Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка і Фядыніч стварылі «Грамадзянскі кантроль»

абноўлена

Прэс-канфэрэнцыя пра пачатак грамадзкай кампаніі «Грамадзянскі кантроль»
Прэс-канфэрэнцыя пра пачатак грамадзкай кампаніі «Грамадзянскі кантроль»
Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка і кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч заявілі пра пачатак грамадзкай кампаніі «Грамадзянскі кантроль», якая будзе змагацца з карупцыяй, бюракратызмам і безгаспадарнасьцю ў рэгіёнах.

Андрэй Бандарэнка паведаміў, што кампанія «Грамадзянскі кантроль» будзе далёкая ад палітычнай барацьбы:

«Адметнай рысай кампаніі „Грамадзянскі кантроль“ зьяўляецца поўная апалітычнасьць. Мы не зьбіраемся ўдзельнічаць у выбарах 2014 году, не нацэленыя на ўдзел у нейкіх палітычных кампаніях ці байкотах. Наша мэта — выключна праваабарончая дзейнасьць, дапамога людзям у рэгіёнах. Дзеля рэалізацыі гэтых мэтаў мы распрацавалі пэўную стратэгію».

Год таму кіраўнік арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка сутыкнуўся такім з фактам: пад райцэнтрам Кіраўск, адкуль ён родам, чакала маразоў поле рапсу, хоць начальства ўжо адрапартавала, што ўсё сабрана. Калі мясцовыя жыхары паведамілі ў «Плятформу» пра гэты факт, праваабаронцы спачатку адмовілі ў падтрымцы — маўляў, праблема ня нашага профілю. Але потым усё ж паставілі інфармацыю на свой сайт. «Я такога ніколі ня бачыў: прыгналі 10 камбайнаў і за ноч сабралі ўвесь рапс!» — паведаміў Андрэй Бандарэнка пра імгненную рэакцыю чыноўнікаў з Кіраўску. Паводле праваабаронцы, насамрэч начальства на месцах вельмі баіцца незалежнага кантролю, але і людзі баяцца начальства, і таму большасьць маўчыць пра карупцыю ды безгаспадарнасьць. Вось чаму ён з кіраўніком РЭП Генадзем Фядынічам вырашылі аб’яднацца і даць людзям магчымасьць вырашаць гэтыя праблемы.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Паводле Андрэя Бандарэнкі, стратэгія новай кампаніі грунтуецца на досьведзе працы з паведамленьнямі людзей пра сытуацыю ў рэгіёнах. Такім людзям патрэбная будзе юрыдычная дапамога, і актывісты бяруцца яе забясьпечыць. Сыгналы пра карупцыю, злоўжываньні, бытавыя праблемы ды іншыя крытычныя паведамленьні актывісты кампаніі будуць спраўджваць і накіроўваць для рэагаваньня ў адпаведныя дзяржаўныя органы, а потым трымаць іх на кантролі.

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч
Праца актывістаў не прадугледжвае аплаты. Праблемы з офісамі прафсаюз РЭП абяцае вырашыць праз свае структуры у абласьцях і рэгіёнах. Генадзь Фядыніч разьлічвае, што да канца году «Грамадзянскі кантроль» замацуецца ў 17 раёнах краіны і будзе пашырацца.

«Цяжэй, чым офісы, знайсьці людзей, але мы перакананыя, што яны знойдуцца, — мяркуе Генадзь Фядыніч. — Нам трэба дзейнічаць гэтак — знайсьці ў кожным рэгіёне нефармальных лідэраў, за якімі пойдуць людзі. Калі гэта ўдасца, то праца пойдзе».

Паводле ініцыятараў кампаніі, у рэгіёнах мяркуецца стварыць сайты «Грамадзянскага кантролю», а што да агульнага рэспубліканскага сайту, яго ўтвараць не зьбіраюцца: каб мясцовымі актывістамі не кіравалі з цэнтру. У якасьці прыкладу эфэктыўнай працы ў рэгіёне ініцыятары кампаніі ўзялі сайт, які заснаваў грамадзкі актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч. Ён таксама ўдзельнічаў у прэсавай канфэрэнцыі і падзяліўся сваім досьведам барацьбы за вяртаньне ў Рагачоў рэспубліканскага фэстывалю «Дажынкі», які па волі чыноўнікаў пераехаў у Жлобін, а зь ім — і грошы на добраўпарадкаваньне ды рамонт:
Грамадзкі актывіст Дзяніс Дашкевіч: Карупцыянэры вельмі баяцца агалоскі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:49 0:00

«Гэтыя „Дажынкі“ шмат вандравалі па Беларусі і ў выніку апынуліся ў Жлобіне. І вось мы аб’ядналі людзей, набралася каля 3 тысяч подпісаў пад зваротам у адміністрацыю Лукашэнкі і ўрад. Мы запатрабавалі, калі ня вернецца фэстываль у Рагачоў, то каб хоць выканалі тыя праекты, якія абяцалі гораду. У выніку ня ўсё рэалізавалі, але ўсё ж адрамантавалі некаторыя вуліцы і дарогі, адрамантавалі радзільны дом, пачалася рэканструкцыя дзіцячай бальніцы».

Ініцыятары кампаніі «Грамадзянскі кантроль» заявілі, што не зьбіраюцца распаўсюджваць сваю дзейнасьць на сталіцу Беларусі. «На жыхароў Менску праваабаронцаў хапае», — лічаць Генадзь Фядыніч і Андрэй Бандарэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG