ПАДЗЕІ ДНЯ
Чакаецца прысуд Андрэю Гайдукову ў справе, якая праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.
Цэнтар аналітычных ініцыятыў «Лібэральнага клюбу» арганізуе панэльную дыскусію на тэму «Адносіны Беларусі і ЭЗ: дэжавю напярэдадні лістападаўскага саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні». Канфэрэнц-заля гатэля «Эўропа». Пачатак у 19.30. Удзел прыме Майра Мора, кіраўнік Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.
Харватыя становіцца 28 краінай-сябрам Эўразьвязу.
Шасьцімесячнае старшынёўства ў Эўразьвязе пачынае Літва.
У Страсбуры на пленарнае пасяджэньне зьбіраецца Эўрапейскі парлямэнт.
У Вене пачынаецца пяцідзённая канфэрэнцыя МАГАТЭ па ядзернай бясьпецы.
Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад зь візытам у Маскве.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1569 — заключана Люблінская унія паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім.
1812 — Напалеон абвясьціў узнаўленьне Вялікага Княства Літоўскага і стварыў часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага.
1858 — упершыню агучаная тэорыя эвалюцыі Чарльза Дарвіна, згодна зь якой ўсе віды разьвіліся зь цягам часу з агульных прародзічаў праз працэс натуральнага адбору. Наяўнасьць эвалюцыі ў прыродзе была прызнаная навуковай супольнасьцю яшчэ пры жыцьці Дарвіна, але тэорыя натуральнага адбору стала агульнапрызнаным тлумачэньнем эвалюцыйнага працэсу толькі ў 1930-я.
1927 — нарадзілася Зора Кіпель, бібліёграф, літаратуразнаўца, публіцыстка, грамадзка-культурная дзяячка эміграцыі ў ЗША.
1940 — у савецкім канцлягеры загінуў Уладзімер Хадыка, беларускі паэт і перакладчык.
1963 — брытанскі ўрад прызнае, што Кім Фільбі працаваў як савецкі агент. Кім Фільбі нарадзіўся ў 1912 годзе ў Індыі. Быў завэрбаваны савецкай выведкай у 1934 годзе. У 1940 паступіў на службу ў брытанскую выведку. У 1944 стаў кіраўніком 9-га аддзела брытанскай выведкі, які займаўся савецкай і камуністычнай дзейнасьцю ў Вялікабрытаніі. Толькі за час вайны перадаў у Маскву 914 дакумэнтаў. З 1947 па 1949 гады ўзначаліў рэзыдэнтуру ў Стамбуле, з 1949 па 1951 — місію сувязі ў Вашынгтоне, дзе ўсталёўваў кантакты з кіраўнікамі ЦРУ і ФБР і каардынаваў сумесныя дзеяньні ЗША і Вялікабрытаніі па барацьбе з камуністычнай пагрозай. 23 студзеня 1963 Філбі нелегальна пераправілі ў СССР, дзе да канца жыцьця ён жыў у Маскве на пэрсанальную пэнсію. Памёр у 1988.
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ
«Малпа, ап’янеўшы аднойчы ад брэндзі, ніколі да яго больш не дакранецца. І ў гэтым малпа больш разумная ад большасьці людзей».
«Чалавек мае тэндэнцыю да росту ў большай ступені, чым яго сродкі да існаваньня».
«Выжывае ня самы моцны і ня самы разумны, а той, хто лепш за ўсіх прыстасоўваецца да зьменаў».
Чарльз Дарвін