Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам ХХІ стагодзьдзя беларусаў паменее ў чатыры разы


Ад сярэдзіны 1990-х Беларусь страціла 770 тысяч чалавек, і відавочных падставаў для зьмены гэтай тэндэнцыі няма.

Сярод асноўных прычынаў — «амаладжэньне» цяжкіх хваробаў, старэньне насельніцтва, дачасныя сьмерці ад злоўжываньня алькаголем, тытунём, наркотыкамі, суіцыды, а таксама ад’езд у іншыя краіны.

Суадносіны народжаных і памерлых апошнім часам крыху выраўноўваюцца — цягам студзеня-лютага 2013 году было 19 тысяч супраць 22 тысяч адпаведна. Але гэтага недастаткова, каб пераламаць агульны трэнд.

Да таго ж Беларусь не ўваходзіць у лік краінаў, прывабных для жыцьця, што не спрыяе прытоку замежнікаў.

Колькасьць беларусаў асабліва заўважна зьнізілася цягам апошніх паўтара дзясятка гадоў — на 7,5% у параўнаньні з 1995 годам. Цяпер на тэрыторыі Беларусі жыве менш за 9 мільёнаў 500 тысяч, хоць яшчэ на пачатку 2000-х гэтая лічба перавышала 10 мільёнаў. Падобная карціна характэрная і для некаторых іншых постсавецкіх краінаў, але, як адзначаюць спэцыялісты, не ў такой прапорцыі. Яскравы прыклад: на пачатку 1960-х Беларусь і Ўзбэкістан мелі аднолькавую колькасьць жыхароў — па 8 мільёнаў 200 тысяч у кожнай рэспубліцы. Але на гэты момант узбэкаў — 30 мільёнаў.

Паводле прагнозаў адмыслоўцаў, пры захаваньні адмоўнай лякальнай дэмаграфіі да канца ХХІ стагодзьдзя беларусаў застанецца толькі чвэрць ад таго, колькі было на момант атрыманьня незалежнасьці. Так, згодна з прагнознымі ацэнкамі Фэдэральнага бюро перапісаў ЗША, колькасьць насельніцтва Беларусі ў 2050 годзе скароціцца да 7 мільёнаў 700 тысяч (некаторыя адмыслоўцы пры гэтым называюць лічбу ў 7 мільёнаў). І калі такая тэндэнцыя захаваецца, то да канца стагодзьдзя паказьнік можа зьнізіцца да небясьпечнай рысы ў 2,5 мільёна. Сытуацыю камэнтуе начальнік упраўленьня народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч:

«Мы абапіраемся на прагнозы, распрацаваныя вядучымі дэмографамі Беларусі, але пры гэтым ўлічваем і прагнозы, якія мае датычна нашай краіны фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Дык вось, нават паводле беларускіх прагнозаў, пры захаваньні ўзроўню нараджальнасьці і ўзроўню сьмяротнасьці пэрспэктывы досыць пэсымістычныя. Гэта з улікам таго, што нічога ў гэтым напрамку не рабіць. Таму працаваць трэба ў кірунку як павелічэньня нараджальнасьці, так і скарачэньня сьмяротнасьці; павелічэньня агульнай працягласьці жыцьця. І калі казаць пра доўгатэрміновы эфэкт, то ўсе захады павінны быць пасьлядоўныя, вывераныя, сувымерныя зь фінансавымі магчымасьцямі і нацэленыя на спрыяльны канчатковы вынік».
У 2030 годзе на 1000 працаздольных будзе прыпадаць 840 пэнсіянэраў

Асноўныя ворагі беларусаў — шкодныя звычкі, наступствы чарнобыльскай катастрофы, адсутнасьць зацікаўленасьці, каб нараджаць больш за адно дзіця, масавы ад’езд за межы краіны. Такі незайздросны набор, паводле прагнозаў экспэртаў, прывядзе да таго, што ў 2030 годзе на 1000 працаздольных будзе прыпадаць 840 пэнсіянэраў. Іншым словамі, практычна кожны беларус дапэнсійнага ўзросту будзе мець «на ўтрыманьні» пэнсіянэра.

Рэзка скарачаецца колькасьць людзей рэпрадуктыўнага ўзросту. Прычым ускладняюць праблему мужчыны, якія ў беларускім грамадзтве і без таго ў меншасьці. Менавіта на іх долю прыпадае асноўны «падзёж» у маладым веку ад злоўжываньня алькаголем, тытунём, наркотыкамі.

Так, ад алькагалізму памірае ўтрая больш, чым гіне ў аўтакатастрофах — каля 5 тысяч штогод. Толькі ў Менску на ўліку стаяць блізу 30 тысяч алькаголікаў, па краіне лічба даходзіць да 200 тысяч. Аб’ём ужываньня сьпіртнога ўжо пераваліў за 12 літраў на кожнага беларуса, пры тым, што ўзроўнем дэградацыі грамадзтва лічыцца 8 літраў. Ад хваробаў, наўпрост ці ўскосна зьвязаных з курэньнем, штогод памірае блізу 15 тысяч чалавек. З курэньнем зьвязана да 40% выпадкаў сьмерці ад ішэмічнай хваробы, 30% — ад анкалягічных захворваньняў. Таксама ня трэба забывацца, што Беларусь — сярод усясьветных лідэраў паводле статыстыкі самагубстваў.

Летась на дзяржаўным узроўні была распачатая кампанія барацьбы з так званым «чарнілам». Аднак прадстаўнік аднаго зь беларускіх вінзаводаў Васіль Кавалёў лічыць, што дзяржаве трэба было б пачаць з сацыяльнай сфэры: людзі п’юць ад таго, што ня бачаць сэнсу ў гэтым жыцьці:
У пэрыяд забаронаў рэзка павялічваецца рэалізацыя гарэлкі, якую шкоднай чамусьці ня лічаць

«Сілавыя захады ні да чога не прывядуць, ня зьменяць сытуацыі. Мы з гандлем кантактуем, ведаем: у пэрыяд забаронаў рэзка павялічваецца рэалізацыя гарэлкі, якую шкоднай чамусьці ня лічаць. Плюс да ўсяго, вытворцы таксама ня сьпяць. Ёсьць катэгорыя, якая не падпадае пад віно, але мае такія ж паказьнікі — настойкі, апэрытывы. Масу ўсяго можна прыдумаць, выйсьці на тыя ж паказьнікі (праўда, кошт з-за акцызнага збору будзе іншы). Але па якасьці гэта зусім іншы прадукт — сьпірт і хімічныя дадаткі. Нават тыя, хто ня можа піць гарэлку, бяруць сок і разбаўляюць яго гарэлкай. І атрымліваюць „віно“. Ідуць у ход сурагаты, самагонка. Дый сэрвіс „удасканальваецца“: купляеш бутэльку самагонкі — табе даюць кавалачак хлеба і кільку ў прыдачу. Таму больш трэба працаваць міліцыі, сацыяльным структурам, у якіх кірунках разьвіваць зацікаўленасьць. Бо, па вялікім рахунку, куды падацца людзям? Чым заняцца?»

Свой нэгатыўны ўнёсак у статыстыку робіць і агульны ўзровень здароўя насельніцтва. Непасрэдныя наступствы чарнобыльскай катастрофы — рэзкі рост анкалёгіі, захворваньняў шчытападобнай залозы. На дыспансэрным уліку са злаякаснымі ўтварэньнямі стаяць амаль 250 тысяч беларусаў. Тэндэнцыі, паводле лекараў, маласуцяшальныя: да 2030 году колькасьць дыягнаставаных новых выпадкаў можа дасягнуць 80 тысяч штогод.

11-гадовая дачка менскай журналісткі Ірыны Юрцэвіч ад нараджэньня пакутуе на хваробу шчытападобнай залозы, але атрымаць патрэбнае лекаваньне ня можа. Як кажа маці, вызначаны дзяржавай цэньнік папросту непад’ёмны:
Лекаваньне на самой справе каштуе вельмі і вельмі дорага

«Лекаваньне на самой справе каштуе вельмі і вельмі дорага. Прыкладам, у санаторыі „Беларусь“ у літоўскіх Друскеніках, дзе ёсьць спэцыялізаванае пэдыятрычнае дзіцячае аддзяленьне і ажыцьцяўляецца адпаведнае лекаваньне і рэабілітацыя, — дык вось там, згодна зь дзяржаўнымі расцэнкамі, лячэньне для дзіцяці каштуе 55 эўра на суткі. Уяўляеце, якія гэта для нас грошы? Бо, самі зразумейце, дзіцёнка ж не пашлеш туды на два ці тры дні, нават на тыдзень, бо гэта будзе бяз сэнсу. Трэба, каб ён прынамсі месяц пабыў пад кантролем спэцыялістаў. А лепш увогуле месяца паўтара. На жаль, мы сабе такога дазволіць ня можам».

Не спрыяе павелічэньню колькасьці насельніцтва і адток маладых, таленавітых, працаздольных беларусаў за мяжу. Адны едуць вучыцца і, як правіла, назад не вяртаюцца. Іншыя ў якасьці гастарбайтэраў зьяжджаюць на сэзонныя працы і часта пускаюць карані ў той жа Расеі. Паводле некаторых дадзеных, адток незарэгістраваных мігрантаў зь Беларусі ацэньваецца прыблізна ў 150 тысяч чалавек штогод. Як мінімум 10% ад гэтай колькасьці назад не вяртаецца. Апрача таго, зьяжджаюць студэнты, прадпрымальнікі, апазыцыянэры, проста актыўная частка грамадзтва, якая ня хоча жыць ва ўмовах дыктатуры.

А іхнія месцы ў Беларусі застаюцца вакантнымі. Праўда, у сілавых ведамствах кажуць пра некалькі тысяч замежнікаў, якія кожны год асядаюць у Беларусі. Аднак гэта перадусім пэнсіянэры, якія вяртаюцца на гістарычную радзіму з Расеі, Украіны, Казахстану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG