Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: юбілейны ліст дадому, сьледчы Бычак, прэзэнт для Дыка Чэйні, БУЛАГ


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

20 сакавіка, нядзеля

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Надвор’е нахмурылася калматымі аблокамі, зь якіх паваліла нешта сярэдняе паміж дажджом і сьнегам. Давядзецца зноў вымаць зь вялікага кешара ўсе спакаваныя цёплыя рэчы. Дарэчы, гэты кешар, у які я магу без праблемаў скласьці сваё цела, разам з тэлевізарам перадала мне Аксана Крышчановіч. Цяпер гэта мая шафа, у якой лёгка ўмясьціліся ўсе мае пакеты. Добра, што не пасьпеў перадаць родным цёплыя рэчы. Прамінулая зіма адпраўляе свае надвор’евыя тэлеграмы. Форма адзеньня на сёньняшнюю зарадку — на ўсе гузікі.

Прадыхаліся. Прачысьцілі лёгкія ад пахаў камэры.

Працягваю чытаць Картасара ўперамежку з Акуніным. Цудоўны кактэйль! Калі вочы адмовіліся піць яго і асалавелі, перайшоў на дапрацоўку рыфмаў, прынесеных зь сёньняшняй зарадкі. Вось што атрымалася.

Жыцьцё пыхціць. Мы моцна тужымся
І з мрояй у танцы кружымся.

Жыцьцё крахціць, на палку абапіраемся
І нават на асфальце спатыкаемся.

Жыцьцё то выбар, і мы вагаемся,
Куды ісьці, ў сталба пытаемся.


А вечар быў патрачаны на юбілейны, трыццаты, ліст дадому. Увесь без астачы.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





21 сакавіка, панядзелак

Сёньня хтосьці невядомы змахнуў зь нябёсаў ватна-хмарнае покрыва — і воку адкрылася блакітная прасьціна. Пад нагамі яшчэ мокра, паўсюль лужыны, але вышэй за шчыкалатку ўсё заліта сьвятлом. Ізноў зь ніадкуль зьявіўся Лёлік і адразу залёг проста ў сонечную ванну. Птушка распушыла пёры і зноў зрабілася падобнаю да мініятурнага індыка.

* * *

Сёньня напісаў і перадаў дзяжурнаму заяву на падпіску на «Народную волю». Праўда, ёсьць вялікія сумневы, што газэта пралезе праз частакол табу і забаронаў. Так што гэта хутчэй экспэрымэнт. Будзем замяраць глыбіню лібэралізацыі турэмнага рэжыму.

Няма сілы, якая зможа заняволіць мае думкі, мой розум, мае перакананьні і прынцыпы. Такім чынам, 25-га я падыму за свабоду конаўку з гарбатай
Чытаю Дыкенса. Паралельна цешуся Картасарам. Дваістае чытаньне мае свае перавагі: гэта як два розныя сьветы, у якія можна ўцячы з трэцяга. Хоць на нейкі час.

Увечары дзяжурны прынёс мне мой жа ліст. Не пралез праз вушка цэнзуры. Чорным чарнілам нечая рука падкрэсьліла хвалістай лініяй цэлы абзац. Ён варты таго, каб прывесьці яго цалкам. «Скарыстаю магчымасьць, каб павіншаваць з Днём Волі, вас, калег, аднадумцаў. Гэта сьвята тых, для каго свабода — гэта ня проста гучнае слова, а мэта і сэнс жыцьця. І нават тут я застаюся свабодным чалавекам несвабоднай краіны. Можна зьвязаць, закаваць цела, алё няма сілы, якая зможа заняволіць мае думкі, мой розум, мае перакананьні і прынцыпы. Такім чынам, 25-га я падыму за свабоду конаўку з гарбатай».

Цяжка зразумець, чым кіраваўся цэнзар, накладаючы сваё табу. Хутчэй гэта спроба не дапусьціць распаўсюджваньня голасу з «амэрыканкі». Для мяне дык гэта ўвогуле дэманстрацыя ня толькі ўбоства, але і страху ўлады. Цэнзура мае слабасьць ня толькі да маіх пасланьняў. Днямі атрымаў ліст ад Арцёма, і ў ім некалькі радкоў старанна замазаныя. Але добра, што хоць з чорнымі плямамі даходзяць.

* * *

Нешта баліць у правым баку. На мае скаргі лекар толькі паціснуў плячыма. Сапраўды, рухаесься, не прыкуты да ложка — і радуйся. Таму дыягназ стаўлю сабе сам. Мяркую, што пацягнуў мышцу. Так што, займаючыся фізычнымі практыкаваньнямі, імкнуся не нагружаць гэтую частку цела, а ад некаторых практыкаваньняў давялося наагул часова адмовіцца. Але ўсё роўна стараюся штодня загружаць працай усе здаровыя часткі цела. Бяз гэтага арганізм ператвараецца ў міні-завод па перапрацоўцы прадуктаў, а інтэлект — у трутня.

* * *

Пералічыў нявыкарыстаныя, чыстыя канвэрты. Засталося пяць. Павінна хапіць да красавіка.

* * *

Апошнім часам усё часьцей задумваюся пра мэтазгоднасьць прысутнасьці тэлевізара ў камэры. Усе перадачы загадзя падбірае мясцовы ідэалягічны аддзел. Вечарамі пускаюць такую махровую антысэміцкую і антызаходнюю прапаганду, што робіцца брыдка. Адкрытае мэтанакіраванае распальваньне варожасьці і прапаганда гвалту. А гэта ўжо артыкул Крымінальнага кодэксу. Можа, накатаць у пракуратуру «цялегу» на КДБ?


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





22 сакавіка, аўторак

Выклік на допыт можа азначаць толькі адно: сьледчы рэагуе на мой зварот. Значыць, працэс пайшоў. Вывернуў кішэні. Шчоўкнулі на запясьцях кайданкі. Рухаемся калідорамі. З прыпынкамі каля сьцяны пры набліжэньні кагосьці, хто ідзе насустрач. А вось і канчатковая мэта нашага маршруту. На дзьвярах таблічка «Ідзе допыт». У невялікім кабінэце за сталом незнаёмы малады чалавек. На мяне толькі кароткі позірк. Запоўніў паперку, сунуў яе ў руку кантралёру. На стале ані тэчак, ані папер. Значыць, размова будзе кароткая. Але дзе ж ты, мой сьледчы? Нарэшце ўзмахам рукі незнаёмы прапануе мне заняць месца насупраць. Сядаю на зэдлік.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота


— Маё прозьвішча Бычак, я сьледчы, які вядзе вашу справу.

— Во як! І як даўно ў мяне новы сьледчы? А дзе ж ваш калега? Пайшоў на павышэньне?

— Зьмена сьледчага — нармальная, звычайная працэдура. Для вас гэта не азначае абсалютна нічога.

Голас сухі і з халадком. З паніжальным градусам.

— Па сутнасьці вашага пісьмовага звароту. Хачу вам паведаміць, што ніхто не абмяжоўвае ў правах вашага адваката ў доступе да вас.

— Чаму ж я ня бачу яе зь мінулага году?

— Гэта пытаньне не да мяне. Адвакатаў шмат, а колькасьць месцаў для сустрэч абмежаваная.

— Ясна, я так і думаў. Ну, у такім выпадку, можа, вы праясьніце, у якім стане мая справа?

— Вы ж самі адмовіліся ад супрацоўніцтва са сьледзтвам. Калі ваша пазыцыя зьмянілася — вось папера і ручка.

— Вы ня горш за мяне ведаеце, што нічога новага я вам сказаць не магу! Я закладнік...

— Які вы закладнік? Вы падазраяцеся ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства, і цяпер ідзе збор фактычных доказаў, — Бычакаў голас — як з халадзільнай камэры.

— Ну то прад’яўляйце доказы!

— І прад’явім!

Далей была даволі доўгая прамова, вельмі падобная да выступу пракурора ў судовым пасяджэньні. Мяне папракнулі ў нелюбові да беларускага народу. Затым дасталося на арэхі за сувязі з рознымі нядобрымі міжнароднымі арганізацыямі. І наагул, пара ўжо перастаць з намі цацкацца.

Было ясна, што гутарка зайшла ў тупік. Адзінае, што зьляцела з маіх вуснаў:

— А вы далёка пойдзеце, малады чалавек. На такіх ёсьць попыт.

Бычак схапіў трубку тэлефоннага апарата на тумбачцы і крыкнуў у яе:

— Забярыце падсьледнага!

Тут жа зьявіўся кантралёр. Часу, пакуль вялі ў камэру, хапіла на хуткі аналіз сытуацыі. Што можа азначаць гэтая ратацыя сьледчых? Што мая справа ня мае добрай судовай пэрспэктывы і яе скінулі ад важняка пачаткоўцу-стажору? Гэта погляд аптыміста. І ад гэтай высновы зрабілася весялей.

Нічога, акрамя алергіі, сьледчы не выклікае. У яго ўжо сфармаваная думка пра мяне і выпрацаваная пазыцыя па справе
Хоць ад думкі, што давядзецца мець зносіны з гэтым «бээрэсэмаўцам» (спрацавала мясцовая звычка ўсіх надзяляць мянушкамі), было не зусім камфортна. Ацэнка пэсыміста: самаўлюбёны, амбітны малады служака. Ну, зрэшты, мне зь ім дзяцей не хрысьціць.

У камэры я яшчэ раз прааналізаваў зьмены ў сваёй справе. Так, нічога, акрамя алергіі, сьледчы не выклікае. У яго ўжо сфармаваная думка пра мяне і выпрацаваная пазыцыя па справе. Праўда, па самой справе ён нічога талковага не сказаў, спаслаўшыся на неабходнасьць дадатковага вывучэньня. Гэта можа азначаць, што справа пустая, што нічога новага ў ёй не зьявілася.

У Ігара таксама была сустрэча са сьледчым. Яму прапаноўваюць «жменю пернікаў». Але для пачатку трэба прызнаць сваю віну. А яшчэ сьлядак намякнуў, што ягоны шэф дае прызнальныя паказаньні і ўсе стрэлкі пераводзіць на Каранеўскага. Маўляў, можаш спазьніцца. Ігар, аднак, не сьпяшаецца кідацца на дармовыя пернікі, якія нагадваюць бясплатны сыр у пастцы. І калі глядзець з маёй званіцы, то слушна робіць.

* * *

На вячэру замест чаканага малочнага супу далі некалькі кавалкаў селядца і вараныя буракі. Прыйшлося ахвяраваць усё гэта падсобнай гаспадарцы КДБ. Наколькі я ведаю, Лукашэнка замацаваў за кожным ведамствам калі не гаспадарку, то сьвінафэрму. Такія ёсьць і ў Нацыянальнага банку, і ў Міністэрства ўнутраных спраў. Так што хай такую вячэру ядуць падшэфныя сьвіньні КДБ.

Абмежаваліся тонкім скрылёчкам сала і гарбатай зь некалькімі сухарамі. Разгрузачная вячэра.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





23 сакавіка, серада

Была магчымасьць замяніць мае плястыкавыя міскі на больш прэстыжныя, зь нержавейкі. Такое магчыма, калі хтосьці пакідае СІЗА. Але я ня стаў гэтага рабіць. Напэўна, спрацавала сіла звычкі. Няхай сабе трачу на мыцьцё некалькі лішніх хвілін, бо да плястмасы ўсё ліпне мацней, чым да мэталу, але гэта мае міскі, яны са мною зь першага дня ў «амэрыканцы». Да таго ж такіх няма ані ў кога. Эксклюзіўныя.

А вось казённая конаўка зусім безаблічная, ды яшчэ і нефункцыянальная: малая, на тры-чатыры глыткі. Прыстасаваў яе для скарыстаных пакуначкаў гарбаты. Другасная сыравіна для паўторнага чаяваньня.

Каюся, дзьве такія конаўкі я вынес з прыёмніка-разьмеркавальніка як баявы трафэй. Адну падараваў віцэ-прэзыдэнту ЗША Дыку Чэйні
Дарэчы, на Акрэсьціна конаўкі былі не абы-якія — алюмініевыя, часта нават бяз ручак, і пакрытыя такім тынкам часу, што сказаць, якога яны колеру, было вельмі цяжка. Піць гарбату з такіх кубкаў — цэлае майстэрства, бо трымаць іх голымі пальцамі проста немагчыма, а вусны ўмомант могуць расплавіцца ад неасьцярожнага дотыку. Каюся, дзьве такія конаўкі я вынес з прыёмніка-разьмеркавальніка як баявы трафэй. Адну падараваў віцэ-прэзыдэнту ЗША Дыку Чэйні. Зь ім беларуская дэлегацыя (у асноўным сваякі выкрадзеных апанэнтаў улады) сустракалася ў Вільні. Я тады сказаў, што пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году амаль тысяча грамадзянаў Беларусі апынуліся за кратамі. І вось з гэтых самых алюмініевых конавак мы пілі гарбату. Чэйні расчуліўся, гэта было вельмі прыкметна, і ўважліва разглядаў незвычайны падарунак. Б’юся аб заклад, нічога падобнага яму не дарылі. Праўда, як часта бывае, прэса сёе-тое дадумала, сёе-тое дамалявала, і ў выніку атрымалася, што віцэ-прэзыдэнт ЗША тут жа наліў у гэтую акрэсьцінскую конаўку віна і падняў тост за свабоду Беларусі. Гучыць забаўна, але не адпавядае рэчаіснасьці.

Другая конаўка, з надрапаным яшчэ на Акрэсьціна «За свабоду!», стаіць на шкляной паліцы ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

І ўжо калі рабіць поўную інвэнтарызацыю турэмнага сталовага набору, то нельга ня ўспомніць «лыжкі» на Акрэсьціна. Замест іх нам давалі абрубкі — частка лыжкі, але бяз ручкі. І гэтым абрубкам трэба было сёрбаць капусту, есьці макарону. Палітычныя адмаўляліся! Была цэлая вайна за права карыстацца лыжкай, і доўжылася яна некалькі гадоў. Ініцыятарам і тварам пратэсту быў Валер Шчукін. Былы марскі афіцэр, былы камуніст, а цяпер праваабаронца і проста добры, неабыякавы чалавек.

Валеры Шчукін
Валеры Шчукін


І, трэба сказаць, урэшце барацьба завяршылася перамогай палітвязьняў. Сёньня на Акрэсьціна пакуль яшчэ няма відэльцаў, няма нажоў, але ёсьць нармальныя, не пакалечаныя лыжкі.

Дыкенз і ягоная «Крама старажытнасьцяў» мяне зачаравалі. Звычайна кнігі з такім дробным шрыфтам я адразу адкладаю ўбок: нефармат для маіх вачэй. Але тут ня змог адмовіць сабе ў асалодзе. Праўда, каб яе атрымаць, трэба значна больш намаганьняў. Але яно таго варта.

Кніга пад падушкай. Чытаць хочацца заўсёды, але раніцай і ўвечары, пры сьвятле лямпы, больш за паўгадзіны не выцягваю. Пры лямпе і дзённым натуральным сьвятле, асабліва ў сонечны дзень, магу і гадзіны дзьве безь перапынку прабягаць вачыма старонкі. Галоўнае, знайсьці правільнае месца для чытаньня. Звычайна гэта або зэдлік каля вакна, і на ім у позе чаплі, або поза лотаса на верхніх нарах бліжэй да лямпачкі.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




24 сакавіка, чацьвер

Нарэшце да мяне дапусьцілі адваката. Толькі мы вярнуліся з шпацыру, і тут каманда: «На допыт!» Настроіўся на сьледчага, аднак у пакоі ўбачыў Ірыну Бурак. Першым чынам яна распавяла пра свае няўдалыя спробы атрымаць дазвол на сустрэчу. Спроба, як бачым, расьцягнулася на месяцы. Аказваецца, адвакаты палітычных праводзілі ў прыёмнай цэлыя дні, чакаючы дазволу на сустрэчу зь фігурантамі «справы 19 сьнежня». Але ў выніку ўсім адказвалі аднолькава: няма месца для правядзеньня сустрэч. Маўляў, не штурхайцеся, занята! Цяпер, праўда, сытуацыя рэзка зьмянілася. Дзьверы «амэрыканкі» расчыніліся. Наросьцеж! Але гэта, хутчэй за ўсё, зьвязана з выхадам спраў у судовыя пасяджэньні. Да таго ж улады імкнуліся не дапусьціць працёку інфармацыі пра падзеі ў СІЗА, калі тут дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча і бясчынствавалі маскі. Цяпер і гэтая старонка перагорнутая, з публічным скандалам і грамадзкім рэзанансам.

Ірына была настроеная ўжо ня так аптымістычна, як на першых сустрэчах, у сьнежні мінулага году. Больш за тое, яна спаслалася на недахоп досьведу ў такіх справах і выказала сумневы, ці можа быць эфэктыўнай у судзе.

— Можа, паглядзець яшчэ каго з адвакатаў? Ці маеце каго на воку? Калі справа дойдзе да суду, то гэта будзе палітычны працэс, а сёньня ня кожны возьмецца за такую справу.

На судовым працэсе адвакат мне і не патрэбны. Мне неабходны чалавек, які ажыцьцяўляў бы сувязь з маёй сям’ёй і які ў крытычнай сытуацыі ня здрэйфіць, не саскочыць
Так, сапраўды, ня кожны мясцовы адвакат возьмецца за маю справу. Гэта на Ўкраіне, і нават у Расеі, кожная рэзанансная справа — шанец для адваката, тое, з чаго складаецца ягоная рэпутацыя і, адпаведна, далейшыя ганарары. У Беларусі ж на палітычных справах можна моцна пасьлізнуцца. Аж да забароны на прафэсію. Ня кожны рызыкне коўзацца па тонкім лёдзе.

Уласна, на судовым працэсе адвакат мне і не патрэбны. Я маю дыплём юрыста і, самае галоўнае, багаты асабісты досьвед. Мне неабходны чалавек, які ажыцьцяўляў бы сувязь з маёй сям’ёй і які ў крытычнай сытуацыі ня здрэйфіць, не саскочыць.

Што да Ірыны Бурак, то ёсьць адчуваньне, што зь ёй правялі «прафіляктычную гутарку». А можа, чалавек проста добрасумленна ацаніў свае магчымасьці і здольнасьці.

Гэта былі думкі пра сябе. Ірыне ж я сказаў:

— Сустрэньцеся са Сьвятланай і скажыце, каб яна перагаварыла з Валерам Зінкевічам. Здаецца, ён у адвакатуры Ленінскага раёну. Яна ведае, пра каго гаворка.

— Я гэта зраблю ўжо сёньня.

Ірына пацьвердзіла, што запрацаваў судовы канвэер. Ужо ёсьць першыя асуджаныя. Даюць па тры-чатыры гады. Пакуль гэта тычыцца толькі шараговых удзельнікаў Плошчы. Значыць, «арганізатарам» будуць супастаўныя ці большыя тэрміны. Спалоханая ўлада ня можа быць міласэрнай. Ёй патрэбна публічная лупцоўка. На навуку, дзеля помсты. Краіну тыцнуць носам у прысуды. Бязьлітасныя і бессэнсоўныя.

Канструявалі «эканамічны цуд», а выйшаў БУЛАГ (Беларусь, Управляемая Лукашенко Александром Григорьевичем). Запускалі ў космас спадарожнік «БелКА», а ён ляснуўся. Будавалі вось Менск — Масква —Пэкін — Дэлі, а збудавалі БУЛАГ
Так, доўгачаканая сустрэча з абаронцам пакінула дваістае ўражаньне. З аднаго боку, добра, што адноўлена магчымасьць кантактаў з абаронай. Прынамсі, буду ў курсе таго, што дзеецца за мурамі «амэрыканкі». Але з другога — я ня ведаў, як паставіцца мой стары знаёмы да прапановы быць маім абаронцам у судовым працэсе. З Валерам Іванавічам Зінкевічам мы даўнавата не перасякаліся. Хоць, у прынцыпе, гэта ягоная праца. Так што застаецца спадзявацца на станоўчы вынік перамоваў, бо Ірына мне ў гэтай справе ўжо не памочніца.

І што ж гэта за краіна такая, дзе і адвакат бывае дэфіцытам? Канструявалі «эканамічны цуд», а выйшаў БУЛАГ (Беларусь, Управляемая Лукашенко Александром Григорьевичем). Запускалі ў космас спадарожнік «БелКА», а ён ляснуўся, ледзь узьляцеўшы з БУЛАГу. Будавалі вось Менск — Масква —Пэкін — Дэлі, а збудавалі БУЛАГ.

Так, мы пабудавалі БУЛАГ, у якім вычварна спалучаюцца, пераплятаюцца крыжы на цэрквах і праваслаўны атэізм, запоўнены танным правіянтам страўнік і пустата душы чалавечай, усёмагутнасьць КДБ і немач закону.

Дарэчы, як ні дзіўна, найлепшы рэпартаж пра БУЛАГ і яго архітэктара быў зроблены беларускім тэлебачаньнем. Лукашэнка хоць і называе сябе праваслаўным атэістам, але як мінімум раз на год наведвае галоўны праваслаўны храм краіны. На Вялікдзень. Часам і на Каляды. Натуральна, БТ падрабязна асьвятляе такую важную падзею. І вось адзін з такіх рэпартажаў колькі гадоў таму запомніўся, мабыць, ня толькі мне.

Катэдральны сабор повен прыхаджанаў. Лукашэнка са сьвітай праходзіць усярэдзіну. Паства, як і належыць на Вялікдзень, сустракае яго воклічамі: «Хрыстос уваскрос!» Зьдзіўлены твар правіцеля на ўвесь экран. Ён кідае позірк направа, налева. Потым прыкладае руку да сэрца і адказвае на вітаньні: «Дзякуй!»

Лукашэнка сапраўды даўно ўжо вырваўся зь цеснай пасады прэзыдэнта Беларусі. Яму ўжо сумна пад балдахінам правіцеля. Ён адчувае сябе нейкім боствам. І ён, вядома ж, бязгрэшны. На яго не распаўсюджваюцца правілы сьвецкага жыцьця. Ён жыве і правіць паводле сваіх паняцьцяў.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку

З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!

Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча

Сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»

Валасок Арцёмкі, помста Баптыста, прапанова ад Лукашэнкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG