Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: міліцыянты ганяюць, гандляры не здаюцца


Хапун у Пінску абмяркоўваюць дагэтуль
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00

Вулічны гандаль у Пінску ня зьнік пасьля 7 ліпеня, калі міліцыянты зрабілі жорсткі «хапун» гандляроў-пэнсіянэраў.

Людзі працягваюць гандляваць прысмакамі з свайго гароду і лесу.

Несанкцыянаваны гандаль у Пінску квітнее найперш каля рынкаў. Тут проста зь зямлі прадаюцца грыбы, ягады, агуркі і іншае. Гандлююць збольшага жанчыны ў сталым веку, хоць ёсьць і мужчыны, і моладзь.

Часам ля рынку праходзіць міліцыянт, тады ўсе гэтыя гандляры падхопліваюць свой тавар і перабягаюць на другі бок вуліцы. Потым вяртаюцца.

Бабулькі кажуць, што гандлююць самавольна, бо ім нявыгадна аплочваць месца на рынку, каб прадаць слоік ягадаў. Скардзяцца, што частку тавару забірае на праверку санстанцыя і ўжо не вяртае. Гандляры таксама наракаюць, што пэнсіянэры ня маюць ніякіх ільготаў, каб аплаціць месца на рынку.

На пытаньне, як разьвязаць праблему незаконнага гандлю, яны маюць свой адказ — трэба зрабіць адмысловы сацыяльны рынак, на які б пэнсіянэр мог прынесьці нешта на продаж.

Гандаль працягваецца і каля міні-кірмашу «Заходні» ў Пінску, дзе адбываліся падзеі 7 ліпеня. Жыхары суседняга дома кажуць, што міліцыянты ганяюць гандляроў ня першы раз, але тыя потым вяртаюцца.

Нават пасьля «хапуну» 7 ліпеня, калі пэнсіянэраў закідалі ў міліцэйскія машыны, а потым складалі пратаколы, каля рынку «Заходні» рызыкуюць гандляваць зь зямлі.

Тутэйшыя жыхары, якія былі сьведкамі «хапуну», лічаць, што супраціўляцца патрабаваньням міліцыянтаў было ня варта. Але, на іх думку, гандляры нікому тут не перашкаджаюць, а міліцыянты дзейнічалі жорстка.

7 ліпеня ў Пінску міліцыянты забіралі гандляроў у аўтамабілі, а тыя супраціўляліся. Людзі здымалі гэта на відэа. Інцыдэнт выклікаў хвалю абурэньня. За тыдзень відэа прагледзела больш за 77 тысяч чалавек.

Мужчыну, які заступаўся за гандляроў, аштрафавалі на 2 мільёны рублёў. Яшчэ дзьве пэнсіянэркі чакаюць суду за незаконны гандаль і супраціў патрабаваньням міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG