Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жоўты крыж


Часам сьмерць пахне часныком.

Або гарчыцаю — каму як больш падабаецца. Трапіўшы на скуру, гэткая пякучая прыпраўка хутка распускаецца ў ліпіднай змазцы, пранікае ў глыбокія слаі эпідэрмісу, скура чырванее, сьвярбіць, ацякае. Узьнікаюць пухіры, абалонка якіх хутка рвецца, спараджаючы язвы — яны непазьбежна інфікуюцца і потым загойваюцца месяцамі, а на месцы язваў зьяўляюцца рубцы, маючы якія, немагчыма паварушыцца ад болю. Трапіўшы ў вочы, гэтая прыправа псуе зрок, выклікае сьлёзы, боязь сьвятла, ацёкі павекаў, гнойныя выдзяленьні. Панюхаўшы яе, можна страціць голас — або навек перастаць дыхаць. Яе пары ў пяць з паловай разоў цяжэйшыя за паветра, пападаньне ў кроў гарантуе вострае атручэньне ўнутраных органаў. Яна падступная — яе пах перастаеш адчуваць так хутка, быццам усё жыцьцё стаяў на гэтай д’ябальскай кухні. Дзе цябе гатавалі сто гадоў таму на апошні абед ужо асуджаным імпэратарам. А прадаўцы газэт крычалі за вакном пра вайну да яго, пераможнага. Канца, якога не відаць.

У ноч з 12 на 13 ліпеня 1917 году нямецкае войска, якое каля Іпру ў Бэльгіі мусіла спыніць ангельска-францускі наступ, упершыню выкарыстала гэтую сваю злавесную «прыправу» — іпрыт. Ахвярамі зрабіліся 2490 чалавек, 87 зь іх загінулі. Ад кропляў і выпарэньняў іпрыту ні зімовая, ні летняя ўніформа абараніць не магла — да канца першай сусьветнай ад іпрыту пацярпелі амаль 400 тысяч жаўнераў. Разабрацца, што гэта за брыда такая, брытанцы змаглі толькі ў самым канцы вайны. Хаця кажуць, што ад яе загінула менш салдатаў, чым ад фасгену — у іпрыту былі свае козыры: ён калечыў з амаль стоадсоткавай імавернасьцю.

Наогул, імёны ў яго былі розныя: «жоўты крыж» (паводле знаку на адмысловых, начыненых атрутаю гранатах), гарчычны газ, а таксама «lost» — па першых літарах прозьвішчаў бравых нямецкіх хімікаў Лёмэля і Штайнкопфа (Lommel und Steinkopf), якім, уласна кажучы, і прыйшла ў галовы ў 1916 годзе геніяльная ідэя труціць людзей «па навуцы». У Брытаніі яго часам называлі проста «гарчыцай», mustard. Ну, ды і ў чалавека назоваў ня менш: «жывая сіла», напрыклад, ці «варожая армія». «Патруціць, як прусакоў...» Мухі, катлеты, сарціры. Або вось так, паэтычна, рыхтык пра ноч над Іпрам: «мярцьвячына пад часночным соўсам».

Тыя хімікі, Лёмэль і Штайнкопф, пэўне, таксама марылі пра Нобэлеўскую прэмію. І — чаму не? — пра мір ва ўсім сьвеце. Пра славу... І сапраўды: чым яны былі горшыя за самога вынаходніка дынаміту? Цалкам магчыма, нямецкія навукоўцы таксама былі пацыфістамі і, адсылаючы ў штаб кайзэраўскага войска сваю прапанову наконт іпрыту, спадзяваліся, што вось тут ужо вайне прыйдзе канец — бо мусіць жа ў чалавецтва, нават калі яно ў пагонах, быць нейкі розум. Розум у чалавецтва сапраўды быў. З жоўтым крыжам на баку — каб з сумленьнем не пераблытаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG