Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — Уваскрашэньне Хрыстовае


Shutterstock.com
Shutterstock.com

Філарэт: Заклік Хрыста — «Мацуйцеся» — «зьвернуты ня толькі да апосталаў», але і да «нас з вамі, жыхароў сучаснай Беларусі

Уваскрашэньне Хрыстовае сёньня адзначаюць праваслаўныя хрысьціяне ўсяго свету. Сьвяточныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.

У велікодным пасланьні пастве мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі адзначае: прызнаньне Хрыста ўваскрэслым зь мёртвых — гэта «ня ўмоўны звычай, не фармальнасьць, не адцягнутая ісьціна», Вялікдзень «мае непасрэднае дачыненьне да нашага ўласнага жыцьця і да жыцьця вечнага». «Спавядаючы Хрыста ўваскрэслым, мы выказваем сваю веру ў перамогу дабра над злом, жыцьця над сьмерцю, ісьціны над хлусьнёй, сьвятла над цемрай. Спавядаючы Хрыста ўваскрэслым, мы напаўняемся надзеяй, што такая перамога магчымая ў жыцьці кожнага з нас», — адзначае мітрапаліт Філарэт.

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) зьвяртае ўвагу на тое, што людзі часта скардзяцца «на недасканаласьць навакольнага сьвету». «Але зьмена гэтага сьвету да лепшага ня можа адбыцца раней, чым мы самі паспрабуем зрабіць яго лепш, пачаўшы з саміх сябе. І ў Хрысьце мы маем рэальную магчымасьць зьмяніць сваё жыцьцё. Толькі ад нас залежыць, ці захочам мы стаць на барацьбу за сваю душу, за нашыя сем’і, за наш народ — або ж дазволім нашаму жыцьцю паступова ператварацца ў пекла», — перакананы мітрапаліт Філарэт.

Паводле яго перакананьня, заклік Хрыста — «Мацуйцеся» — «зьвернуты ня толькі да апосталаў», але і да «нас з вамі, жыхароў сучаснай Беларусі». «Царква створана Богам для таго, каб усе мы маглі чэрпаць зь яе сілы на шляху да богазапаветнага сьвету», — адзначае кіраўнік БПЦ. «Гісторыя сьвятасьці — гэта крыніца надзеі, апора для руху ў будучыню і ўмова нашага адзінства. Людзі адрозьніваюцца па дараваньнях, сілах і інтарэсах. Але калі ў сэрцах нашых прысутнічае любоў да блізкага і да Айчыны, то нашы адрозьненьні становяцца падобнымі да кветак на лузе. Яны выяўляюць прыгажосьць агульнага, прыгажосьць беларусаў як нацыі», — гаворыцца ў Велікодным пасланьні ўладыкі Філарэта.

Кіраўнік праваслаўнай царквы Беларусі ўзначальвае сьвяточныя набажэнствы ў сталічным Сьвята-Духавым кафедральным саборы. На сёньня БПЦ прадстаўлена прыкладна паўтара тысячамі прыходаў. Сьвятароў рыхтуюць Менская духоўная акадэмія, духоўныя сэмінарыі ў Менску і Віцебску, а таксама духоўныя вучылішчы (Менск, Слонім). У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце дзейнічае Інстытут тэалёгіі. У краіне працуе больш чым 1,1 тыс. праваслаўных храмаў, звыш 100 цэркваў будуецца. Згодна са зьвесткамі апошняга перапісу, праваслаўнымі хрысьціянамі сябе лічаць звыш 80% насельніцтва Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG