Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Пугачове патрабуюць выселіць чачэнцаў


Сёньня ў горадзе Пугачоў Саратаўскай вобласьці заплянаваны «народны сход» — чарговая несанкцыянаваная акцыя пратэсту з патрабаваньнем выселіць з населенага пункту і ўсяго раёну чачэнцаў, якія ня маюць прапіскі і пастаяннай афіцыйнай працы.

Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту сёньня пачаў расьсьледаваць справу аб забойстве 7 ліпеня 16-гадовым чачэнцам дэсантніка Руслана Маржанава.

Пасьля забойства ў горадзе прайшло некалькі несанкцыянаваных мітынгаў, іх удзельнікі перакрывалі трасу Саратаў — Самара. 9 ліпеня пасьля мітынгу на цэнтральнай плошчы Пугачова натоўп накіраваўся да будынка адміністрацыі. Як паведаміў нашаму Радыё карэспандэнт агенцтва «Вэрсия-Саратов» Антон Наўмлюк, натоўп патрабаваў, каб прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі выйшлі і зрабілі справаздачу, як праходзіць сьледзтва і якія меры будуць прынятыя для задавальненьня іх патрабаваньняў.

Будынак адміністрацыі быў ачэплены паліцыяй. Калі адміністрацыя праігнаравала патрабаваньні тых, хто сабраўся, яны зноў накіраваліся да ўскраіны гораду і перакрылі аўтамагістраль. Па дарозе адбылося некалькі сутыкненьняў з паліцыяй, якая спрабавала не дапусьціць рух калёны. Аднаго чалавека затрымалі, але натоўп адразу дамогся яго вызваленьня. Рух на трасе быў спынены, і паліцыя не змагла выцесьніць мітынгоўцаў з праезнай часткі. І толькі пасьля таго, як прыехалі віцэ-губэрнатар Дзяніс Фадзееў і сьпікер абласной думы Ўладзімір Капкаеў, людзі сталі разыходзіцца. Фадзееў стаў пераконваць натоўп сабрацца 10 ліпеня ў мясцовым Доме культуры. Аднак народ запатрабаваў правесьці сустрэчу неадкладна, і чыноўнікі пагадзіліся. У сустрэчы ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Сьледчага камітэту і пракуратуры.

У першую чаргу ўсіх цікавіла, як ідзе расьсьледаваньне забойства Руслана Маржанава. Прадстаўнік Сьледчага камітэту паведаміў, што падлетак, які забіў дэсантніка каля кавярні «Залатая бочка», некалькі месяцаў назад прыехаў у Пугачоўскі раён да сваякоў. Канфлікт паміж ім і Маржанавым узьнік тыдзень таму з-за дзяўчыны, злачынства было зьдзейсьнена на бытавой глебе і ня мела нацыянальнай падаплёкі. У 2010 годзе ўраджэнец Чачні Беслан Муда ў ля той жа кавярні «Залатая бочка» пяцьцю ўдарамі нажа забіў жыхара гораду Мікалая Вешнякова. Муда быў затрыманы, прысуджаны да дзесяці гадоў зьняволеньня і выплаце паўмільёна рублёў сваякам Вешнякова.

Успамінаючы гэтыя і іншыя сутыкненьня, удзельнікі мітынгу настойвалі на высяленьні чачэнцаў. Чыноўнікі адказвалі, што выканаць такое патрабаваньне немагчыма, і зрабілі справаздачу аб мерах, якія прымаюцца. Напрыклад, міграцыйная служба правярае ўсе парушэньні пашпартна-візавага рэжыму на тэрыторыі раёну для таго, каб выселіць незаконных мігрантаў. Такіх было выяўлена 2. Калі натоўп стаў пытацца, пра каго ідзе гаворка, віцэ-губэрнатар сказаў, што гэта жыхары Расеі і Армэніі, а не чачэнцы.

Сустрэча скончылася далёка за поўнач, ніякіх рашэньняў прынята не было, і многія яе ўдзельнікі былі расчараваныя. Яны абяцаюць самасуд, калі іх не задаволяць вынікі сьледзтва і суда.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG