Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭМЭНам кіраваў мужчына!


Віктар Сьвяцкі
Віктар Сьвяцкі

На Вэнэцыянскім кінафэстывалі быў паказаны дакумэнтальны фільм «Украіна — не бардэль», зь якога вынікае, што галоўным натхняльнікам і «загадчыкам» скандальна вядомага фэмінісцкага руху ФЭМЭН быў мужчына, прынамсі да апошняга часу.

Фільм быў зроблены 28-гадовай аўстралійкай Кіты Грын, якая здымала яго ў Кіеве на працягу году, жывучы ў адной кватэры з актывісткамі руху.

Мужчына, які фактычна кіраваў рухам і прыдумляў дзяўчатам розныя міжнародныя топлес-пратэсты і піяр-акцыі, уключна з акцыяй перад будынкам КДБ у Менску ў сьнежні 2011 году, завецца Віктар Сьвяцкі.

Нядаўна мы паведамлялі аб жорсткім зьбіцьці Віктара Сьвяцкага ў Кіеве, якое актывісткі ФЭМЭН прыпісалі спэцслужбам. Віктара Сьвяцкага яны называлі палітолягам, «кансультантам» і «ідэолягам» руху. Зь фільму Кіты Грын вынікае, што роля Сьвяцкага была значна большая — яго можна назваць «шэрым кардыналам» руху.

Іна Шаўчэнка, лідэрка руху ФЭМЭН, сказала нашаму радыё, што рух разышоўся са Сьвяцкім пасьля заканчэньня здымак для фільму «Украіна — не бардэль». Шаўчэнка таксама сказала, што рух быў створаны без удзелу Сьвяцкага:

«Фактычна, цяпер распаўсюджваюцца чуткі, што Віктар стварыў рух. Я нікому не дазволю распускаць такія чуткі і гаварыць, што мужчына стварыў ФЭМЭН, бо насамрэч гэта ня так. Фільм выразна паказвае, што гэты мужчына зьяўляецца як дамінантны элемэнт у руху ФЭМЭН тады, калі рух ужо меў сваю стратэгію топлес, калі рух ужо меў сваю ідэалёгію. Рух ФЭМЭН быў створаны ў 2008 годзе ўкраінскімі студэнткамі».

Кіты Грын кажа, што Сьвяцкі наўмысна падбіраў прывабных дзяўчат для топлес-пратэстаў, бо «самыя прыгожыя дзяўчаты трапляюць на першую старонку». Адначасова, дадае Грын, Сьвяцкі абыходзіўся зь дзяўчатамі даволі жорстка, камандаваў імі, прыніжаў і абражаў, называючы іх «сукамі».

Калі ў фільме Грын пытаецца ў Сьвяцкага, ці ён ангажаваўся ў рух дзеля таго, каб «мець дзяўчат», ён адказвае: «Магчыма, што так, недзе ў глыбіні маёй падсьвядомасьці».

Іна Шаўчэнка і Кіты Грын на Вэнэцыянскім кінафэстывалі
Іна Шаўчэнка і Кіты Грын на Вэнэцыянскім кінафэстывалі


Іна Шаўчэнка прызнае, што сытуацыя са Сьвяцкім у фэмінісцкім руху, які змагаецца з дамінантнай роляй мужчын у сьвеце, была даволі парадаксальнай:

«Сапраўды, быў момант, калі мы сутыкнуліся з патрыярхатам, зь якім мы змагаемся ў глябальным сэнсе. Мы сутыкнуліся зь ім у нашай асабістай гісторыі, у нашай фэмінісцкай групе, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Мужчына ўзяў кантроль над рухам на некаторы час толькі таму, што ён быў мужчынам».

Паводле Шаўчэнкі, шчыры паказ у фільме сапраўднай ролі Сьвяцкага ў руху ФЭМЭН ды канчатковае вызваленьне актывістак ад мужчынскага панаваньня павінна дапамагчы жанчынам ва ўсім сьвеце змагацца за сваю годнасьць.

«Мы распавядаем пра гэтую гісторыю як пра нешта, што можа быць прыкладам для мільёнаў жанчын, якія кожны дзень сутыкаюцца з падобнымі адносінамі мужчын да іх дома, на працы і дзе заўгодна», — сказала Іна Шаўчэнка нашаму радыё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG