25 сакавіка, пятніца
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
* * *
Чытаю Дыкенса на малых хуткасьцях. Як правіла, удзень, калі больш натуральнага сьвятла прабіваецца праз байніцы акна ў камэру. А раніцай і ўвечары зьвяртаюся да «Братоў Карамазавых», яны надрукаваныя буйнейшым шрыфтам. Прычым пачаў адразу з трэцяй і чацьвёртай частак. Чаму? Ну, такая была ўдача ў бібліятэчны дзень пры абмене кніг. Гэта лятарэя. Можа, наступным разам трапіцца першая палова кнігі. Такое яно, турэмнае чытаньне — ад эпілёга да прадмовы.
* * *
Павіншаваў дзяжурнага па СІЗА з Днём Волі. Ён скрывіўся і сказаў, што ня ведае такога сьвята.
— Нічога страшнага. Мы ўсе калі-небудзь даведваемся пра нешта першы раз.
Я ня стаў разьвіваць тэму Дня Волі, хоць думаю, што малодшы лейтэнант схітраваў. Пра Дзень Волі, хутчэй за ўсё, ён ведае, проста размаўляць няма жаданьня. Ну нічога, сёньня ня хоча, а пасьлязаўтра сам дзецям будзе распавядаць пра Беларускую Народную Рэспубліку. Усё цячэ, усё мяняецца. Да прыкладу, 19 верасьня 1991 году большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня прагаласавалі за тое, каб беларускім нацыянальным сымбалям надаць статус дзяржаўнай сымболікі. Гэта быў адзін з найлепшых дзён у маёй парлямэнцкай працы. Дзень з адмысловай энэргетыкай. Герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі. Але ж яшчэ за паўгода да дня галасаваньня ніхто ня мог і дапусьціць нешта падобнае. Гэта здавалася немагчымым. Так што ня будзем сьпяшацца і зь лейтэнантам.
Дарэчы, пры галасаваньні за сымболіку ў верасьні далёкага 91-га здарыўся забаўны выпадак. Трэба было здабыць падтрымку ня проста большасьці дэпутатаў, а канстытуцыйнай большасьці, гэта значыць — дзьвюх трацін галасоў. І вось кнопкі націснутыя, на чорным таблё выскачылі зялёныя лічбы. І трэба ж, голас у голас! Авальная заля выбухае. Аплядысмэнты, радасныя воклічы, поціскі рук. І тут, пераадольваючы па некалькі прыступак адразу, да мікрафона скача дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі Мілаванаў. Атрымлівае слова і патрабуе ануляваць вынікі галасаваньня. Матывацыя наступная: маўляў, дапушчана фальсыфікацыя, дэпутат Аляксандар Шыпко прагаласаваў за свайго калегу Віктара Шэймана. Іскры Мілаванава хапіла, каб разьдзьмуць полымя дыскусіі. У атаку пайшла вэтэранская гвардыя і зацятыя камуністы. І тут у залю ўваходзіць Шэйман і адразу накіроўваецца да мікрафона: «Так, я сапраўды прасіў калегу Шыпко прагаласаваць за мяне, бо мне трэба было тэрмінова выйсьці з залі. Але я адназначна заяўляю, што мой голас — за».
Празь некалькі гадоў Віктар Шэйман будзе адным з ініцыятараў ганебнага рэфэрэндуму аб вяртаньні старой савецкай сымболікі. Такія вось зыгзагі і наступствы палітычнай мімікрыі.
Недзе ўсярэдзіне ўздымаецца цікаўнасьць: ці будуць сёньня прыкметы сьвяткаваньня Дня Волі на вуліцах сталіцы? Разумею, што гэтым разам казаць пра масавасьць вулічнай акцыі бессэнсоўна. Ці выйдзе хоць хто?
Гляджу ў халодную цемру за матавым шклом. Чорная цішыня. Калі б сядзеў на Акрэсьціна, там быў бы ў курсе падзеяў. Ёсьць акцыя — значыць, увечары абавязкова прыйдзе аўтазак, напханы затрыманымі.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
26 сакавіка, суботу
Мяне «папрасілі» прагуляцца. Ня сьмею адмовіць. Ідзем у бок памяшканьняў для допыту. Стандартны пакой — стол, два крэслы, чырвоны тэлефон на тумбачцы. Хіба што камэра ўтаропілася немігучым вокам. Не хаваецца, пазірае адкрыта.За сталом сядзіць — о, якая прыемная неспадзяванка! — Валера Зінкевіч. Колькі ж гадкоў ня бачыліся? Але абышліся без сантымэнтаў і эмацыйных усхліпваньняў. Паціснуўшы рукі, адразу прыступілі да справы.
— Анатоль Уладзіміравіч, спачатку павінен задаць некалькі фармальных, але абавязковых пытаньняў. Ваша жонка і я склалі дамову аб тым, каб я быў вашым адвакатам. Ці няма ў вас пярэчаньняў?
— Не. Не пярэчу! Прыемна, што вы доўга не вагаліся.
— Гэта мая праца.
Зінкевіч паведаміў, што ўжо меў сустрэчу з маім новым сьледчым, а таксама азнаёміўся з матэрыяламі справы. Як я і меркаваў, пра тамы гаворка не ідзе. Літаральна некалькі паперак працэсуальнага характару.
Мы абгаварылі судовую пэрспэктыву. З улікам мясцовай спэцыфікі трэба быць гатовымі да ўсяго. Усё можа стартаваць і заўтра. Пагатоў, на думку адваката, улады зацікаўленыя не расьцягваць працэсы, а правесьці ўсё ў максымальна сьціслыя тэрміны. Чым даўжэйшы працэс, тым больш увагі. Як унутры краіны, так і вонкі. А гэта для ўлады дрэнны фон. Значыць, судзьдзяў будуць гнаць, як па стомэтроўцы.
Я распавёў пра сваё бачаньне абароны і нападу ў судовым працэсе. Адвакат падтрымаў. Дамовіліся, што ён сканцэнтруецца на працэдурах, а я — на зьмястоўнай частцы. Ну і, самае галоўнае, я атрымаў сьвежую інфармацыю пра справы маіх дамачадцаў, пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне. Мы гутарылі каля гадзіны.
— Якія будуць просьбы, пажаданьні, Анатоль Уладзіміравіч?
Папрасіў зайсьці ў партыйны офіс і сабраць больш інфармацыі пра справы партыйныя: чым дыхаюць, чым жывуць калегі. Заадно трэба будзе ўзяць сякія-такія дакумэнты: выпіскі з рашэньня партыйнага зьезду, заявы, зробленыя партыяй у ходзе выбарчай кампаніі, матэрыялы нашых сумесных з Раманчуком прэс-канфэрэнцыяў.
На адыход я паціснуў Зінкевічу руку. Моцна, па-мужчынску. Цяпер у мяне ёсьць ня проста адвакат, але і чалавек, якому можна давяраць. Сустрэча падбадзёрыла. То тыднямі варысься ў закупоранай камэры, у таварыстве адных і тых жа пэрсанажаў, то раптам нечаканыя сустрэчы і новыя асобы.
І сустрэчай з адвакатам навіны ня скончыліся. У нас падсяленьне. Як звычайна, здарылася гэта па абедзе. Чарговы прадстаўнік Плошчы. Калі так пойдзе і далей, то я, пэўна, перасякуся з большасьцю фігурантаў «справы 19 сьнежня». Новы арыштант — Алесь Кіркевіч, адзін зь лідэраў «Маладога фронту». Хударлявы цёмнавалосы хлопец з Гародні. У яго ўвогуле забаўная сытуацыя: у турму прывялі ў канцы студзеня, ледзь ня з загсу. Ну, а да нас — па пераразьмеркаваньні, з трынаццатай камэры.
Мы ўтрох у чатырохмесцавым нумары «Hilton-амэрыканкі». Алесь уладкаваўся на ніжніх нарах. Зьмесьціва пакетаў па-гаспадарску расклаў у тумбачцы, прадукты — у «абшчак». І, як ужо водзіцца, пайшоў абмен інфармацыяй, чуткамі, успамінамі. Кіркевіч выглядае ўраўнаважаным, спакойным маладым чалавекам. Я зь цяжкасьцю магу ўявіць такога з кайлом у руках на плошчы. Сьвежая размова расьцягнулася да адбою.
Алесь не хавае, што быў у самым цэнтры падзеяў каля Дому ўраду. Кажа, зацягнула, як у вір. Ён таксама прыгадаў, што натоўп спыніўся перад кволым ланцужком «касманаўтаў» (вайскоўцаў у чорных шлемах). Ніхто нічога не рабіў, каб наблізіцца да будынка. Калі б такія намеры былі, то міліцыянтаў, якія стаялі на адлегласьці прыкладна мэтар адзін ад аднаго, зьмялі б у лічаныя сэкунды. І гэта абсалютная праўда. Але потым адбылося нешта зусім нечаканае. Ланцужок раптам арганізавана павярнуўся направа і гужам пайшоў прэч. Значыць, была каманда. І тут ужо, здаецца, спрацавалі рэфлексы. Правёўшы зьдзіўленым позіркам «касманаўтаў», натоўп рушыў у гарлавіну прасторы, якая адкрылася перад ім. Рушыў у загадзя падрыхтаваную пастку. За шклянымі дзьвярыма ў прадчуваньні сьвежай крыві зьнемагалі спэцназаўцы. Спэцапэрацыя «Плошча» пачалася. Людзей, якія апынуліся ў прасторы паміж будынкамі, што выходзілі літарай «П» на плошчу, адрэзалі ад астатніх некалькімі шэрагамі «касманаўтаў» і АМАПу. Тых, хто апынуўся ў пастцы, з дапамогай дубінак і шчытоў расьсякалі на квадраты. Пад’яжджалі аўтазакі, і людзей, якія ляжалі на зямлі, зьбітых, стаптаных, закідвалі туды. Машыны хутка запаўняліся жывымі целамі і з натужным бурчаньнем матораў пакідалі месца крывавай бойні. Ня ўсім наканавана было правесьці гэтую ноч дома.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
27 сакавіка, нядзеля
Шостая раніцы. Пад’ём. Лямпачкі міргнулі адна адной. Начная пагасла, дзённая запалілася. Стук ключом па жалезнай ручцы: падрыхтавацца да наведваньня прыбіральні! Рыпнуў ключ у замочнай шчыліне. Мы за чырвонай разьдзяляльнай рысай. У Алеся ў руках «начны гаршчок», у Ігара — урна для сьмецьця. Вочы ў падлогу, свабодныя рукі за сьпінай. Адпрацавалі туалет. Зьелі дыетычны сьняданак. Перажавалі прыход дзяжурнага. Усё! Паўза. Да чарговага стуку жалезнага ключа па ручцы дзьвярэй. Да шпацыру.
На ранішнім шпацыры нам выпаў трэці нумар. Вялікі дворык на траіх — гэта камфорт у чатырох сьценах і зь сеткай над галавой. Правёў дыхальную гімнастыку згодна з мэтодыкай Сашы Кісялёва, потым разьмяў суставы, у тым ліку і правую далонь, паводле сваёй уласнай праграмы.
Перайшлі з Алесем у рэжым двухбаковых камунікацыяў. Ён папрасіў парады:
— Спадар, Анатоль, вы чалавек дасьведчаны. Што вы параіце, як мне весьці сябе падчас судовага працэсу?
— Я ня ведаю падрабязнасьцяў тваёй справы, таму абмяжуюся адной парадай. Самае галоўнае, прайсьці гэты шлях так, каб потым мог глядзець у вочы людзям. Не хлусіць, не гандляваць сумленьнем. Гэта галоўнае. Хутчэй за ўсё, трэба настройвацца на абвінаваўчы прысуд. Але ня думаю, што ўсё гэта працягнецца доўга. Будзе ціск, міжнародны, а затым і ўнутраны. Так што будзем аптымістамі.
Усё ж Плошча сабрала добрых, абаяльных людзей
Далей працягнулі працу ў шэсьць рук. На астатнія паўтары гадзіны дворык ператварыўся ў спартзалю. Змакрэлі! Вызваліліся ад вопраткі і дадалі нагрузку. Па сьпіне пабег тоненькі ручаёк.
На вуліцы яшчэ ня так цёпла, як бы хацелася, але ўжо ёсьць думкі, як перадаць дадому цёплыя рэчы. Узгадняю з Арцёмам усю лягістыку. Я павінен напісаць заяву, каб перадаць рэчы, а мае, адпаведна, заяву, каб забраць. І гэта ўсё трэба сынхранізаваць і вывесьці на канкрэтную дату.
* * *
Дзень прайшоў на лік раз, два — і прывітаньне, вечар. Размовы ўперамежку з рознага кшталту заняткамі хутка жэрлі час, а то, бывае, яго столькі, што ня ведаеш, чым забіць.
Увечары фірмовая страва «амэрыканкі» — некалькі бульбін у мундзірах і гэтулькі ж хвастоў селядца. Але з дадаткам у выглядзе сала, цыбулі і рэшткаў шакаляднай пліткі зусім сабе так нішто.
Не пасьпелі турэмныя далікатэсы разьмясьціцца ў страўніку, як прыйшоў час адбою. Звыклыя заняткі і працэдуры зьмяняць не сьпяшаюся. Нанач па-ранейшаму залажу ў самаробны спальнік і сплю ў тэрмабялізьне і шкарпэтках.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
28 сакавіка, панядзелак
Дзень у блакітнай нябеснай сарочцы з шэрым матыльком-воблакам і сонечным смайлікам. Хараство! Нават Лёлік, як з глузду зьехаўшы, круціць галавой і беспасьпяхова спрабуе дацягнуцца дзюбай да гэтай самай сарочкі.Дзьвюх гадзін шпацыру падалося мала. За гэты час ледзьве пасьпеў выкласьці на лаўцы мазаіку зь дзесяці каменьчыкаў. Гэта дзённая норма адцісканьняў, за кожным каменьчыкам — сто практыкаваньняў. І тут каманда: на выхад, у камэру крокам руш!
А з нашага акна ні сарочкі, ні матылька, ні смайліка, нічога не відаць. Толькі глухая сьцяна брудна-бэзавага колеру.
* * *
«Ну, Анатоль, што Бог паслаў!» — уладыка жэстам запрасіў да стала. Аднаго позірку было дастаткова, каб адзначыць: Гасподзь сапраўды пастараўся. Ікра чырвоная, ікра чорная, крыштальны штоф зь цёмнай вадкасьцю. Галодныя 90-я!
У мяне складанае стаўленьне да людзей у расах, хоць і вырас у рэлігійнай сям’і. Ва ўсе часы атэістычнага апыленьня краіны наша сям’я жыла паводле свайго праваслаўнага календара. З малітвай і верай. Усе сьвяты адзначалі няўхільна. Лінію паводзінаў тут вызначалі маці і бабуля. Па жаночай лініі ў нас шчыльнае перапляценьне праваслаўнага і каталіцкага складнікаў. Бабуля маці была каталічкай. І гэта яна настаяла, каб маму звалі Яня, а яе старэйшага брата — Янак. Хоць і ў мэтрыцы, і ў пашпарце ў яе запісана Марыя. Але для ўсіх вясковых маці і па сёньня Яня.
Бацька ж у дачыненьні да рэлігіі трымаў дыстанцыю. Дэманстраваў павагу да веры і ўстойлівую алергію на сьвятароў. Ён добры псыхоляг. Ды яшчэ з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. І глядзеў на іх як на звычайных людзей, адно што ў расе. У яго было перакананьне, што пры камуністах і сьвятары — шрубкі агульнай сыстэмы.
Мае адносіны са служкамі царквы да якогась часу былі нэўтральна-пазытыўныя. Зь мінулага годным успаміну можна прывесьці маё знаёмства зь мітрапалітам Філарэтам. Фармальна мы пазнаёміліся ў парлямэнце. Тады, на пачатку 90-х, царква дабраслаўляла сьвятароў на змаганьне за дэпутацкі мандат. У Вярхоўным Савеце былі тры дэпутаты ў расе, сярод іх і ўладыка. Прычым адзін зь іх уваходзіў у апазыцыйны Дэпутацкі дэмакратычны клюб. Нейкі час зносіны зь Філарэтам абмяжоўваліся рэжымам «добры дзень — да пабачэньня». А тут раптам ён запрасіў мяне, маладога дэпутата парлямэнту, да сябе ў япархію і асабіста зладзіў экскурсію. У той час там была адкрыта выдатная экспазыцыя абразоў, канфіскаваных пры спробе перапраўкі іх за кардон.
Мы не сьпяшаючыся хадзілі па япархіі і неяк неўпрыкмет апынуліся ў памяшканьні з прыглушаным сьвятлом. Выявілася, гэта ўтульная трапезная. «Ну, Анатоль, што Бог паслаў!» — уладыка жэстам запрасіў да стала. Аднаго позірку было дастаткова, каб адзначыць: Гасподзь сапраўды пастараўся. Ікра чырвоная, ікра чорная, крыштальны штоф зь цёмнай вадкасьцю. Галодныя 90-я!
Памочнік мітрапаліта трэніраванымі рухамі напоўніў крыштальныя чаркі. Філарэт паважна падняў кілішак, выпіў, задаволена крэкнуў і паволі прамовіў: «Боскі напой! Але кошты бязбожныя». Каньяк і праўда быў цудоўны. Непаўторныя 90-я!
Дзеля справядлівасьці трэба прызнаць, што ў парлямэнце толькі два дэпутаты падыходзілі да мікрафона ў поўнай цішыні, незалежна ад таго, якія жарсьці бушавалі ў Авальнай залі, — уладыка Філарэт і народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
* * *
Сёньня Гасподзь паслаў нам на абед макарону ня толькі з пахам, але і з кавалачкамі тушонкі. Смачна! Для дзюдзяў з падшэфнай гаспадаркі імя Фэлікса Эдмундавіча Дзяржынскага не засталося нічога. А на першае быў суп з локшынай. Такі вось дзень макароньніка.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы
Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль
Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс
Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі
«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра
Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом
Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны
Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала
Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька
Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам
Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры
Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату
Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»
Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»
Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»
Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік
Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку
З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі
Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!
Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча
Сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»
Валасок Арцёмкі, помста Баптыста, прапанова ад Лукашэнкі
Юбілейны ліст дадому, сьледчы Бычак, прэзэнт для Дыка Чэйні, БУЛАГ