Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Курс паступова «дапаўзе» да 9000


Апошнім часам адразу некалькі чыноўнікаў высокага рангу выступілі з заявамі пра тое, што падставаў да дэвальвацыі ў Беларусі няма.

Насуперак чаканьням, гэтыя словы насьцярожылі як адмыслоўцаў, так і шараговых грамадзянаў — напярэдадні трохразовай дэвальвацыі два гады таму былі дакладна такія ж заявы. Тым часам рубель працягвае здаваць пазыцыі адносна замежных валютаў. На таргах 20 чэрвеня зафіксаваны абсалютны максымум году — 8740 рублёў за 1 даляр ЗША, і сёньня гэтыя прапорцыі захаваліся. Чаго чакаць на фінансавым рынку.

На жывой лініі з падпісчыкамі «Народнай газэты» старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова запэўніла: ніякіх перадумоваў для дэвальвацыі няма, а інфляцыя па выніках году не перавысіць заплянаваныя 12%. Паралельна ў рэдакцыі газэты «Рэспубліка» колішні кіраўнік Нацыянальнага банку, а цяпер віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч гэтаксама шчыра зьдзівіўся пытаньню чытачоў: маўляў, хвалявацца няма прычынаў, а заробкі ў даляравым эквіваленце на будучы год падвысяцца яшчэ на сотню.

Ці ёсьць падставы давяраць такім заспакаеньням? Тым больш, што рубель у апошнія дні стала слабее. Доктар эканамічных навук Генадзь Лыч згадвае: у 2011 годзе, за два месяцы да першай хвалі дэвальвацыі, высокія чыноўнікі таксама гаварылі пра недапушчальнасьць дэвальвацыі, але ўратаваць рубель ад абвалу не ўдалося. Той жа Пётар Пракаповіч запэўніваў: пры ім нават 5-працэнтнай дэвальвацыі ня будзе, бо да гэтага няма ніякіх падставаў. Якія прычыны давяраць новым абяцаньням?

«Гэта, як кажуць, ужо зусім зь іншай опэры, — чаму яны так гавораць. Але ўсё
ня будзеш так гаварыць, дык заўтра атрымаеш каленкам пад адно месца, і пайшоў вон
досыць проста: ня будзеш так гаварыць, дык заўтра атрымаеш каленкам пад адно месца, і пайшоў вон. Ды яшчэ могуць ня толькі каленкам абмежавацца, а неяк па-іншаму вывесьці. Таму тут, хутчэй, да месца казаць пра прынцып даміно. Раз ты ўжо трапіў у тую ўладную піраміду, складзеную з касьцяшак- чыноўнікаў, то выйсьці зь яе ўжо ня зможаш, іначай уся піраміда рухне. Гэта калі па праўдзе і па шчырасьці. І нешта больш дадаць цяжка — фінансавы складнік тут увогуле адсутнічае, адна палітыка».

Тым часам фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі лічыць працэс курсавога ваганьня аб’ектыўным і карысным для суб’ектаў гаспадараньня. І кажа, што макраэканамічную сытуацыю 2011-га і гэтага году параўноўваць не зусім карэктна:

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі
«У нас даляр дастаткова доўга стаяў у нешырокім калідоры і на ўзроўні 8300-8500 вагаўся дзесьці больш за год. Што ва ўсясьветнай практыцы для валютных рынкаў увогуле нехарактэрна, бо валюта мае тэндэнцыю вагацца ў больш шырокіх дыяпазонах. Магчыма, паўплываў той факт, што ў 2011-м рубель быў перадэвальваваны, заставаўся пэўны патэнцыял, дзякуючы якому так доўга і ўдавалася стаяць на ўзроўні 8300–8500. Апроч таго, у краіне захоўваецца інфляцыя — пакуль яшчэ не такая нізкая, як нам хацелася б. І калі курс стаіць на месцы, а інфляцыя захоўваецца, ідзе ўзмацненьне рэальнага абменнага курсу. То бок пэўныя перавагі для беларускіх экспартэраў ад гэтага страчваюцца, канкурэнтаздольнасьць эканомікі ў цэлым зьніжаецца. Іншымі словамі, за 1,5–2 гады, калі курс стаяў на месцы, набраўся пэўны дэвальвацыйны патэнцыял. Курс, адпаведна, рухаецца».

Паводле прагнозаў спадара Палхоўскага, курс беларускага рубля паступова зьнізіцца да адзнакі 8900–9000 за даляр. Балазе нават у некаторых эканамічных разьліках ураду курс закладзены яшчэ большы — 9500, хоць і ўдакладняецца, што гэта крайні паказьнік.

А вось кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка прадказвае чарговы абвал нацыянальнай валюты. Паводле ягоных словаў, фінансавыя паказьнікі разьлічваюцца на вока, без глыбокага аналізу сытуацыі. А пры такой «самадзейнасьці» спадзявацца на эканамічны цуд не выпадае:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Застаецца проста зьдзіўляцца: чаму няма кваліфікаванага фінансавага аналізу? Чаму чыноўнік, які сядзіць на канкрэтнай пасадзе і павінен праводзіць адпаведны аналіз, нічога ня робіць? Я крычу пра гэта паўсюль: людзі, чаму такая абыякавасьць? Чыноўнікаў гэта тычыцца ў першую чаргу. Я зьвяртаўся да кіраўніка краіны — ніякага адказу не атрымаў. Я гаварыў пра нікчэмную грашова-крэдытную палітыку яшчэ ў лютым 2011 году, за некалькі месяцаў да абвалу; папярэджваў, тлумачыў Кабякову: пры цяперашняй сытуацыі ў красавіку-траўні здарыцца дэвальвацыя. І зноў не атрымаў ніякага адказу. Праблема ў тым, што чыноўнікам усё да лямпачкі. Таму я канструктыўна прапаную чыноўнікам: не калупацца ў носе, а сумесна працаваць на агульную справу».

За год нацыянальная валюта патаньнела больш як на 400 рублёў — з 8300 да 8740 за даляр. Паводле аналітыкаў, тэндэнцыя на паступовае аслабленьне беларускага рубля будзе захоўвацца і надалей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG