16 сакавіка, серада
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Свой фізычны стан ацэньваю здавальняюча. З праблемаў — толькі тое, што лопнуў чарговы сасуд у воку. Гэта наступства, а прычына — дрэнная асьветленасьць камэры плюс агульная аслабленасьць арганізму. Гэта паўтор напісанага ўжо не аднойчы, але дыягназ можна толькі паўтараць.
Затое маральна-валявы дух — зусім нічога сабе. Што і фіксую ў лісьце. «Рэсурс трываласьці маёй не бязьмежны, але дазваляе з усіх сытуацый, што былі і, можа, будуць, выходзіць годна, захоўваючы самапавагу і адданасьць сваім жыцьцёвым прынцыпам».
* * *
Інфармацыя ўсё ж прарываецца скрозь мэтровыя сьцены «амэрыканкі». Гэта здараецца падчас прагулак. Пры ўмове, што ўключаюць FM-станцыі, а ня круцяць касэты пра Мурку. Але на навінны блёк яшчэ трэба натрапіць. Калі на шпацыр выходзіш апошнім, то, як правіла, пралятаеш міма інфармацыйнага патоку. Сёньня наша камэра сышла на выгул першай. Вельмі ўдала. Даведаліся пра «японскі Чарнобыль», трагедыю на атамнай станцыі Фукусіма. Жахліва! Ужо каму-каму, а беларусам ня трэба тлумачыць, што гэта значыць для краіны, для людзей. Ня толькі тых, хто жыве сёньня, але і тых, хто народзіцца заўтра. Хочацца верыць, што Японія — не СССР, і наступствы ня будуць такімі жудаснымі. Можа, чужое гора прыпыніць вар’яцкае жаданьне беларускіх уладаў будаваць атамную станцыю ў Астраўцы. Бо спаскудзяць жа, зьнявечаць такі цудоўны куток зямлі беларускай.
А яшчэ прайшла інфармацыя пра ваенныя дзеяньні ў Лібіі. Здаецца, у Муамара Кадафі сур’ёзныя праблемы. Экстравагантны палкоўнік вычарпаў крэдыт даверу мясцовых бэдуінаў. Стаміліся яны ад яго. Весткі зь Лібіі нас радуюць і натхняюць. Але б’юся аб заклад, што генэралісімуса Лукашэнку яны нэрвуюць і насьцярожваюць. Апошнім часам беларускі рэжым быў моцна арыентаваны на супрацоўніцтва і каапэрацыю з сабе падобнымі. Здаецца, прастора гэтага супрацоўніцтва сьціскаецца нават на афрыканскім кантынэнце. Падзеі ў Лібіі — яшчэ адна вестка аўтарытарным рэжымам. Усе яны сканчаюць аднолькава дрэнна.
* * *
Зь перадачай атрымаў пару новых маек. Уткнуўся ў адну зь іх. «Інгаляцыі» робяцца ўлюбёным заняткам. Надыхаўся. І раптам на тканіне бачу валасок. Арцёмкаў?! І праўда, ягоны. Расчуліўся. Беражліва спакаваў яго ў невялікі празрысты пакет. «Амэрыканка» зрабіла мяне сэнтымэнтальным як ніколі.
Ад сёньняшняга дня на нагах у мяне новыя вязаныя шкарпэткі. Напэўна, Сьветчыных рук праца. Гэтая думка — яшчэ адна дадатковая крыніца цяпла для душы і цела.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
17 сакавіка, чацьвер
Часам размаўляю з блізкімі. Пра сябе. Гутарка цераз адлегласьць. І калі пачынаю iкаць, то першая думка: яны, мабыць, таксама спрабуюць гаварыць са мной.* * *
Нейкія нядобрыя думкі. Нейкія сьлізкія прадчуваньні. Нейкі абрывачны, трывожны сон. Нейкая двухсэнсоўная размова з начальнікам СІЗА. Усё гэта насіць у сабе аказалася не пад сілу. Увечары засеў за ліст, і ў ім папярэдзіў і Сьвету, і Арцёма, каб былі ўважлівымі і асьцярожнымі на вуліцы, у ліфце, у кантактах зь незнаёмымі людзьмі. Нельга выключаць, што могуць быць учыненыя дзеяньні з налётам правакацыяў. У такім выпадку беражонага бог беражэ.
* * *
Час у СІЗА — гэта скрадзены час. У мяне. У маіх блізкіх. У краіны. Акалічнасьці
* * *
Час у СІЗА — гэта скрадзены час. У мяне. У маіх блізкіх. У краіны. Акалічнасьці прымусілі шмат што пераасэнсаваць. Я назіраю перамены ўнутры сябе. Я раблюся трохі іншым. Больш патрабавальным да сябе, ці што. Калі пашчасьціць у агляднай будучыні выйсьці на свабоду, мой распарадак жыцьця абавязкова зазнае зьмены. Перадусім буду вяртаць даўгі родным і блізкім. Час і ўвага — вось што я ім вінен. Да гэтай тэмы я зьвяртаюся ўсё часьцей і часьцей. Гэта маё пакаяньне!
* * *
Вечар дагарае аплаўленай сьвечкай. Цемра спусьцілася ў наш дворык, які ўпіраецца ў сьцяну. Сюды яна заўсёды прыходзіць крышачку раней. На праспэкце Незалежнасьці ў гэтыя хвіліны, напэўна, яшчэ блікі сонца на заходзе, а ў нас ужо змрок.
Звон — гэта нашы гаваркія куранты. Яны беспамылкова падказваюць, што да адбою засталася гадзіна. Я дапісваю апошнія радкі ліста. На адваротным баку канвэрта стаўлю лічбу «29». Столькі лістоў напісана маім любым.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
18 сакавіка, пятніца
Раніца пачалася з пагрозаў з вуснаў Баптыста. Кантралёру не спадабалася, што мы нібыта вяла і павольна шыхтаваліся за чырвонай разьдзяляльнай паласой. Прыгразіў карцэрам. Не спрацавала — рэакцыі ніякай. Пасьля двухмесячнага тэрору масак нас ужо цяжка нечым зьдзівіць, а пагатоў напалохаць. Бачачы наш спакой, Баптыст нэрваваўся і паскудзіў па-дробнаму. Не пасьпелі згатаваць ваду ў збане, як ён запатрабаваў кіпяцільнік назад. Потым «забыўся» выдаць нож нарэзаць сала. На давяршэньне ўсяго запатрабаваў дадаткова шліфаваць мокрай анучай халодны бэтон падлогі.* * *
Я тым часам прыняў рашэньне дзейнічаць. Задаўненая нявызначанасьць прыгнятае. Адчуваю, што пачынаю заводзіцца з паўабароту. Вакол мяне адбываюцца нейкія падзеі, нейкае варушэньне. Некага выклікаюць на допыт. Некага запрашаюць на сустрэчу з адвакатам. Некаму выносяць прысуд. А я — як пабочны назіральнік. Такое адчуваньне, што мяне, як рэч, засунулі некуды на антрэсолі і забыліся. І вось я ўжо амаль тры месяцы там «пылюся».
Надышоў час нагадаць пра сябе! Сёньня перадаў празь дзяжурнага пісьмовы зварот на імя сьледчага Салдаценкі, у якім выклаў усё, што тычыцца маёй сытуацыі. Па-першае, поўнае няведаньне адносна ходу расьсьледаваньня па маёй справе. Па-другое, забарона на кантакты з адвакатам. Вядома ж, не абмежаваўся простым апісаньнем таго, што адбываецца, і прапанаваў даць тлумачэньні па сутнасьці сфармуляваных пытаньняў, і, пажадана, падчас асабістай сустрэчы.
Улічваючы «паўзучую лібэралізацыю», якая назіраецца апошнім часам, сьледчы не павінен праігнараваць мой зварот. На гэта ён і разьлічаны. Увяжамся ў бойку, а ўжо там пабачым. Прынамсі, горш ня будзе. А нейкую інфармацыю з гэтай сустрэчы я абавязкова вывуджу.
У астатнім цьмяная пятніца ня высьвеціла ніякіх падзеяў, вартых увагі. І не без задавальненьня я паставіў тлусты крыжык на лічбе «18» у самаробным календары.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
19 сакавіка, субота
Ад астрогу няма перасьцярогу. Гэта праўда. Калі б гадоў дваццаць назад мне хто сказаў: маўляў, цябе чакаюць турэмныя нары, — я б ня проста пакрыўдзіўся. Я б абурыўся. Ну а цяпер, кідаючы позірк у мінулае, я ўсьміхаюся. Больш за тое, я ганаруся, што ў маім жыцьці былі дзясяткі затрыманьняў, арыштаў. Мне ня сорамна сказаць пра гэта ў любой аўдыторыі.Адны і тыя ж словы, але вымаўленыя ў розных сытуацыях, нясуць розны сэнс і значэньне. Калі на прэс-канфэрэнцыі вы кажаце, што ў імя прынцыпаў гатовыя ахвяраваць шмат чым, гэта гучыць прыгожа. Я і сам ня раз пра гэта казаў і чуў, як гэта казалі іншыя. У тэлекамэру, у мікрафон, на мітынгах, на сустрэчах. Калі ж вы паўтараеце гэта самому сабе ў паўзмроку камэры СІЗА КДБ, гэта, можа, ня так ужо прыгожа, але за гэтым стаіць нешта значна большае, чым проста словы. Я сапраўды веру ў тое, што я кажу, і ў тое, што я раблю.
Лукашэнка прапанаваў кожнаму сябру ягонай перадвыбарнай каманды выбраць сабе партфэль. Прычым зрабіў гэта адкрыта, у прысутнасьці дзесяці-дванаццаці чалавек. І гэта было шчыра. Так я думаю і сёньня. Практычна ўсе сфармулявалі запыты-прапановы. І ўсе яны без выключэньня былі задаволеныя
Я ня стаў гэтага рабіць. Чаму? Самы час пра гэта сказаць. Абставіны спрыяюць. У маім цяперашнім становішчы няма сэнсу размалёўваць сытуацыю каляровымі алоўкамі. У прэсе гуляе некалькі вэрсіяў. Аўтар адной — сам Лукашэнка. Ён ня раз казаў, што Лябедзька хацеў быць міністрам замежных спраў, а я, маўляў, прапаноўваў яму пасаду міністра адукацыі. Для пачатку варта заўважыць, што міністэрская пасада ў любым словазлучэньні прэстыжная. Але калі шчыра, то ні першае, ні другое не адпавядае рэчаіснасьці. У 1994 годзе на пасаду кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства прэтэндавалі двое — Уладзімір Сянько і Георгі Таразевіч. Я быў сярод тых, хто лабіраваў першага, і гэта можа пацьвердзіць дзясятак людзей. І на той час Сянько быў добры выбар. Прафэсійны дыплямат, інтэлігентны, адукаваны, арыентаваны на эўрапейскія каштоўнасьці і стандарты. Гэта пазьней ён стане служкам улады, якіх сотні. А ў 1994-м гэта была асоба.
Я ледзь не ўзначаліў Прэзыдэнцкую раду, структуру, якая павінна была стаць пляцоўкай для ўзаемадзеяньня ўлады, апазыцыі, прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў. Мы сядзелі ў кабінэце ў Лукашэнкі, перад ім ляжаў указ...
Я не адчуваў няёмкасьці, не крыўдаваў. Я быў дэпутатам парлямэнту, і мне ня трэба было думаць пра хлеб надзённы. У мяне быў працоўны кабінэт на тры вакны, пэрсанальны аўтамабіль і сакратарка. Не вазьму на сябе сьмеласьць сьцьвярджаць, што б я рабіў, калі б быў пазбаўлены ўсяго гэтага. Але тады я мог дазволіць сабе заставацца самім сабой. Гэта вялікая раскоша для кожнага, тым больш для палітыка.
Пры гэтым пэрыядычна мне тэлефанавалі празь вяртушку з прыёмнай прэзыдэнта: Аляксандар Рыгоравіч запрашае вас на працоўную нараду. (Так было да скандалу зь «белымі плямамі».) Я пераходзіў з правага крыла будынка, дзе засядаў парлямэнт, у левае, дзе разьмяшчаліся адміністрацыя кіраўніка дзяржавы і ўрад. На гэтых сустрэчах-нарадах было нешматлюдна. Прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын, кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў. Часам намесьнік прэм’ера Міхаіл Мясьніковіч і галоўны памочнік прэзыдэнта Ўладзімір Канаплёў. Я бачыў нязьмерна зьдзіўлены твар заядлага бюракрата Мясьніковіча. На ім можна было бязь цяжкасьці прачытаць: а што робіць тут гэты пацан? То бок я.
Шчыра кажучы, тады я ня вельмі паглыбляўся ў працэдуры бюракратычнай кухні, але цяпер добра разумею зьдзіўленьне Мясьніковіча. Тады ў мяне сапраўды не было ніякіх пасадаў у структурах выканаўчай улады, і навошта Лукашэнка запрашаў мяне на гэтыя нарады, я і сам дакладна ня ведаю. Можа, яму падабалася, што я казаў тое, што думаю, а ня тое, што ён хацеў пачуць? А можа, яго інтуіцыя падказвала, што мяне трэба абавязкова ўставіць у абойму і тым самым прывязаць да сябе.
Як бы там ні было, але наступным разам мы сустрэліся з Лукашэнкам толькі летам 1995-га. Да таго часу ў краіне прайшоў першы раўнд парлямэнцкіх выбараў, і я зноў атрымаў дэпутацкі мандат. Больш за 60 працэнтаў выбарцаў, выбіраючы зь дзесяці прэтэндэнтаў, ужо ў першым туры прагаласавалі за маю пяцігадовую працу ў Ашмянскай выбарчай акрузе. Я быў шчасьлівы! Недзе на ўзроўні сёмага неба!
Дарма ты, Анатоль, адмовіўся працаваць у камандзе. Давай паедзем да людзей, паглядзі, паслухай, што яны кажуць. Яны ж усе мяне падтрымліваюць. Табе трэба заняцца канкрэтнай справай, а ня гэтай балбатнёй у парлямэнце
Плянавалася, што мы павінны былі ўкласьціся ў 20 хвілін, але прагаварылі больш за гадзіну. Першыя словы, зь якімі Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да мяне, былі наступныя: «Дарма ты, Анатоль, адмовіўся працаваць у камандзе. Давай паедзем да людзей, паглядзі, паслухай, што яны кажуць. Яны ж усе мяне падтрымліваюць. Табе трэба заняцца канкрэтнай справай, а ня гэтай балбатнёй у парлямэнце. Бяры Мытны камітэт». Пазьней я доўга разважаў: чаму мытны? Бо акрамя мяжы зь Літвой, якая праходзіла па тэрыторыі маёй выбарчай акругі, мяне з гэтым кірункам працы нічога ня зьвязвала.
У галаве ў мяне былі іншыя пляны і намеры. Я падзякаваў за прапанову і перавёў гутарку на прадмет нашай сустрэчы. Аднак Лукашэнка зрабіў яшчэ адзін заход у тэму, якая яго цікавіла. Маўляў, працы хапае, і, думаю, пасада віцэ-прэм’ера па сацыяльных пытаньнях — гэта тое, чаму ты дасі рады. Я мусіў другі раз падзякаваць і другі раз адмовіцца. І гэта было шчыра. Мне сапраўды падабалася праца ў парлямэнце, я быў моцна прывязаны да акругі, у якую ўклаў столькі часу і высілкаў. Дый статус дэпутата парлямэнту тады прыраўноўваўся да статусу міністра. Гэта не ішло ні ў якае параўнаньне з тым, што мы назіраем сёньня. Плюс мне падабалася займацца палітыкай, а стаць чыноўнікам — значыла адмовіцца ад улюбёнай справы. Рэшта часу сышла на абмеркаваньне ідэі, мэтаў круглага стала. У канцы гутаркі Лукашэнка ўхвальна кіўнуў і наклаў станоўчую рэзалюцыю. Тут жа выклікаў свайго памочніка Сяргея Посахава і даў указаньне рыхтаваць мерапрыемства. Здавалася, усё цудоўна. Але раніцай наступнага дня мне патэлефанаваў Посахаў і голасам салдацкай пахаронкі паведаміў, што круглы стол адмяняецца. Я да сёньняшняга дня ня ведаю, што здарылася, што адбылося за адну ноч. І хто стаў магільшчыкам мерапрыемства, якое задумвалася як пачатак агульнанацыянальнага дыялёгу. Вось такая яна, праўда.
А сапраўднага Лукашэнку мы ўсе пачалі адкрываць ужо пасьля інаўгурацыі. Адразу пасьля яе, на адной з сустрэч, ён, паказаўшы вачыма на тэчку, сказаў: «Анатоль, я даў указаньне камітэту праверыць цябе. На цябе нічога няма». Мяне тады ўразілі ня вынікі праверкі, а вочы Лукашэнкі. У іх стаяла позьняя восень. Здавалася б, чалавек павінен радавацца, што за мной ня цягнецца шлейф нейкіх цёмных, брудных спраў. Аж не.
Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Сэнс і разуменьне прыйшлі пазьней. Лукашэнка не працуе зь людзьмі, на якіх няма кампрамату і якіх немагчыма тузаць за нітачкі.
* * *
Я ў добрай спартыўнай форме. Адчуваю, што за апошні час моцна прыбавіў фізычна. Чым займаюся, калі вочы не чытаюць? Калі думкі не кладуцца ў рыфму? Калі мазгі не кампастуюць Баптыст або Якут? У гэты час я мучаю сваё цела. Яно абліваецца потам. Яно адгукаецца болем у цягліцах. Яно перарывіста дыхае стомай. А праз гадзіну ў яго іншыя адчуваньні. Яно дужае, пругкае, працаздольнае.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы
Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль
Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс
Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі
«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра
Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом
Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны
Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала
Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька
Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам
Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры
Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату
Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»
Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»
Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»
Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік
Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку
З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі
Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!
Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча
Сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»