Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраіль — бяз візаў. Магчыма, ужо сёлета

абноўлена

Ёсіф Шагал
Ёсіф Шагал

Пасол Ізраілю Ёсіф Шагал спадзяецца, што адпаведныя дакумэнты будуць падпісаныя падчас магчымага афіцыйнага візыту ў Беларусь прэзыдэнта Шымона Пэрэса.

Ізраіль і Беларусь могуць перайсьці на бязьвізавы рэжым ужо сёлета. Пра гэта заявіў сёньня, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, амбасадар Ізраілю Ёсіф Шагал. Ён спадзяецца, што адпаведныя дакумэнты будуць падпісаныя падчас магчымага афіцыйнага візыту ў Беларусь прэзыдэнта Шымона Пэрэса.

Амбасадар Ізраілю зьвязвае адмену візавага рэжыму з магчымым афіцыйным візытам у Беларусь цяперашняга прэзыдэнта сваёй краіны Шымона Пэрэса, які нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі. Перамовы пра гэта ідуць:

«Я магу нават сказаць болей. З ізраільскага боку ўсе прапановы ўжо зробленыя, і цяпер мяч на беларускім баку. Мы пэрыядычна сустракаемся, кансультуемся. Такія рэчы, як адмена візавага рэжыму, добрыя пры адпаведным роўні сустрэч. Мы вельмі спадзяемся, што прэзыдэнт Ізраілю, які народжаны ў Вішневе, ваш зямляк і наш прэзыдэнт, усё ж прыедзе з афіцыйным візытам у Рэспубліку Беларусь у год свайго 90-годзьдзя.

Шымон Пэрэс
Шымон Пэрэс
Я не магу сёньня з упэўненасьцю сказаць, прыедзе наш прэзыдэнт у Беларусь у год свайго 90-годзьдзя альбо гэтага ня здарыцца. Пакуль гэтае пытаньне ліхаманкава вырашаецца. Калі ён прыедзе, можна з высокай ступеньню верагоднасьці казаць, што сустрэча прэзыдэнтаў Пэрэса і Лукашэнкі, вядома, можа прывесьці да падпісаньня вельмі сур’ёзных дакумэнтаў. Але нават калі наш прэзыдэнт не прыедзе, гэта ня зьменіць актуальнасьці пытаньня. І я не выключаю, што адмена візавага рэжыму можа адбыцца сёлета, калі прэзыдэнт прыедзе, Калі гэтага ня здарыцца, можа, гэта будзе крыху пазьней».

Беларусь рэдка наведваюць кіраўнікі іншых дзяржаваў. Таму для ўладаў важныя візыты на вышэйшым узроўні, адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў. Аднак тут беларускія ўлады, падобна, ня ўлічваюць некаторых фактараў:
Вядома, для афіцыйнага Менску такі візыт быў бы нядрэнны. Гэта было б лішнім пацьверджаньнем таго, што мы не ў ізаляцыі, што да нас езьдзяць

«Па-першае, Ізраіль усё ж — не краіна Эўразьвязу. Яна і дагэтуль не далучалася да санкцыяў, паводзіла сябе вельмі асьцярожна адносна беларускай унутранай палітыкі. Па-другое, прэзыдэнт Ізраілю — усё ж асоба больш прадстаўнічая. Вядома, для афіцыйнага Менску такі візыт быў бы нядрэнны. Гэта было б лішнім пацьверджаньнем таго, што мы не ў ізаляцыі, што да нас езьдзяць. Але я не казаў бы, што мы на першым пляне ў Ізраілю стаім».

Амбасадар Шагал сказаў, што за апошнія два гады колькасьць беларусаў, якія наведваюць Ізраіль, павялічылася на 25%. Магчыма, гэта зьвязана з коштам візаў. Сёньня беларусы плацяць за ізраільскую візу 24 даляры. А вось грамадзянін Ізраілю, які пажадае наведаць Беларусь, мусіць заплаціць у шэсьць разоў болей.

Андрэй Фёдараў лічыць, што менавіта з гэтай прычыны Беларусь не сьпяшаецца адмяняць візавы рэжым:

«Тут даволі ўсё ясна. Беларускі бок такім чынам зарабляе грошы. Можа, параўнальна і не такія вялікія цэны. Але тым ня менш. Тая ж дыспрапорцыя захоўваецца з ЗША і шэрагам іншых краінаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG