Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Каліноўскага – пустое месца


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Для кагосьці прыкрая падзея, што цяпер у Сьвіслачы адзін бюст Каліноўскага замест двух. Зьнік другі бюст, няма. Але для іншых гэта нявартая ўвагі справа. Праглядзелі? Недабачылі? Мне асабіста ніякавата. Хіба два Каліноўскія ня лепш за аднаго? Хіба два на цэлую Беларусь – гэта перабор?

Але ж не! У званы ня білі. Успрынялі будзённа, «у бягучым парадку». Зрабілі выгляд, што не заўважылі. Знаёмы жыхар Сьвіслачы абыякава кажа па тэлефоне: ён жа гіпсавы быў, пад уплывам надвор’я, ападкаў, перастаў існаваць, разваліўся. І калі гэта было? Калі? Ды гады два напэўна ўжо. Але больш дакладна ніхто ня памятае. А калі пастаўлены быў? Таксама напруга: не ўзгадаць. Растварыўся ў прыродзе дый годзе Кастусь!

Успамінаецца, што сярод мясцовых нечакана многія неўзьлюбілі другога Каліноўскага, з рэўнасьцю паставіліся. Зь іх шэрагу і мой знаёмец. Адразу яму не спадабаўся, памятаю, новапастаўлены бюст. Азгураўскі нягеглы ў іх у душы, прыкіпеў. Ён, нібы, у ЮНЭСКА на ўліку і яго перасоўваць нават забаронена! – як паданьне паўтарае мне сёньня мой сьвіслацкі знаёмы. Двума-трыма Ленінымі нікога ня зьдзівіш, а вось каб два Яські з-пад Вільні адразу – гэта для беларуса шок! Гэта ўжо пяршак падвойнай моцы, што з ног валіць пасьля кантовай шклянкі. Успамінаць нават ня хочацца!

Бюст работы Заіра Азгура паставілі ў Сьвіслачы ў 1958-м. У сучасных публікацыях яго амаладзілі чамусьці на дзесяць гадоў. Хаця няўзброеным вокам відно, што выкананы ў выразнай стылістыцы 1930-40-х сталінскіх гадоў (вядома, што мадэль раней існавала). Але звонку ён настолькі ж выдавец «Мужыцкай праўды», наколькі мог бы сысьці за партызанскага піянэра-героя або за Паўліка Марозава, зблытаць дальбог няцяжка. Мне азгураўскі бюсьцік не падабаецца, шчыра, але цаню, што ёсьць, жыцьцё прымушае быць рэалістам. Іншыя, як выходзіць, з палёгкай уздыхнулі, што няма таго другога, што адзін Каліноўскі зьнік. Ні ў кога не адбілася ў галаве, не палічылі за здарэньне. Ну пабыў і няма зноў. Што за падзея? Амаль што: Бог даў, Бог забраў. Халера зь ім... Усе там будзем.

Спрабую ўдакладніць: дык як і адкуль узяўся другі бюст Каліноўскага ў райцэнтры? У мясцовым музэйчыку адказваюць: «Яго забралі з былога калгаса Каліноўскага, але ён быў сапраўды гіпсавы і на вуліцы ставіць нельга было. Улады яго паставілі, улады дэмантавалі». А калі, калі гэта адбылося, ці можна ўдакладніць? Паўза і адказ: «Гэта было гадоў пяць таму, хутчэй за ўсё…» А паміж музэем і алеяй помнікаў і бюстаў хіба ня будзе сто мэтраў поўных, між іншым. «У аддзеле культуры вам таксама ня скажуць, там усе маладыя людзі цяпер, старажылаў няма, хто яго ставіў некалі». Тады апошняе пытаньне: ці можа нагадаць – хто там за кім па чарзе стаіць на «алеі герояў» у Сьвіслачы, бо я даўно ня быў? Калі ласка, адказваюць: «Спачатку братняя магіла, затым у нас ідзе Ленін, затым Сталін, потым Траўгут, потым пустое месца, і далей, здаецца, у 2011 годзе быў пастаўлены памятны знак нашым афганцам».

«Пустое месца». Трапна! Як яно узьдзейнічае на сьвіслацкіх жыхароў? Ці ніяк? Нібы месца вакантнае, значыць пакінутая надзея. Але ня толькі бюста няма, з асфальту сам пастамэнт «вырублены». Пад корань Кастуся!

Не захавалі ў Сьвіслачы бюст Каліноўскага, няма й самога калгасу больш. Патэлефанаваў у сельвыканкам у Нязбодзічах. На беларускай мове адказалі: калгас Каліноўскага спачатку стаў «Грынкі», па назьве калгаснай сядзібы, а потым яго далучылі да суседняга, да «Нязбодзічаў» якраз, што цяпер таксама не калгас, а – філія ваўкавыскага мясакамбінату. Вось так: каліноўсцы цяпер належаць мясакамбінату. Партызанскага атраду імя Каліноўскага, вядома, ня стала яшчэ раней. Ёсьць пакуль яшчэ толькі вёска Каліноўская, да 1969-га Ліхасельцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG