Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі інтэрнэт за «залатым шчытом»


У мінулым стагодзьдзі паўсюднымі былі спадзяваньні, што імклівае разьвіцьцё інтэрнэту дапаможа дэмакратызаваць нават такую аўтарытарную і «замкнутую» краіну, як Кітай.


«Жэле на сьцяне»


Самым яркім выказваньнем, зьвязаным з такім спадзяваньнем, былі словы амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана ў 2000 годзе пра тое, што спробы кантраляваць інтэрнэт Кітаем нагадваюць яму спробы прыбіць жэле цьвіком да сьцяны. У той час Клінтан, як здавалася, сьцьвярджаў нешта відавочнае і банальнае.

Гэтыя спадзяваньні не былі апраўданыя. Аўтарытарнае кіраўніцтва Кітаю ня толькі што не адчула ніякай шкоды ад інтэрнэту, але навучылася па-майстэрску выкарыстоўваць новыя магчымасьці электроннай камунікацыі і новыя інтэрнэтныя тэхналёгіі дзеля ажыцьцяўленьня яшчэ большага кантролю над сваім грамадзтвам, даючы прыклад іншым рэпрэсіўным рэжымам, уключна зь Беларусьсю.

За апошнія 10-12 гадоў кітайскія ўлады разгарнулі армію дзяржаўнай кібэр-паліцыі, распрацоўшчыкаў адмысловага праграмнага забесьпячэньня і платных онлайн-прапагандыстаў, якім паставілі заданьні безупынна адсочваць і фільтраваць непажаданы з палітычнага гледзішча зьмест у інтэрнэце ды ствараць такі, які прасоўваў бы ідэалёгію кіроўнай партыі. Прыватным кітайскім інтэрнэт-кампаніям дазволілі разьвівацца толькі пад умовай, што яны ня будуць адхіляцца ад лініі партыі.

«Вялікая абарончая сьцяна»


У 2003 годзе ў ва ўсім Кітаі была ўведзеная ў карыстаньне сыстэма фільтрацыі зьместу ў інтэрнэце пад назвай «Залаты шчыт» (неафіцыйная назва: «Вялікая абарончая сьцяна»). Сыстэма, якая на загад кіраўніцтва краіны распрацоўвалася ад 1998 году, уяўляе сабою шэраг сэрвэраў на інтэрнэт-каналах паміж правайдэрамі і міжнароднымі сецямі перадачы інфармацыі. Доступ да сусьветнай інфармацыі ў Кітаі фільтруецца паводле сьпісу ключавых словаў, якія лічацца непажаданымі для дзяржаўнай бясьпекі, ды паводле «чорнага сьпісу» адрасоў непажаданых сайтаў. Сайты, разьмешчаныя ў самым Кітаі, праходзяць рэгістрацыю ў Міністэрстве прамысловасьці і інфармацыйных тэхналёгій, якая дазваляе выявіць аўтара непажаданага зьместу.

Замежныя пошукавыя машыны, якія працуюць у Кітаі, уключаючы Google, Yahoo і Bing, аналягічным чынам фільтруюць вынікі пошуку.

У студзені 2006 года кампанія Google адкрыла свой пошукавы сайт на кітайскай мове. Аднак паводле ўмоваў пагадненьня з кітайскім урадам, кампанія павінна была блякаваць доступ жыхароў Кітаю да сайтаў з палітычна некарэктным, з пункту гледжаньня кітайскіх уладаў, зьместам. Google закрыў гэтую сваю паслугу ў Кітаі ў 2010 годзе, ня столькі ў пратэсьце супраць абмежаваньняў доступу да зьместу ў сеціве, колькі з увагі на атакі кітайскіх хакераў, якія рэгулярна узломліваюць электронную пошту дысыдэнтаў ды ўрываюцца ў кампутэрныя сыстэмы замежных СМІ, якія паведамляюць аб падзеях у Кітаі.

«Нацыянальнае сеціва»


Што больш, кітайскім уладам удалося стварыць за «вялікай абарончай сьцяною» нешта накшталт асобнага, «нацыянальнага інтэрнэту», які ў сваіх правілах разьвіцьця і паводзін зьнешне нагадвае сусьветнае сеціва, аднак не ўключае непажаданага з гледзішча дзяржаўнага кіраўніцтва зьместу. Гэтым інтэрнэтам, як ацэньваецца, на сёньняшні дзень карыстаюцца 560 мільёнаў кітайцаў.

Абаронцы правоў чалавека ў гэтай сувязі падкрэсьліваюць, што Кітай паставіў рэкорд ня толькі па колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту, але і па колькасьці пакараных дысыдэнтаў, якія праз інтэрнэт спрабавалі распаўсюджваць зьмест, нязгодны з партыйнай лініяй. Сымбалем гэтых пакараных зьяўляецца кітайскі пісьменьнік і дысыдэнт Лю Сяобо, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2010 году, якога ў 2009 годзе прысудзілі да 11 гадоў турмы за «падбухторванне да падрыву дзяржаўнага ладу» — спробу распаўсюджваньня хартыі з патрабаваньнямі дэмакратычных свабодаў у Кітаі.

Гісторыкі разьвіцьця сусьветнага сеціва прыгадваюць, што першы мэйл, высланы зь Кітаю ў 1987 годзе, меў наступны зьмест: «Празь Вялікую сьцяну мы можам дабрацца да любога закутка ў сьвеце». У прынцыпе, такое магчыма і сёньня. Але не заўсёды магчыма адваротнае — дабрацца празь «Вялікую абарончую сьцяну» да любога закутка ў Кітаі.

Паводле экспэртаў брытанскага часопіса The Economist, у лік краінаў, якія набылі кітайскія тэхналёгіі фільтрацыі інтэрнэт-кантэнту, патрапіла і Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG