Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутарэньні былой мануфактуры Каліноўскіх засыпаюць сьмецьцем


На месцы будынка былой ткацкай мануфактуры Каліноўскіх, што ў Якушоўцы Сьвіслацкага раёну, невядомыя зрабілі звалку. Сьмецьце пачалі ссыпаць нядаўна. Мясцовыя людзі сумняюцца, што гэта справа рук вяскоўцаў.

У Якушоўцы я сёньня апынуўся са сьвіслацкім актывістам Уладзімерам Курбатам. Мы стаім над сутарэньнямі былога будынка ткацкай мануфактуры Каліноўскіх. Яны практычна цалкам засыпаныя сьмецьцем. Відаць, што сьмецьце нядаўняе.

Курбат зьвяртае ўвагу на адкіды і кажа, што яны, хутчэй за ўсё, не зь вясковых хатаў.

Курбат: «Бутэлькі ад мінэралкі, мяшкі, бульба, лупіны, коркі ад апэльсінаў. Усё выкінута нядаўна, раней тут гэтага не было. Вось шклянкі, бутэлькі пустыя, пудэлкі ад сьмятаны, пакеты ад малака — усякі хлам бытавы, курткі нейкія валяюцца».

Тут нідзе не пад’ехаць, значыцца, нехта сюды ўсё гэта насіў мяшкамі ці яшчэ неяк. Але ўсё гэта сьвежае
Уладзімер Курбат
Уладзімер Курбат зьдзіўляецца, каму спатрэбілася сюды выкідаць усё гэтае сьмецьце.

Курбат: «Тут нідзе не пад’ехаць, значыцца, нехта сюды ўсё гэта насіў мяшкамі ці яшчэ неяк... Але ўсё гэта сьвежае яшчэ, вунь слоік з тлушчам — усё сьвежае».

Побач з былой сядзібай Каліноўскіх жывуць людзі. Мы кіруемся на падворак, каб даведацца, ці ня бачылі яны, хто гэта зрабіў. Якраз побач з домам двое — спадар Міхал і спадар Фёдар. Яны ўжо бачылі, што там навалена сьмецьця, але хто гэта зрабіў — ніхто ня ведае.

Спадар: «Бачыў я гэта, а хто зрабіў? А каму ня лень, хіба. Кожны тут можа што захоча».

Іншы спадар: «Хаця — тут мала жыхароў засталося на нашым хутары прыпушчанскім».

Спадар Міхал узгадвае, што ў савецкія часы на месцы былой мануфактуры быў калгасны сьвіран. А пазьней зьнік і ён, засталіся толькі скляпы. Ён таксама ўзгадвае, як нанова ўзводзілі фундамэнт, на якім стаяў дом Каліноўскіх.

Семяняка: «Ну вось пачалі рабіць фундамэнт, і так яра ўзяліся, што я абрадаваўся, думаў — выйду на пэнсію і ўладкуюся тут у музэі Каліноўскага вартаўніком. Але потым усё тут кінулі, і да гэтага часу нічога ня робіцца. Ні калгас, ні аддзел культуры — ніхто нічога ня хоча рабіць».

БНФ заўсёды ўвосень пасьля капаньня бульбы прыяжджае. Тут у іх сход адбываецца, яны тут выступаюць. Піянэры яшчэ прыяжджаюць, але яны трохі паходзяць, дый усё
Спадар дадае: мясцовым людзям крыўдна, што ўлады так ставяцца да памяці Каліноўскіх, бо паўсюль у ваколіцы гэтае прозьвішча шануюць. Пытаюся — ці прыяжджаюць сюды турысты? Спадар кажа, што зрэдку нехта наяжджае, але ёсьць і такія, хто бывае штогод.

Спадар: «БНФ заўсёды ўвосень пасьля капаньня бульбы прыяжджае. Тут у іх сход адбываецца, яны тут выступаюць».

Карэспандэнт: «А акрамя БНФ?»

Спадар: «Піянэры яшчэ прыяжджаюць, але яны трохі паходзяць, дый усё».

Іншы спадар: «І спадар Шушкевіч прыяжджаў з гэтым БНФ, і ўсё крычаў: „Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!“ Думаў, можа, што мы яго не пазнаем, але мы пазналі».

Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік кажа, што падобныя рэчы адбываюцца тут не ўпершыню.

Глебік: «Двойчы каля самага крыжа мы знаходзілі чалавечы гной і ўторкнуты ў зямлю чырвона-зялёны матэрыял невялікага памеру. Тры гады таму на самой сядзібе было паўпрычэпа гною з фэрмы. Так што такі выпадак ужо тут ня першы».

Юры Глебік, як і Ўладзімер Курбат, схільны думаць, што сьмецьце тут — не зь вясковых хатаў. Наўрад ці мясцовыя людзі, на яго думку, маглі б гэта зрабіць, ведаючы, што сядзіба належала Каліноўскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG