Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Эгіпет ступіў на небясьпечны шлях


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заклікаў эгіпцян спыніць хвалю гвалту, якая ўзьнялася 14 жніўня пасьля жорсткага разгону сіламі правапарадку ў Каіры дэманстрацыі прыхільнікаў зрынутага прэзыдэнта Мухамада Мурсі.

Абама сказаў, што пасьля таго, як вайскоўцы ў пачатку ліпеня адхілілі ад улады прэзыдэнта Мурсі, існаваў шанец для паразуменьня бакоў канфлікту і захаваньня дэмакратыі. Але цяперашнія гвалтоўныя падзеі сьведчаць пра тое, дадаў Абама, што Эгіпет выбраў «больш небясьпечны шлях».

«Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць тыя захады, якія былі ўжытыя часовым урадам Эгіпту і сіламі бясьпекі. Мы асуджаем гвалт у дачыненьні да цывільных асобаў. Мы падтрымліваем унівэрсальныя правы, якіх патрабуе чалавечая годнасьць, у тым ліку права на мірны пратэст. Мы выступаем супраць увядзеньня ваеннага становішча, якое адмаўляе ў гэтых правах грамадзянам паводле прынцыпу, што патрабаваньні бясьпекі стаяць вышэй за індывідуальную свабоду або што сілай можна вяршыць правасудзьдзе», — заявіў амэрыканскі прэзыдэнт.

Адначасова Абама абвясьціў аб адмене супольных з Эгіптам вайсковых вучэньняў, якія былі заплянаваныя на наступны месяц.

Тым часам сёньня ў Эгіпце працягвалася жорсткае супрацьстаяньне прыхільнікаў зрынутага прэзыдэнта Мурсі і сілаў правапарадку.

У Каіры сотні прыхільнікаў Мурсі ўварваліся ў будынак ураду правінцыі Гіза, якая ўваходзіць у гарадзкую аглямэрацыю Вялікі Каір. Будынак быў падпалены.

Сотні ісламістаў заблякавалі горную дарогу ў Александрыі, патрабуючы вярнуць Мурсі да ўлады.

Сёньня эгіпецкія СМІ паведамілі, што яшчэ на 30 дзён працягнуты арышт Мухамада Мурсі, узятага пад варту 3 ліпеня, што справакавала цяперашні канфлікт.

Як мы паведамлялі, паводле афіцыйных эгіпецкіх крыніцаў, у крывавых сутычках сілаў бясьпекі з пратэстоўцамі загінулі 525 чалавек, а 3500 былі параненыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG