Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскага патрульнага, які забіў чарнаскурага падлетка Трэйвана Марціна, апраўдалі


Сям'я Трэйвана Марціна (маці Сайбрына Фултан і бацька Трэйсі Марцін) у зале суда
Сям'я Трэйвана Марціна (маці Сайбрына Фултан і бацька Трэйсі Марцін) у зале суда
Суд прысяжных у амэрыканскім штаце Флорыда ў суботу апраўдаў Джорджа Цымэрмана, які абвінавачваецца ў забойстве падлетка-афраамэрыканца Трэйвана Марціна ў 2012 годзе.

Грамадзкі патрульны Цымэрман, які ў лютым 2012 года застрэліў чарнаскурага падлетка, апраўданы па ўсіх пунктах абвінавачваньня. Апраўдальны вэрдыкт аднагалосна вынесьлі шэсьць жанчын-прысяжных у Флорыдзе — яны раіліся 15 або 16 гадзін на працягу двух дзён і ў рэшце рэшт пастанавілі, што падсудны мае рацыю, сьцьвярджаючы, што дзейнічаў зь меркаваньняў самаабароны. Абвінавачанага вызвалілі ў зале суда, да якога былі сьцягнутыя узмоцненыя падразьдзяленьні паліцыі. Прыхільнікі абвінаваўчага прысуду скандавалі «Няма справядлівасьці!». Адвакат Цымэрмана заявіў журналістам, што баіцца за жыцьцё свайго падабароннага. Калі б Цымэрмана прызналі вінаватым, ён мог бы атрымаць пажыцьцёвае зьняволеньне. Прысяжныя, у прыватнасьці, прынялі да ўвагі дзейны ў Флорыдзе закон аб самаабароне, які аддае перавагу ужываньню зброі перад іншымі відамі самаабароны.

Інцыдэнт, які стаў падставай для ўзбуджэньня справы, адбыўся у флорыдзкім горадзе Сэнфард 26 лютага 2012 году. 29-гадовы Цымэрман, патрулюючы вуліцы, заўважыў 17-гадовага цемнаскурага юнака Трэйвана Марціна, які падаўся грамадзкаму ахоўніку падазроным. Патэлефанаваўшы ў паліцыю, Цымэрман паведаміў аб «вельмі падазроным тыпе, які бязмэтава бадзяецца пад дажджом па вуліцы». Дыспэтчар выслаў на месца падзей патрульную машыну і параіў Цымэрману не перасьледаваць маладога чалавека, апранутага ў куртку з накінутым на галаву капюшонам. Патрульны тым ня менш ужыў зброю і застрэліў Марціна, патлумачыўшы пазьней свае дзеяньні патрабаваньнямі самаабароны. Як высьветлілася, Марцін ня быў узброены — пры ім выявілі бляшанку з газіроўкай і пакет ледзянцоў «Скітлз».

Паліцыя спачатку ня вылучыла абвінавачваньняў супраць Цымэрмана, аднак гісторыя з забойствам бяззбройнага чарнаскурага падлетка атрымала шырокі грамадзкі рэзананс, і ў красавіку 2012 году патрульнаму ўсё ж прад’явілі абвінавачваньні. Падчас судовага працэсу ён быў вызвалены з-пад варты пад заклад у 150 тысяч даляраў, але, паколькі грошы цалкам так і не былі выплачаныя, судзьдзя прыняў рашэньне аб паўторным арышце абвінавачанага. Цымэрман папрасіў прабачэньня перад бацькамі Марціна і заявіў, што ня ведаў пра тое, што юнак ня быў узброены.

Прадстаўнікі афраамэрыканскіх арганізацый назвалі тое, што адбылося ў Сэнфардзе, расавым забойствам. «Калі б у мяне быў сын, то ён бы выглядаў як Трэйван», — заявіў год таму прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Джордж Цымэрман — са зьмешанай сям’і: яго бацька — эўрапейскага, а маці — лацінамэрыканскага паходжаньня. У суботу ў некалькіх гарадах ЗША — у Нью-Ёрку, Чыкага, Маямі, Даласе — адбыліся дэманстрацыі афраамэрыканцаў на знак пратэсту супраць апраўдальнага прысуду Цымэрману. Паведамленьняў аб інцыдэнтах і масавых беспарадках не паступала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG