Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры Купальля патрэбная перасадка скуры


14-гадовай Ганьне, якая абгарэла на Купальлі, патрэбная перасадка скуры.

Маці дзяўчынкі спадарыня Вольга, якая таксама цяпер у апёкавым цэнтры, распавяла Свабодзе, што сама ідзе на папраўку, а яе дачку чакае апэрацыя і рэабілітацыя.

«У мяне са здароўем больш-менш усё добра, хоць прыгажуняй мяне і не назавеш. Апёкі амаль загаіліся, але ёсьць некаторыя наступствы, якія могуць быць небясьпечнымі. Таму пакуль не выпісваюць, — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода Вольга. — У маёй дачкі сытуацыя больш складаная. Патрабуецца перасадка скуры на правай руцэ. Магчыма, апэрацыя адбудзецца заўтра. Напакутавалася, канечне, яна ад болю і ад стрэсу. У яе былі апёкі ІІ і ІІІ ступені. Добра, што твар полымя мала закранула. Ганна амаль ня можа рухацца, з чужой дапамогаю можа сесьці. Учора намацала, што абгарэлі валасы, — моцна плакала. Але валасы — гэта нічога, адрастуць нанава. З Ганнай пастаянна знаходзіцца бабуля, бо дзяўчынка зусім бездапаможная, ня можа нават паесьці сама. Лекарка сказала, што ня менш за два тыдні пасьля апэрацыі яшчэ будзем ляжаць у лякарні. Гэта калі ня будзе наступстваў».

22 ліпеня спадарыні Вользе тэлефанавалі са сьледчага камітэту Крупскага раёну. Пыталіся, ці будзе падаваць позву на Алеся Пушкіна.

«Я пакуль ня ведаю, што адказаць. Таму што ня ведаю, якія наступствы будуць і што будзе з дачкой. Вядома, не хацелася б, бо Алесь добры чалавек і вельмі пацярпеў маральна. У мяне няма мэты, каб яго пасадзіць у турму. Зразумела, што гэта выпадковасьць, неасьцярожнасьць», — сказала спадарыня Вольга.

Маці іншай пацярпелай, 22-гадовай Паліны, увесь час побач з дачкой у Рэспубліканскім апёкавым цэнтры. Спадарыня Вераніка паведаміла Свабодзе, што ў яе дачкі справы ідуць добра, настрой бадзёры.

«Але калі выпішуць — пакуль невядома, усё залежыць ад таго, калі загояцца раны. Адразу пасьля здарэньня Паліне было цяжкавата: і боль, і стрэс, і спалохалася, і крыўдна, і нечакана. Але з часам боль праходзіць, я побач пастаянна, таму псыхалягічны стан Паліны добры», — кажа маці Паліны.

Спадарыні Вераніцы таксама тэлефанавалі са сьледчага камітэту Крупскага раёну. Яна адказала, што іх супольнае з Палінай рашэньне — позву не падаваць.

«Мы прэтэнзіяў да Алеся Пушкіна ня маем. Я так і сказала сьледчаму. Ні я, ні Паліна на Пушкіна зла не трымаем, таму што ніякай злой задумы ў яго не было, здарыўся няшчасны выпадак празь неасьцярожнасьць. Я Пушкіна асабіста ня ведаю. Але некалькі разоў размаўляла зь ім па тэлефоне. Ён сам тэлефануе, запытваецца пра стан Паліны. У мяне пра яго склалася добрая думка».

Няшчасны выпадак здарыўся ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Бабры (Крупскі раён Менскай вобласьці), у сядзібе мастака Алеся Пушкіна. Гатавалі крупнік. Агонь перакінуўся на сьпірт, які гаспадар заліваў у чан. У выніку апёкі рознай ступені атрымалі пяць чалавек, двое зь іх трапілі ў рэанімацыю. Празь некалькі дзён пацярпелых перавезьлі ў апёкавы цэнтар у Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG