Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацапытаньне: расейцы любяць Беларусь і ня любяць ЗША

абноўлена

Расейскі «Левада-цэнтр» правёў апытаньне «Зьнешнепалітычныя ворагі і сябры Расеі».

Апытаньне праведзенае 23-27 траўня 2013 года сярод 1601 чалавек у 130 паселішчах 45 рэгіёнаў Расеі.

Насамрэч стаўленьне расейцаў да ЗША ня надта зьмянілася ў параўнаньні з апошнімі гадамі, ў 2009 годзе яно было нават горшым, чым зараз, летась — прыкладна такім жа, як цяпер. Але за апошні год істотна палепшылася стаўленьне расейцаў да постсавецкіх «ворагаў» — Грузіі і балтыйскіх краін.

На стаўленьне да Грузіі пэўна паўплываў прыход да ўлады апазыцыі прэзыдэнту Саакашвілі і зьмена ў сувязі з гэтым тону расейскіх афіцыйных мэдыяў, з балтыйскімі краінамі летась не было асаблівых канфліктаў. ЗША апынуліся на першым месцы не таму, што стаўленьне да іх надта пагоршылася, а таму што стаўленьне да іншых істотна палепшылася.

Ролю інфармацыйнай палітыкі ў фармаваньні грамадзкай думкі ілюструюць і нізкія паказьнікі варожасьці Польшчы. Пасьля зьмены палітыкі Крамля (праўда, і Варшавы таксама) колькасьць тых расейцаў, якія лічаць Польшчу ворагам, зьнізілася больш чым удвая.

Стаўленьне да той ці іншай замежнай краіны — складаны фэномен, на яго робяць уплыў і афіцыйныя стасункі дзяржаваў, і дзяржаўная інфармацыйная палітыка, і нарэшце культурныя ўстаноўкі насельніцтва.

Пра інфармацыйны ўплыў сьведчаць скачкі ў стаўленьне як да сяброў, гэтак і да ворагаў — зьніжэньне ацэнак расейцамі дружалюбнасьці Беларусі ў 2011-2012 гадах магчыма было своеасаблівым рэхам канфліктаў 2010 году. Зь іншага боку адзначанае паляпшэньне стаўленьня да балтыйскіх краін, Грузіі і Польшчы — таксама ў значнай ступені вынік узьдзеяньня зьмены танальнасьці, у якой гавораць пра гэтыя краіны дзяржаўныя тэлеканалы РФ.

Аднак на стаўленьне ўплывае і культурная блізкасьць. Расейцы ў цэлым вельмі станоўча ацэньваюць беларусаў, часам нават у нечым лепш, чым саміх сябе. Як, дарэчы, і для беларусаў расейцы — самы блізкі этнас ў гуманітарным сэнсе, ў сэнсе гатоўнасьці парадніцца, сябраваць, быць суседзямі і калегамі.

Стаўленьне да дзяржавы ня тоеснае стаўленьню да тытульнага этнасу гэтай дзяржавы. Але добрае стаўленьне расейцаў да беларусаў зьяўляецца прычынай таго, што нават падчас вострых канфліктаў стаўленьне расейцаў да Беларусі ня падала занадта нізка.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG