ПАДЗЕІ ДНЯ
Працягнецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў КНР.
У офісе партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) — круглы стол, прысьвечаны крымінальнай справе супраць Аляксея Шчадрова, які ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну арганізаваў прытулак для бяздомных.
На барысаўскім гарадзкім стадыёне адбудзецца матч 2-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў БАТЭ (Барысаў, Беларусь) — «Шахцёр» (Караганда, Казахстан). Пачатак у 19.00.
У Віцебску, у Мастацкім музэі, ў рамках фэстывалю «Славянскі базар» — выстава мастацкіх работ з фондаў Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча.
У ЗША пачнецца традыцыйны Тыдзень паняволеных народаў, у часе якога грамадзкасьць і палітыкі выказваюць салідарнасьць з нацыямі, што церпяць прыгнёт камуністычных і іншых недэмакратычных урадаў. Традыцыя нарадзілася ў ЗША ў пяцідзесятыя пасьляваенныя гады і ад 1959 году ўзаконеная прэзыдэнтам Эйзэнхаўрам.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
16 ліпеня лічыцца днём пачатку падзелу агульнай хрысьціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. У гэты дзень у 1054 годзе рымскі папа Леў ІХ наклаў анафэму на канстантынопальскага патрыярха Міхаіла.
1918 — у Екацерынбургу бальшавікі расстралялі расейскага цара Мікалая II разам зь ягонай сям’ёй.
1979 — прэзыдэнтам Іраку стаў Садам Хусэйн.
1990 — парлямэнт Украіны прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Украінскай ССР.
У гэты дзень нарадзіліся
1350 г. — вялікі князь ВКЛ Вітаўт.
1872 — Раальд Амундсэн, нарвэскі палярнік, падарожнік і першаадкрывальнік.
1908 — Юрка Лявонны (сапраўднае прозьвішча Леанід Юркевіч), адзін з вялікай групы беларускіх літаратараў, якія былі расстраляныя ў чорны дзень беларускай літаратуры 29 кастрычніка 1937 году.
У гэты дзень памерлі
1957 — Янка Чарапук, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, арганізатар беларускага жыцьця ў Чыкага
1976 — Янка Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзяяч. Сярод іншага займаўся гісторыяй беларускіх кітабаў (кніг, пісаных беларускімі мусульманамі арабскім пісьмом), падрыхтаваў «Беларуска-расейскі (Вялікалітоўска-расейскі) слоўнік».
1985 — Генрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры
1990 — Мікалай Арэхва, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, гісторык.
ЦЫТАТА ДНЯ
Дзе сёньня мяжа паміж свабодай і няволяй? Дзе крытэр, каб адрозьніць вольнага чалавека ад нявольніка? Гэтая мяжа — не турма. Сёньня ў турме можна быць больш вольным, чымся «на волі». Мяжа паміж свабодай і няволяй у першую чаргу ў нас саміх.
Аўген Калубовіч