Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэстэрвэле заклікае Расею спыніць гвалт супраць геяў


Гіда Вэстэрвэле
Гіда Вэстэрвэле

З заклікам спыніць гвалт супраць гомасэксуалаў зьвярнуўся да Расеі кіраўнік Міністэрства замежных спраў ФРГ Гіда Вэстэрвэле.

Пра гэта паведаміў 7 жніўня ў Бэрліне прадстаўнік нямецкага МЗС. Ён выказаў занепакоенасьць тым, што праціўнікі гомасэксуалаў дамаўляюцца па інтэрнэце аб сустрэчах, а затым нападаюць на геяў і лесьбіянак.

Прадстаўнік МЗС ФРГ адзначыў, што нямецкае зьнешнепалітычнае ведамства пастаянна ацэньвае сытуацыю ў Расеі адносна ўзмацненьня перасьцярог ад паездак у гэтую краіну прадстаўнікоў сэкс-мяншыняў.

Са свайго боку, прадстаўнік МУС ФРГ адзначыў, што пытаньне аб мэтазгоднасьці прыпыненьня дэпартацый у Расею павінна разглядацца на ўзроўні фэдэральных зямель, паведамляе агенцтва dpa.

Між тым упаўнаважаны МЗС Расеі па правах чалавека Канстанцін Далгоў ў сувязі з набліжэньнем зімовай Алімпіяды ў Сочы заклікаў усіх замежных гасьцей паважаць расейскія звычаі і законы, у тым ліку і закон пра забарону гей-прапаганды сярод непаўналетніх. Ён назваў гэта пажаданьне цалкам нармальным.

Адначасова Далгоў перасьцярог ад палітызацыі сочынскай Алімпіяды.
«Усім вядома, што любыя спробы палітызацыі Алімпійскага руху і спаборніцтваў не адпавядаюць духу гэтага руху і адназначна контрпрадуктыўныя», — цытуе словы амбудсмэна Інтэрфакс.

4 сакавіка 2012 года адказваючы на пытаньні журналістаў падчас «Менскай лыжні-2012», Лукашэнка чарговым разам абрынуўся на кіраўніка нямецкага МЗС, назваўшы яго «ці то ружовым, ці то блакітным, які там нешта крычаў пра дыктатуру».

«Я, гэта пачуўшы, падумаў — лепш быць дыктатарам, чым „блакітным“, — вядома. Але Госпад зь ім», — заявіў Лукашэнка.

Прадстаўнікі Нямецкай асацыяцыі лесьбіянак і геяў (LSVD) выказалі абурэньне ў сувязі з гэтымі выказваньнямі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на адрас кіраўніка МЗС ФРГ Гіда Вэстэрвэле.

Як адзначыў у інтэрвію нямецкаму радыё PRIDE1 адзін зь лідэраў LSVD Гэльмут Мэльцнэр, Лукашэнка прадэманстраваў сябе ня толькі «нізкапробным пашляком», але і «дзікім гамафобам», а «такія праявы ў 21 стагодзьдзі проста недапушчальныя».

Напярэдадні адмысловую заяву ў сувязі з гамафобскімі выпадамі беларускага кіраўніка зрабілі і прадстаўнікі нямецкага ўраду. Прэсавы сакратар Штэфан Зайбэрт адзначыў абуранасьць Бэрліну і дадаў, што выпад Лукашэнкі ў бок Вэстэрвэле чарговым разам сьведчыць пра стаўленьне беларускага кіраўніка да асноўных правоў чалавека.
Гіда Вэстэрвэле так пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі:
«Гэтыя словы гавораць самі за сябе. Але нават пасьля гэтых словаў я не адступлюся ні на мілімэтар ад сваёй ранейшай ангажаванасьці ў пытаньні правоў чалавека і грамадзяніна ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG