Зьвязу, Эўракамісіі і Службы зьнешніх дзеяньняў.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце пройдзе трохдзённы Эўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя. На форум запрошаны звыш 250 прадстаўнікоў 77 інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя з 19 эўрапейскіх краінаў: Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ірляндыі, Ісьляндыі, Канады, Нарвэгіі, Румыніі, Сэрбіі, Фінляндыі і Швэцыі. Акрамя таго, у ліку ўдзельнікаў таксама дэлегацыі 5 вядучых ВНУ Кітая. Урачыстае адкрыцьцё адбудзецца ў Палацы Рэспублікі . Пачатак а 16.30.

У Празе адкрываецца трохдзённы форум АБСЭ, прысьвечаны пытаньням эканомікі і аховы навакольнага асяродзьдзя, у якім будуць удзельнічаць каля 350 прадстаўнікоў з 57 краінаў.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1530 – памёр князь Канстанцін Астроскі, дзяржаўны дзяяч і гетман Вялікага Княства Літоўскага. Камандаваў войскамі ВКЛ у бітве пад Оршай 8 верасьня 1514 году, у якой 35 тысяч літоўска-беларускіх і польскіх ваяроў разьбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.

1953 – у Полацку ў сям’і вайскоўца нарадзіўся беларускі пісьменьнік Вінцэсь Мудроў. Вінцэсь Мудроў скончыў Наваполацкі палітэхнічны інстытут. Працаваў інжынэрам у Беларусі і ў Сыбіры, карэспандэнтам радыё «Свабода». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтар кніг прозы: «Жанчыны ля басейна» (1992), «Гісторыя аднаго злачынства» (1993), «Зімовыя сны» (1999), «Ператвораныя ў попел» (2005), «Альбом Сямейны» (2007). У 1971-1974 гадах выдаваў у Наваполацку падпольны рукапісны літаратурны альманах «Блакітны ліхтар». У 1990-х рэдагаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». Жыве ў Наваполацку.

1972 – нарадзіўся беларускі пісьменьнік Алесь Пашкевіч. Аўтар, сярод іншага, дакумэнтальнага раману «Пляц Волі» і раману-біяграфіі «Круг», прысьвечанай Уладзімеру Дубоўку.

1973 – памёр Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі. Альендэ быў зьмешчаны з пасады ў выніку ваеннага перавароту, кіраванага Аўгустам Піначэтам, пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам.

2001 – адбылася тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон у ЗША. Атака была зьдзейсьнена з дапамогай чатырох пілятаваных самалётаў унутраных авіялініяў ЗША, захопленых 19 ісламскімі тэрарыстамі. Два з самалётаў разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагону ў Вашынгтоне. Чацьвёрты самалёт, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў, не дасягнуў мэты і разьбіўся на палях Пэнсыльваніі прыблізна за 15 хвілін лёту да Вашынгтону. Ахвярамі атакі сталіся 2996 чалавек, уключна з тэрарыстамі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Зьмесьціва “Блакітнага ліхтара” – а ўсяго выйшла пятнаццаць сшыткаў – было далёкае ад літаратуры ў клясычным разуменьні гэтага слова. Пісалі мы розную лухту і таму жартам менавалі свой альманах “Блакітным лухтаром”. У паэзіі пераважала так званая “чарнільная лірыка”, у якой акцэнт рабіўся на эратычныя відзежы ды мілосныя перажываньні лірычнага героя. Рэй тут вёў Валеры Шлыкаў, якому належалі наступныя радкі:

Штосьці кепска стала жыць –
Няма каго спакусваць...
Што рабіць?
Ды трэба піць!
Піць і не закусываць».


Вінцэсь Мудроў, з кнігі «Ператвораныя ў попел»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG