Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі ўцякаюць... Медыкі ўцякаюць... Міліцыянты ўцякаць пачалі...


Раней зь Беларусі у пошуках працы за мяжу зьяжджалі пераважна будаўнікі. Аднак апошнім часам гастарбайтарамі становяцца і і прадстаўнікі іншых прафэсій.

Так, усё больш беларускіх міліцыянтаў робяць спробы ўладкавацца ў паліцыю Расейскай Фэдэрацыі. Ня стрымлівае і тое, што дзеля гэтага трэба адмовіцца ад грамадзянства сваёй краіны.

Міліцыянты — сьледам за будаўнікамі, дальнабойшчыкамі, працаўнікамі сфэры абслугоўваньня ды іншымі — усё часьцей скіроўваюць позіркі на суседнюю Расею, дзе якраз праблемы з камплектаваньнем.

Цэнтральныя і рэгіянальныя падразьдзяленьні расейскай паліцыі прапануюць разнастайныя вакансіі — ад патрульна-паставой службы да аховы і канваяваньня падазраваных і абвінавачаных. Заробкі для Расеі ня надта высокія, але па беларускіх мерках прывабныя: 1000 даляраў у эквіваленце на пасадах малодшага кіроўнага складу, 1500 — для сярэдняга зьвяна, каля 2000 — ад маёра паліцыі і вышэй. У дадатак — сацыяльны пакет.



У адпаведных дакумэнтах удакладняецца, што прыём на працу не залежыць ад нацыянальнасьці, полу, сацыяльнага паходжаньня, маёмаснага і службовага становішча. Адзінае, як кажа начальнік аддзелу працы з кадрамі тэрытарыяльных органаў МУС Расеі Ільля Грыгор’еў, беларусы папярэдне мусяць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, атрымаць грамадзянства Расеі — і толькі тады прэтэндаваць на вакантнае месца:

«Могуць працаваць. Пры наяўнасьці расейскага грамадзянства — могуць. То бок адна з галоўных умоваў — кандыдат на службу павінен зьяўляцца грамадзянінам Расейскай Фэдэрацыі, ня мець іншага грамадзянства ці падданства. Пры такой умове гэта цалкам рэальна».

Карэспандэнт: «Такія выпадкі ўвогуле ёсьць, калі замежнікі ўладкоўваюцца ў органы паліцыі? Перадусім цікавяць беларусы...»

«Канкрэтных прыкладаў я вам прывесьці не магу, але думаю, што ёсьць такія выпадкі. Асабліва гэта тычыцца сумежных зь Беларусьсю раёнаў — Смаленская, Бранская вобласьці. Там ёсьць такія выпадкі».



Упраўленьне ўнутраных спраў па Смаленскай вобласьці факты беларускай прысутнасьці ў сваіх шэрагах прызнае, але ня можа штосьці канкрэтызаваць без дазволу Масквы. Там толькі ўдакладнілі, што для службы ў сілавых структурах расейскае грамадзянства сапраўды патрэбнае, на астатнія сфэры гэта не распаўсюджваецца:

«Калі ў Маскве спасылаюцца на нейкія факты, то яны, мабыць сапраўды ёсьць. Я, праўда, асабіста ня ведаю такіх выпадкаў, не сутыкалася. Але перш чым пачну нешта дазнавацца, мне патрэбна ўзгадненьне з Масквой. Бо з фэдэральнымі каналамі і замежнымі СМІ мы кантактуем толькі пасьля ўзгадненьня з Упраўленьнем па ўзаемадзеяньні з інстытутамі грамадзянскай супольнасьці МУС».

Паколькі для грамадзянаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы існуе цэлы шэраг прэфэрэнцыяў, якія дазваляюць атрымаць расейскае грамадзянства за некалькі месяцаў, у беларускіх сілавікоў, якіх не задавальняюць матэрыяльныя ўмовы службы, ёсьць усе шанцы паправіць дабрабыт за кошт Расеі. А цяперашнія прыбыткі беларускіх міліцыянтаў удвая меншыя, чым у расейскіх калегаў.



Аляксей Шпак звольніўся з органаў міліцыі ў рангу старшага лейтэнанта. Паспрабаваў сябе ў якасьці прыватнага дэтэктыва, аднак МУС Беларусі легалізаваць такі від дзейнасьці адмаўляецца. Кажа, што даслаў рэзюмэ ў маскоўскія бюро і ўжо мае некалькі прапаноў, якія цяпер вывучае. Паралельна зьбіраецца афармляць расейскае грамадзянства, каб у выпадку чаго ўладкавацца на працу ў паліцыю:

«Разумееце, хочацца крыху палепшыць сваё жыцьцё — як у матэрыяльным, так і ў творчым пляне. Але якім чынам? У Беларусі разьвярнуцца вельмі складана, таму што, як няцяжка здагадацца, ліцэнзіі на такі від дзейнасьці тут ніхто ня дасьць. Прыватная ініцыятыва ў гэтай сфэры ніколі не ўхвалялася, бо гэта апрыёры лічыцца прыярытэтам дзяржаўных органаў. А вось за мяжой, нават у Расеі, усё гэта ўжо пастаўлена на сур’ёзную аснову. Паколькі ў нас стала зусім туга, даводзіцца прыкладаць намаганьні і шукаць кліентуру не ў Беларусі, а там, дзе людзі гатовыя плаціць і ўлады гэтаму не перашкаджаюць».

Тым часам Расею апанавала іншая катэгорыя спэцыялістаў, якія да апошняга трымаліся за свае месцы ў Беларусі. Як расказаў адзін зь менскіх мэдыкаў, у блізкіх да Беларусі расейскіх гарадах усё часьцей можна трапіць на прыём да беларускага лекара. Перадусім своеасаблівым вахтавым мэтадам працуюць стаматолягі і траўматолягі. Да таго ж, каб добра зарабіць, ня трэба разьвітвацца зь беларускім грамадзянствам:

«Ідзе адток кадраў, асабліва маладых. Перадусім іх не задавальняюць нашы заробкі, да таго ж яны яшчэ не абцяжараныя сямейнымі повязямі. У Расеі заробкі на такіх жа спэцыяльнасьцях прыблізна ў 1,5–2 разы вышэйшыя. А калі браць Маскву ці Санкт-Пецярбург, то там і ўтрая прыбыткі большыя — заробкі могуць даходзіць да 70–80 тысяч рублёў расейскімі, гэта дзесьці 2500 даляраў. Ведаю, што нават дактары з сумежных абласьцей езьдзяць у суседнія расейскія рэгіёны, таму што там нават у невялікіх райцэнтрах заробак істотна вышэйшы. Скажам так, едуць на дзяжурствы, нешта кшталту вахтавага мэтаду».

Пакуль кіраўніцтва Беларусі толькі абяцае давесьці сярэднія заробкі да 500 даляраў, іншыя краіны даюць удвая большую дапамогу па беспрацоўі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG