Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пілігрымка Менск — Будслаў. Дзень пяты

абноўлена

Апошні, пяты дзень шляху — зь мястэчка Даўгінава да Будслава.

Менскія пілігрымы вырушылі ў дарогу разам з калёнай ў сямсот чалавек, бо ў Даўгінаве да менскай пілігрымкі далучыліся пілігрымкі іншых гарадоў: Вялейкі, Крупак, Баранавічаў ды іншых месцаў. Высьветлілася таксама, што да менскай групы далучыліся некалькі італьянцаў, якія маліліся і сьпявалі, у тым ліку на сваёй роднай мове.

У гэты дзень з Даўгінава да Будслава пілігрымы несьлі на сваіх плячах копію абраза Маці Божай Будслаўскай, пэрэгрынацыя якога адбывалася ў касьцёлах Беларусі з нагоды 400-гадовага юбілею. Гэтак сымбалічна быў паўтораны шлях, які абраз прайшоў 400 гадоў таму, калі з Даўгінава да Будслава яго несьлі на сваіх плячах манахі ордэну бэрнардынцаў.

Маці Божая Будслаўская

Маці Божая Будслаўская

Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі.

2 ліпеня 1992 адбылася першая адноўленая пілігрымка да абраза Маці Божай Будслаўскай.

2 ліпеня 1996 арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі перадаў папскую булу, у якой Маці Божая Будслаўская абвяшчалася патронкай Беларусі.

У 1998 кардынал Казімер Сьвёнтак каранаваў цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

За 17 кілямэтраў шляху пешую калёну апярэдзілі некалькі роварных пілігрымак, а таксама пілігрымы на матацыклах і аўтобусах. За апошнія два кілямэтры менскую пілігрымку ўзначаліў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Менавіта ў гэтыя хвіліны ўпершыню за пяць дзён распачаўся дождж. Лівень ліў няспынна, але арцыбіскуп і сьвятары ішлі з абразом Маці Божай Будслаўскай без парасонаў і дажджавікоў, а таксама зь непакрытымі галовамі.

У нацыянальным санктуарыі пілігрымаў чакаў абраз Маці Божай, да якой пілігрымы падышлі на каленях. Усіх іх падчас адмысловай імшы, прывітаў папскі легат, арцыбіскуп Жан-Люі Таран.

У прыватнасьці ён адзначыў, што папа Рымскі папрасіў перадаць прывітаньне моладзі, якая ёсьць будучыняй гэтай вялікай краіны. Што пантыфік таксама прасіў паведаміць, што ён любіць гэтую краіну, а таксама прасіў перадаць сваё блаславеньне.

Жан-Люі Таран прамаўляў па-француску, бо як паведаміў сам папскі легат, ён зьяўляецца французам і прамаўляў на роднай мове на знак пашаны сьвятой Тэрэзе, рэліквіі якой гэтаксама прыбылі ў Будслаў.

Пасьля гэтага адбылася ўрачыстая сьвятая імша за пілігрымаў з удзелам папскага пасланьніка. Галоўная сьвятая імша з вулічнай працэсіяй і запаленымі сьвечкамі распачнецца апоўначы. Мяркуецца, што ўдзел у ёй прымуць кадя 40 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG