Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як усё зьмяніць, ці чаму Беларусь самая лепшая краіна


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Viktar Malishevsky іранізуе з загалоўкаў праекту грамадзка-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!»:

– Будзьма, тым часам, працягвае пазытыўна пра наша беларускае. Наступны загаловак праекта «Культура паляпшае жыцьцё!»:

«Большасць самагубцаў у мінулым жыцьці нараджаюцца менавіта ў Беларусі».

Віктар прыводзіць сьпіс іншых загалоўкаў:

Дар’я Цітавец: «Беларусы зусім ня любяць сябе»;

Аляксандр Памідораў: «Наш горад багаты людзьмі, але яны збольшага – угнаенне для яго»;

Віктар Марціновіч: «Беларусы – цалкам нецярпімы, але баязьлівы народ»;

Тамара Бухцеева: «У Беларусі татальны дэфіцыт любові і ўвагі да бліжняга»;

Дзьмітры Навіцкі: «Язда па Беларусі – быццам у клей трапіў»;

Яўген Фёдараў: «Мы нават у райскія месцы едзем са сваёй турмой».

***

– Ці ўсе на месцах? – Гучна беларускай мовай пытаецца кіроўца рэйсавага аўтобуса ў пасажыраў. Прайшлі пашпартны кантроль на беларускай мяжы, трэба рушыць на Менск.

Кіроўца гаворыць беларускай мовай, нават калі пытаецца, ці патрэбныя каму іміграцыйныя карткі? Купка грамадзянаў Расеі абурана між сабою шушукаецца, астатнія пасажыры ўспрымаюць усё як само сабою зразумелае.

У прынцыпе, беларусы зьнешне ўсё ўспрымаюць так, нібы «нічога такога» не адбываецца.

***

Як і большасьць савецкіх дзяцей, я ня мог паверыць у сваё шчасьце: столькі людзей на плянэце, але менавіта мне выпала нарадзіцца ў самай-самай супэрскай краіне.

Калі я стаў падлеткам, я дазнаўся, што СССР далёка ня самая сьветлая старана Зямлі. Але я адчуў сябе шчэ больш шчасьлівым, калі зразумеў, што мне сярод нямногіх іншых пашчасьціла ўдзельнічаць у стварэньні новай – незалежнай, прагрэсіўнай, унікальнай краіны – Беларусі.

Памятаю, як мы зь сябрамі-студэнтамі сьмяяліся, калі дазналіся вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 1994. Калі студыёзусы, што пілі піва ў сквэрыку на Леніна, бачылі картэж новаабранага, чаго толькі не паказвалі ў бок лімузына №1.

Нерэальны абсурд, камізм, сарказм, чорны гумар і сатыра: вось азначэньні, якія пасуюць да характарыстыкі таго, што адбывалася ў тэлевізары і проста на вачох у цэнтры Менску. Калі б мне тады сказалі, што я буду пісаць гэтыя радкі на дваццатым годзе «камізму», я б засьмяяў чалавека зь неверагоднай фантазіяй.

У 1994-м падавалася, што яшчэ тыдзень-другі, і ўсё вернецца ў нармальнасьць. Ад траўня 1995 году мяне не пакідае адчуваньне, што ў актыўнай частцы беларускага грамадзтва пануе настрой: яшчэ крыху, і ўсё выправіцца – «так доўга цягнуцца ня можа».

Мае больш ці менш знаёмыя з Польшчы, Расеі і Ўкраіны заўжды дзівіліся, калі ў савецкім антуражы на фоне вестак з палёў рэпрэсій, я распавядаў, што ня менш за 40% (плюс-мінус, у залежнасьці ад году) беларусаў выступаюць за інтэграцыю з Эўропай, і што актыўная частка беларускага грамадзтва на поўным сур'ёзе разважае пра дэмакратычныя зьмены з прыцэлам на ўступленьне ў Эўразьвяз.

Неяк у цягніку Менск-Вільня я быў вымушаны слухаць размовы па тэме двух суседзяў – ЭГУшнікаў-першакурсьнікаў. Адзін падсумаваў:

– Эх, гадоў празь дзесяць уступім у Эўразьвяз, не раней.

– Чаго не раней?! – Шчыра зьдзівілася бабулька-кантрабандыстка, якая лавіла кожнае слова маладзёнаў.

***

Будзённа-непрыкметна пайшоў 20-ы год лучазарнасьці (ад 20 ліпеня, дня інаўгурацыі). На БТ стала менш адкрытай агітацыі, і больш «дыскусійных», праблемных перадачаў – «як ва ўсіх».

А ў незалежнай мэдыйнай, найперш інтэрнэтавай прасторы існуюць свае адрозныя ад БТ дыскусіі, рэйтынгі і лідэры меркаваньняў.

Яднае абедзьве паралельныя прасторы тое, што нельга крытыкаваць сваіх. Дзяржаўным – чыноўнікаў, недзяржаўным – кіраўнікоў партый і НЖО.

З абедзьвюх прастораў людзі будуюць свае жыцьці:

«Пад прыгнётам лукашэнкаўскім
Мы расьлі – сталелі,
Пад прыгнётам лукашэнкаўскім
Гралі мы вясельлі».

***

– А я летась на пэнсію выйшаў, – тлумачыць мне кіроўца аўтобуса. – Але працую, дочкі мае, хоць замуж павыходзілі, але там такія зяці, што яшчэ дапамагаць і дапамагаць.

Я пазнаў кіроўцу – гэта Мар'ян. Мы зь ім і ягонай сям'ёй пазнаёміліся на Чорным моры ў 1997 годзе. Мяне чапанула беларуская мова суседа па доміку. Мар'ян з таго часу зьнешне не зьмяніўся: у свой шэсьцьдзесят адзін год выглядае менш, чым на пяцьдзясят. А мяне ён не пазнаў, пакуль я не пачаў распавядаць пра сумесны адпачынак.

Мар'ян скончыў філфак у 1973 (калі я нарадзіўся), і ад таго часу водзіць аўтобусы далёкіх кірункаў. Усе сорак гадоў за стырном гаворыць – толькі па-беларуску.

***

Усё зьмяніць – гэта зьмяніць сябе, і, магчыма, крыху вакол сябе. Напрыклад шукаць лепшае ў людзях, і выбіраць лепшае з таго, што яны гавораць.

У тэксьце з праекту «Культура паляпшае жыццё!» ёсьць такія словы экстрасэнса, якія нагадалі мне, што мне пашчасьціла нарадзіцца ў самай-самай краіне:

– Каб выжыць у Беларусі, патрэбен унутраны акумулятар, уласная крыніца энэргіі, якая б ішла знутры. Гэта вельмі каштоўны вопыт для душы, якая нарадзілася тут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG