Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцэйскае згвалтаваньне перарасло ў бунт


Штурм сялянамі райаддзелу міліцыі ва Ўрадзіеўцы Мікалаеўскай вобласьці можа перарасьці ў шырокамаштабныя пратэсты і рэвалюцыйныя падзеі, адзначаюць экспэрты.

Аднак, паводле міністра ўнутраных справаў, прычын для абурэньня няма, згвалтаваньне, зьдзейсьненае міліцыянтамі, што ў выніку і прывяло да штурму райаддзелу, — расьсьледуецца, а першыя вінаватыя ўжо пакараныя.

Мясцовыя жыхары пайшлі на штурм Урадзіеўскага аддзяленьня міліцыі пасьля таго, як стала вядома аб згвалтаваньні і жорсткім зьбіцьці Ірыны Крашковай. 29-гадовая жанчына знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане.

Як высьветлілася, да згвалтаваньня датычны супрацоўнік міліцыі. Аднак мясцовыя жыхары ўпэўнены, што злачынства зьдзейсьнілі двое міліцыянтаў.

Міліцыянты, якія забарыкадаваліся ў памяшканьні, ужылі супраць штурмуючага натоўпу сьлезацечны газ.



Крывавыя пратэсты, агульнадзяржаўныя грамадзянскія канфлікты і рэвалюцыі часта пачынаюцца з лякальных трагічных нагод, адзначыў у размове з Радыё Свабода доктар палітычных навук Сяргей Целяшун. Палітыкі могуць выкарыстаць сытуацыю ва Ўрадзіеўцы Мікалаеўскай вобласьці для падбухторваньня насельніцтва, мяркуе ён.

Эфэктыўнае і хуткае расьсьледаваньне і адэкватнае пакараньне вінаватых можа патушыць хвалю пратэсту, лічыць Сяргей Целяшун.

У парлямэнцкай апазыцыі адзначаюць, што жыхары Ўрадзіеўкі пайшлі на разгром райаддзелу міліцыі не таму, што іх падбухторвалі палітыкі, а з-за таго, што ў іх скончыўся запас цярпеньня міліцэйскага самавольства і беспакаранасьці. У прыватнасьці, пра гэта ў залі Вярхоўнай Рады, зьвяртаючыся да прысутнага міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі, казаў дэпутат ад «Свабоды» Аляксандар Сыч.

«Характэрнай прыкметай грамадзтва зьяўляецца псыхалёгія этатызму, г.зн. пакланеньне перад усёмагутнасьцю дзяржавы. Простыя сяляне ня тое каб напасьці на аддзел міліцыі, а падысьці да яго баяцца. Калі ва Ўрадзіеўцы разграмілі аддзяленьне міліцыі — гэта азначае, што пяройдзеная мяжа», — лічыць Сыч.

Міністар унутраных справаў Украіны Віталь Захарчанка ўсклаў усю адказнасьць на мясцовых міліцэйскіх чыноўнікаў. Ён звольніў кіраўніка Ўрадзіеўскага райаддзелу міліцыі Віталя Сініцкага і адхіліў ад працы начальніка ўпраўленьня МУС у Мікалаеўскай вобласьці Валянціна Парсенюка.

Па падазрэньні ў згвалтаваньні Ірыны Крашковай быў затрыманы супрацоўнік Урадзіеўскага райаддзелу міліцыі Мікалаеўскай вобласьці капітан Яўген Дрыжак. Таксама затрыманыя лейтэнант міліцыі Дзьмітры Палішчук і мясцовы таксіст, які, паводле пацярпелай, таксама ўдзельнічаў у злачынстве.

Па факце масавых беспарадкаў і разгрому райаддзелу міліцыі распачалі крымінальную справу — па артыкулах «хуліганства» і «псаваньне маёмасьці», паведаміла Радыё Свабода прэс-сакратар пракуратуры Мікалаеўскай вобласьці Натальля Абрамава.

Прэзыдэнт Віктар Януковіч заявіў, што ўзяў пад асабісты кантроль расьследаваньне справы аб згвалтаваньні ва Ўрадзіеўцы Мікалаеўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG